• Беларускія гімназіі ў Нямеччыне
  • 25.10.2006


Беларускія эміграцыйныя газэты шмат увагі удзяляюць ролі культуры ў выхаваньні маладога беларускага пакаленьня на чужыне. Паведамляюць пра разьвіцьцё беларускага школьніцтва ў замежжы, пра кніжныя выданьні, апісваюць працу навуковых цэнтраў, а таксама беларускамоўнае вяшчаньне ў розных краінах сьвету.
Сёньня гутарка пойдзе пра беларускія гімназіі ў Нямеччыне.


Ужо ў 1945-1950 гадох у Заходняй Нямеччыне існавала Беларуская гімназія імя Янкі Купалы. Гісторыю гэтай гімназіі прадставіў Янка Максімюк у 1994 годзе (Беларуская Гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне, 1945-1950, Нью-Ёрк – Беласток 1994, 196 с.), а годам пазьней на старонках нью-ёрскай газэты „Беларус” паявілася рэцэнзія Янкі Жамойціна (Аповяд пра беларускую школу, у: „Беларус”, № 429, Нью-Ёрк, кастрычнік 1979, с. 7).

„«Без нацыянальнай школы няма нацыянальнай сьвядомасьці. Беларусы, як ніводная іншая нацыя ў Эўропе, спазналі гэтую праўду асабліва балюча. Сёньня, пры наяўнасьці вонкавых прыкметаў самастойнага нацыянальнага жыцьця, беларусы ўсё яшчэ хістаюцца над прорвай у нацыянальную пагібель» – гэтак пачынаецца Максімюкова кніжка. Калі прыняць вышэй сказанае за аўтарскі тэзіс, пад які кніжка пісалася, дык адразу трэба заўважыць, што будзе мэтазгодна разважыць гэты тэзіс сама менш у двух аспэктах. Першы – гэта значэньне школы ў дадзеным канкрэтным выпадку, яе ўплыў на сьвядомасьць маладых беларусаў, якія пасьля вайны падаліся ў эміграцыю. Другі аспэкт датычыць гістарычнага дасьведчаньня з адукацыйнай сыстэмай нацыі ў цэлым” (Тамсама).

Першыя два разьдзелы ў кніжцы Я. Максімюка асьвятляюць агульныя падзеі ў гісторыі беларускай паваеннай эміграцыі. Аўтар дае агульную характарыстыку беларускіх перамяшчэнцаў, адзначае заслугі міжнародных арганізацыяў УНРРА (United Nations Relief and Rehabilitation Administration) ды ІРО (International Refugee Organization), прыводзіць таксама пералік каля двух дзесяткаў беларускіх лягераў ДП (displaced persons).

Акрамя Гімназіі імя Янкі Купалы беларусы заснавалі яшчэ Гімназію імя Максіма Багдановіча (лягер Ватэнштат, ангельская зона) ды чатрохклясовыя (няпоўныя) гімназіі ў Остэргофэне й Гібэльштаце (амэрыканская зона), ня лічачы сеткі беларускіх дзіцячых садкоў і пачатковых школаў.
Трэці разьдзел кнігі пераносіць нас у Рэгенсбург ва Ўсходняй Баварыі – цэнтар гуртаваньня беларускіх выхадцаў у амэрыканскай акупацыйнай зоне Нямеччыны ў 1945 годзе, дзе ўтварыўся Беларускі нацыянальны камітэт, які заснаваў беларускі лягер перамешчаных асобаў ды гімназію, якая два гады пазьней атрымала імя Янкі Купалы. Улетку 1948 году гімназія раскалолася на дзьве школьныя ўстановы, што было вынікам падвойнага канфлікту: падзелу беларусаў у эміграцыі на прыхільнікаў старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Міколы Абрамчыка й старшыні Беларускай Цэнтральнай Рады Радаслава Астроўскага, а таксама закалоту вакол канфэсійнага пытаньня й праблемаў утварэньня Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы на эміграцыі.

„Празь лягеры ДП у Міхельсдорфе, Віндышбэргердорфе й Розэнгайме разам з аўтарам і гімназіяй вандруем ажно да чэрвеня 1950 г., калі школа была разьвязаная ў сувязі з выездам вучняў і настаўнікаў зь Нямеччыны. Фармальны вынік гімназіі – 44 абітурыенты з атэстатамі сталасьці...” (Тамсама)

Вучні гэтай школы, якія пасьпяхова здабывалі вышэйшую адукацыю, сталіся выказьнікамі беларускай незалежніцкай ідэі на эміграцыі й папулярызатарамі імя Беларусі ў сьвеце.

„Прадстаўлены ў працы Я. Максімюка фактаграфічны матэрыял дае яму поўнае права назваць Гімназію ймя Янкі Купалы «кузьняй беларускага духу і ідэалам беларускай школы»” (Тамсама).

Потым, калі беларусы зь лягераў перасяленьня ў Нямеччыне разьехаліся па шырокім сьвеце, таксама стараліся працягваць навучаньне ў роднай мове.

Ніна Баршчэўская