• Беларуская мова й культура ў Польшчы – 10
  • 11.10.2006



Беларускія эміграцыйныя газэты вялікую ўвагу зьвярталі на паяўленьне ў суседніх краінах Беларусі, у тым ліку і ў Польшчы, літаратуры й прэсы на беларускай мове.

Нью-ёрская газэта „Беларус” паведамляе пра беларускае самавыдавецтва ў Польшчы (Беларускае самавыдавецтва ў Польшчы, у: „Беларус”, № 292, Нью-Ёрк, жнівень – верасень 1981, с. 1). Першы сшытак Беларускіх Дакумэнтаў выйшаў у 1981 годзе й зьмяшчаў 8 дакумэнтаў:
- мэмарандум Беларускага грамадзка-культурнага таварыства ў Польшчы першаму сакратару Польскай аб’яднанай рабочай партыі Станіславу Кані,
- ліст старшыні Згуртаваньня беларусаў Вялікабрытаніі Янкі Міхалюка пра мэмарандум БГКТ,
- ліст Міністэрства замежных справаў Вялікабрытаніі ў адказ Я. Міхалюку на перасланы ім мэмарандум БГКТ,
- адозву групы сяброў БГКТ да бацькоў беларусаў з патрабаваньнем выкладаньня ў школах Беласточчыны беларускае мовы,
- адозву да студэнтаў беларускай нацыянальнасці ў Польшчы,
- тры ўстаўныя граматы Рады Беларускае Народнае Рэспублікі з 1917-1918 гадоў, якімі абвяшчалася стварэньне незалежнае беларускае дзяржавы,
- стэнаграму прамовы беларускага пісьменьніка Басіля Быкава на Зьезьдзе пісьменьнікаў Беларусі ў траўні 1966 году,
- рэзюмэ дакладу брытанскае дасьледніцы славянскіх літаратур Шырын Акінэр на Міжнародным кангрэсе ў Заходняй Нямеччыне ў 1980 годзе на тэму Беларуская літаратура ў сучаснай Польшчы, 1956-1980 гады.

Ва ўступе да першага сшытка Беларускіх Дакумэнтаў рэдактары запрэтаставалі супраць ліквідаваньня навучаньня беларускае мовы ў школах Беласточчыны й абмяжоўваньня культурнага жыцьця беларусаў у Польшчы ды выказалі поўнае права беларусаў жыць у згодзе з нацыянальным пачуцьцём, навучаць дзяцей роднай мове й выхоўваць згодна з культурнай і нацыянальнай традыцыяй.

Не застаўся па-за ўвагай „Беларуса” й Архіўны сшытак („Архіўны сшытак”, у: „Беларус”, № 347, Нью-Ёрк, травень 1988, с. 3) – дакумэнтацыя беларускага жыцьця ў Беластоцкім краі за пэрыяд ад верасьня 1983 году па кастрычнік 1987 году. Зьмешчана ў ім 50 матэрыялаў на беларускай і польскай мовах: лісты, пратаколы, даклады, выпіскі з польскага друку, занатоўкі, нават вершы. „Беларус” падкрэсьлівае, што для дасьледнікаў беларускае праблематыкі – гэта каштоўная першакрыніца, за якую выдаўцом належыцца шчырая падзяка.

„Беларус” паведамляе таксама, што ў 1994 годзе Беларускае гістарычнае таварыства ў Беластоку пачало выдаваць Беларускія гістарычныя сшыткі (Białoruskie zeszyty historyczne), у якіх у асноўным закранаюцца пытаньні беларуска-польскіх дачыненьняў.

„Выдаўцы і супрацоўнікі «Беларускіх гістарычных сшыткоў» заслугоўваюць сваёй карпатлівай працай на ўдзячнасьць і падтрымку ў іхнай дзейнасьці”. (Białoruskie zeszyty historyczne № 1 (3), 1995, у: „Беларус”, № 430, Нью-Ёрк, сьнежань 1995, с. 5)

У ацэнцы „Беларуса”, варты падтрымкі таксама беларуска-польскі дыялёг, які вёўся на старонках часопіса „Дыскусія” (Дыскусія” – беларуска-польскі часапіс, у: „Беларус”, № 407, Нью-Ёрк, лістапад 1993, с. 5), галоўным рэдактарам якога быў Яраслаў Іванюк.

У артыкуле Беларускае непадцэнзурнае слова ў ПНР (Сьцяпан Балазе, Беларускае непадцэнзурнае слова ў ПНР, у: „Беларус”, № 360, Нью-Ёрк, ліпень 1989, с. 5) адзначаецца, што на працягу ўсіх паваенных гадоў існаваньне беларускай культуры ў ПНР было ў цеснай залежнасьці ад добрай ці злой волі уладаў. Беларускім аўтарам прыходзілася пераадолець шмат цяжкасьцяў, каб выдаць сваю кніжку ў беларускай мове. Нашмат хутчэй за беларускія арыгіналы можна было пабачыць польскія пераклады.

На пачатку 1980-х гадоў, калі польскія ўлады дазволілі на дэмакратыю, пачало будзіцца беларускае незалежнае жыцьцё, у тым ліку й незалежныя выдавецтвы, асноўнай мэтай якіх было: адлюстраваньне сапраўднай сытуацыі беларускай меншасьці ў Польшчы ды забесьпячэньне беларускага чытача сваёй мастацкай і гістарычнай літаратурай. Ужо пры канцы 1981 году заснавалася ў Беластоку Беларускае незалежнае выдавецтва. Выдала яно: чатыры сшыткі Беларускіх дакумэнтаў, у якіх было зьмешчана шмат архіўных матэрыялаў пра непублікаванае афіцыйна беларускае жыцьцё, брашурку беластоцкага ананімнага аўтара Думкі пра аўтаномію, ананімны вершаваны твор з БССР Сказ пра Лысую Гару й перавыдала Дэклярацыю правоў чалавека. Нягледзячы на завастрэньне польскіх законаў у сувязі з ваенным станам, выдавецтва вяло сваю працу да 1983 году. БНВ узнавілася на пачатку 1988 году, выдаючы тры кнігі: Ліст да сябры, Дзевяць вершаў Ларысы Геніюш ды Архіўны сшытак з дакумэнтамі за пэрыяд 1983-1987 гадоў.
Сьцяпан Балазе паведамляе, што ў другой палове 1988 і ў першай 1989 гадоў узьніклі тры новыя выдавецтвы: літаратурнае „Бераг”, гістарычнае „імя Ўсевалада Ігнатоўскага” і публіцыстычнае „Кантакт”. Таксама ўвосень 1988 году была перавыдадзеная праца Аўгена Калубовіча Айцы БССР і іхны лёс. С. Балазе падкрэсьлівае:

„Назіраючы разьвіцьцё беларускага незалежнага слова пад Польшчай, трэба глядзець на будучыню аптымістычна: беларускі непадцэнзурны друк – гэта найбольшая зарука жыцьцяздольнасьці беларускай мяншыні ў цяперашняй Польшчы”. (Тамсама ).

Ніна Баршчэўская