• Беларускія школы ў Амэрыцы й Аўстраліі
  • 02.11.2006

Беларускія эміграцыйныя газэты шмат увагі ўдзяляюць ролі культуры ў выхаваньні маладога беларускага пакаленьня на чужыне. Паведамляюць пра разьвіцьцё беларускага школьніцтва ў замежжы, пра кніжныя выданьні, апісваюць працу навуковых цэнтраў, а таксама беларускамоўнае вяшчаньне ў розных краінах сьвету.

Сёньня гутарка пойдзе пра беларускія пачатковыя школы ў Амэрыцы й Аўстраліі.


У Злучаных Штатах Амэрыкі: Нью-Ёрку, Нью-Брансуіку, Саўт-Рывэры й Кліўлэндзе існавалі нядзельныя альбо суботнія беларускія школы, але цэлая праблема палягала ў тым, што наведвала іх няшмат дзяцей і моладзі. І таму неабходнай сталася ўсьведамляльная праца беларускіх дзеячаў з бацькамі вучняў.

Нью-ёрская газэта „Беларус” заклікае вучыць дзяцей беларускай мовы. Я. Чарнэцкі зьвяртае ўвагу на выказваньні некаторых беларусаў, якія ўважаюць, што ў эміграцыі родную мову павінны вывучаць дзеці ў крыху старэйшым веку, а раней трэба асаблівую ўвагу аддаваць дзяржаўнай мове. Ёсьць і такія бацькі, якія навучаньне беларускай мовы ўважаюць непатрэбным балястам для дзіцяці (Я. Чарнэцкі, Навучайма дзяцей пабеларуску, у: „Беларус”, № 91, Нью-Ёрк, кастрычнік 1964, с. 2). Я. Чарнэцкі піша, што такія разважаньні ня толькі памылковыя, але й шкодныя як для беларускасьці, гэтак і для дзяцей асабіста. Дзеці, каб паразумецца з бацькамі, павінны ведаць беларускую мову, а каб паразумецца зь мясцовым жыхарствам – ведаць мову гэтага жыхарства, значыць павінны адразу вывучаць дзьве мовы.

Вучыць дзяцей беларускай мове трэба ўжо ад пялёнак, таму што ў дашкольным веку дзеці значна хутчэй засвойваюць гукавыя асаблівасьці мовы, чым старэйшыя. Апрача гэтага, усё засвоенае ў наймаладзейшым узросьце куды лепш памятаецца, чым вывучанае ў старэйшым веку. У мяшаных сужонствах, дзе родная мова бацькі іншая ад роднай мовы маці, яны павінны гутарыць зь дзяцьмі кожны ў сваёй роднай мове, і дзеці вельмі хутка навучацца аднае й другое мовы. Важна толькі, каб у такіх выпадках бацькі не ўважалі, што іншая мова важнейшая, чым беларуская.

Веданьне роднае мовы дапаможа беларусам у эміграцыі захаваць сваю нацыянальную тоеснасьць – падкрэсьлівае Я. Чарнэцкі.

Беларускія дзеячы шмат сілаў укладалі ў пераконваньне бацькоў, каб пасылалі сваіх дзяцей у беларускія школы, нягледзячы на тое, што часам трэба было шмат часу траціць на даезд (Настаўніца, Беларуская школа ў Нью Ёрку, у: „Беларус”, № 82, Нью-Ёрк, студзень 1964, с. 6). Дзеля прыкладу, у Беларускай нядзельнай школе ў Нью-Ёрку 20 чэрвеня 1971 году, у дзень заканчэньня навучальнага году а. Карп ды кіраўнік школы М. Тулейка ў сваім слове да вучняў гаварылі пра важнасьць веды беларускае мовы, бацькоўскіх звычаяў і рэлігіі (Я. З. - крыптонім Янкі Запрудніка, Школьная ўрачыстасьць у Нью Ёрку, у: „Беларус”, № 171, Нью-Ёрк, ліпень 1971, с. 2).

Вітаўт Кіпель паведамляе на старонках „Беларуса” пра залічэньне беларускае мовы ў школах Нью-Джэрзі (Залічэньне беларускае мовы ў школах, у: „Беларус”, № 290-291, Нью-Ёрк, чэрвень – ліпень 1981, с. 4). Беларуская мова, як і іншыя мовы, якія выкладаліся ў дапаўняльных (суботніх і нядзельных) школах у штаце Нью-Джэрзі, пачынаючы ад 1981 году, магла быць залічаная пры атрыманьні дыплёму сярэдняе школы. Гэта сталася магчыма пасьля трохгадовых захадаў адукацыйнага камітэту Этнічнае рады штату перад праграмна-мэтадалягічнай сэкцыяй Дэпартамэнту сярэдняе асьветы штату. Каб дапаўняльная праграма (а ў тым ліку й беларуская мова) была залічаная, бацькам трэба было на пачатку школьнага году, альбо на пачатку сэмэстру, узгодніць гэтае пытаньне з кіраўніцтвам школы. Узгадненьне формы й зьместу моўнага экзамену адбывалася ў паразуменьні зь мясцовай радай асьветы, якая магла зьвярнуцца па дапамогу да адпаведнае навуковае нацыянальнае (этнічнае) установы альбо да мясцовага ўнівэрсытэту.

Беларуская суботняя школа існавала таксама ў Канадзе, у Таронта. Вялі яе Валянтына Пашкевіч ды Эва Пашкевіч (Калядная ёлка ў Таронце, у: „Беларус”, № 179, Нью-Ёрк, сакавік 1972, с. 5).

Вывучэньне беларускае мовы адбывалася і ў Аўстраліі, у Мэльбурне. Заняткі пачаткова праходзілі ў доме спадарства Грушаў, а з 1972 году – у Беларускім доме. Школка, кіраўніком якой быў М. Нікан, выконвала істотную ролю ў навучаньні беларускае мовы й беларусаведных прадметаў, дзякуючы чаму бацькі ня трацілі кантакту зь дзяцьмі й маглі затрымаць іх пры беларускасьці (М. Н., Школьная ялінка ў Мэльбурне, у: „Беларус”, № 178, Нью-Ёрк, люты 1972, с. 4).

Ніна Баршчэўская