• Разьвіцьцё беларускай культуры ў Літве
  • 19.10.2006
Беларускія эміграцыйныя газэты вялікую ўвагу зьвярталі на разьвіцьцё беларускай культуры ў Літве.

У Літве, у Коўне выходзіў часопіс „Крывіч”, які шмат месца прысьвячаў пытаньням беларускае мовы (Глядзі: Ніна Баршчэўская, Нацыянальная мова ў дасьледаваньнях беларускага эміграцыйнага асяродка ў Каўнасе, у: Język i kultura białoruska w kontakcie z sąsiadami, Warszawa 2001, с. 35-46).

Часопіс „Крывіч” паведамляў, што ў 1923 годзе пачалі выдавацца вучнёўскія часопісы. У Люцынскай беларускай гімназіі рыхтавалася „Ластаўка”. Выдавалася яна з дазволу Міністэрства прасьветы й за адпаведнасьцю кіраўніка гімназіі Канстантына Езавітава.

„Крывіч” паведамляў таксама пра падрыхтаваны да друку Матэматычны слоўнік, які ўлажылі супольна інжынер Кляўдыюш Дуж-Душэўскі й Вацлаў Ластоўскі, карыстаючыся матэрыяламі й працамі літоўскіх вучоных, што займаліся распрацоўкай тэрміналёгіі для літоўскіх школ (Матэматычны слоўнік, у: „Крывіч”, № 4, Каўнас 1923, с. 62).

К. Дуж-Душэўскі й В. Ластоўскі апрацавалі таксама расейска-беларускі й беларуска расейскі Слоўнік геомэтрычных і трыгономэтрычных тэрмінаў, аб’ёмам прыблізна на 120 старонак, выданы Міністэрствам Беларускіх Справаў у Літве (тамсама, с. 56).

На старонках „Крывіча” Власт (псэўданім Вацлава Ластоўскага) зьмяшчаў Матэрыялы да беларускага слоўніка (тамсама, с. 30-31), у якіх прыводзіцца этымалёгія некаторых беларускіх словаў. Трэба адзначыць, што гісторыя розных словаў паказваецца ў ім вельмі цікава, часта нават са спасылкамі на міталёгію, напрыклад, мара.

Галоўнай эмблемай нячыстай сілы у славянаў была Marana, Morena, Marva ад санскрыцкага mri ‘паміраю, сьмерць’; лацінскае mors ‘багіня сьмерці, зімы й ночы’, аднаго кораня са словамі: мор, паморак ‘пошастная хвароба’, морак ‘цемень’, мары ‘насілкі для нябошчыкаў’, мара ‘нячыстая сіла, сонны кашмар, прывід’, марыць ‘мучыць’, мерат ‘чорт’, зьмерк, меркаць, зьмеркаць ‘цемень, цямнець’, мрэц, мярцьвец, мярляк ‘нябожчык’, мярэкаць ‘мала знаць, біцца ў цемнаце, з трудам распазнаваць, разумець’, марокаваць ‘хмарыцца, дуцца’, амарока ‘зацямненьне’, марочыць ‘дурыць’, мярцьвець ‘заміраць’, сморад, сьмярдзець ‘мець благі пах’, хмара ‘туча’, хомар, хомарна (на Палесьсі) ‘туман, імгла, мароз’(тамсама ).

Назовы, зьвязаныя з хатай ды хатнім і гаспадарскім рыштункам, сьпісаныя ад жаўнераў былога беларускага батальёну ў Літве, апрацаваў М. Чарнецкі (Хата, хатні і гаспадарскі рыштунак, у: „Крывіч”, № 8 , Каўнас 1924, с. 65-74). У аснову іх паложаны назовы вёскі Русакі Ражанскае воласьці, Лідзкага павету; Гарадзенскага павету й сумежных зь ім воласьцяў. Дапаўненьні зь іншых частак беларускае тэрыторыі кожны раз адмечаныя асобна.

Даніла Чарняўскі прыводзіць вынікі сваіх дасьледаваньняў на тэму гэтак званай „бабскай меры” (Так званая „Бабская мера”, у: „Крывіч”, № 12 , Каўнас 1927, с. 106). Мера палец раўняецца таўшчыні спаказчага пальца; корх – шырыня трох пальцаў распрастанай далоні; пяда – распрастаныя пальцы рукі, ад верху вялікага пальца пянтуха да канца сярэдняга пальца даўгача; локаць – рука ад лакцявой косткі жбіцы да верху сьціснутай у кулак далоні = 36 сантымэтраў; наручка або стан лічыцца ад канца вялікага пальца пянтуха да сярэдзіны грудзей = 108 сантымэтраў; сяжан заключае ў сабе шэсьць локцяў і выражае меру разьнятых раўналегла з плячыма рук = 216 сантымэтраў; сьцяна раўняецца тром сяжням = 648 сантымэтраў; пастаў гэта 54 локці = 1744 сантымэтраў.

Вацлаў Ластоўскі апублікаваў на старонках „Крывіча” Матэрыялы да беларускага зельніка (у: „Крывіч”, № 4, Каўнас 1923, с. 40-44). Гэты слоўнічак сабраны ў гадох 1911-1914, часткова ў Лепельшчыне й Дзісеншчыне, а часткова ў Пружанскім павеце. Лексычнае багацьце павялічана, дзякуючы выкарыстаньню працаў Міхала Фэдэроўскага Lud Białoruski na Rusi Litewskiej ды Івана Насовіча Словарь белорусскаго наречія. З працы М. Фэдэроўскага В. Ластоўскі прывёў некалькі дзесяткаў беларускіх найменьняў расьлін, сабраных у Барысаўшчыне каля 1820 году, а з працы Насовіча – беларускія найменьні расьлін, запісаныя на Гарадзеншчыне ў 90-х гадох ХІХ стагодзьдзя. Зельнік уложаны паводле лацінскае тэрміналёгіі й ахоплівае 276 назоваў расьлін.

Арніталягічная тэрміналёгія была зьмешчаная ў працы пад загалоўкам Номэнклятура беларускіх птушак (у: „Крывіч”, № 7, Каўнас 1924, с. 48-59), апрацаванай камісіяй, у склад якой увайшлі: Тадэвуш Іваноўскі, Вацлаў Ластоўскі й Кляўдыюш Дуж-Душэўскі. Прыводзіцца ў ёй каля 200 назоваў птушак, якія найчасьцей трапляюцца ў Беларусі.

Аўтары адзначаюць, што шмат беларускіх назоваў уведзена ў польскую й расейскую намэнклятуру птахаў. Гэта не павінна нікога зьдзіўляць, таму што лясістая й балоцістая Беларусь была асяродкам птушынага царства на захадзе былой Расейскай Імпэрыі. Апрача таго, першыя крокі ў апрацаваньні польскай намэнклятуры птахаў былі зробленыя й надрукаваныя ў пачатку XІX стагодзьдзя людзьмі, якія паходзілі зь Беларусі, напрыклад, Б. Юндзілам, Н. Кумэльскім, К. Тызэнгаўзам ды іншымі. Яны ўвялі да польскай птушынай тэрміналёгіі такія назовы, як: świstun, puhacz, zimorodek, kraska, kozodoj, szczebiotka, drozd, podkamionka, strzyżyk, pliszka ды іншыя (тамсама, с. 48).

Усе назовы птушак, якія падаюцца па-беларуску й па-лацінску, падзеленыя на 13 груп: хіжацкія птахіRaptatores, вераб’іныяPasseres, стрыжавыяMacrochires (Cypselomorphae), зязюлістыяCoccygomorphae, дзятлавыяPici (Scansores), галубіныяColumbinae, курыныяGallinacei s Rasores, даўганогіяGrallatores s Gralla, бацяновыяCiconiae (Herodiones), лапаногіяLamellirostres, даўгакрылыяLongipennes і нырчакіUrinatores (Impennes) (тамсама, с. 49-57).

Кожную групу складае некалькі сем’яў. Найбольш шматлікая група вераб’іных птахаў: Належаць да яе сем’і: варонавыхCorwidae, шпакоўSturnidae, сініцParidae, каралькоўRegulidae, перасьмешнікаўLaniidae, вішневакOriolidae, мухаловакMuscicapidae, амялушакAmpelidae, плісакMotacillidae, стрынатакSylvidae, шылахвосьцікаўAccentoridae, крапіўнікаўTroglodytidae, драздоўTurdidae, падкамёнакSaxicolinae, папаўзьнёўSittidae, лазункоўCerthiidae, ластавакHirundinidae, жаўрукоўAlaudidae, падарожнікаўEmberizidae ды юркоўFringillidae (тамсама, с. 50-53).

Ніна Баршчэўская