• Лектараты беларусаведы ў замежжы
  • 08.11.2006
Беларускія эміграцыйныя газэты шмат увагі ўдзяляюць ролі культуры ў выхаваньні маладога беларускага пакаленьня на чужыне. Паведамляюць пра разьвіцьцё беларускага школьніцтва ў замежжы, пра кніжныя выданьні, апісваюць працу навуковых цэнтраў, а таксама беларускамоўнае вяшчаньне ў розных краінах сьвету.
Сёньня гутарка пойдзе пра лектараты беларусаведы ў розных краінах замежжа .


Першы лектарат быў наладжаны ў Таронта на факультэце славяназнаўства. Урачыстае адкрыцьцё лектарату адбылося 15 кастрычніка 1951 году.

„Прафэсар Шор, вітаючы слухачоў, зазначыў, што ўнівэрсытэт у Торонто зьяўляецца першай навуковай канадыйскай інстытуцыяй, якая дае магчымасьць беларусам, пад ейным дахам пашыраць веду аб беларускай мове, гісторыі, літаратуры й культуры. Загадчык славянскага аддзелу пажадаў беларусам найбольшых посьпехаў у далейшым пашыраньні й разбудаваньні лектарату й з боку унівэрсытэту абяцаў усялякае магчымае падтрыманьне.” (Лектарат беларусаведы ў Торонто, у: „Бацькаўшчына”, № 74, Мюнхэн, 4 лістапада 1951, с. 7.)

Лектарат беларусаведы пры ўнівэрсытэце ў Таронта зьяўляўся вялікім здабыткам як для папулярызацыі беларускага імя ў навуковых колах Канады, гэтак і для справы асьветы ды ўзгадаваньня беларускіх кадраў. Асаблівыя заслугі ў адкрыцьці першага лектарату беларусаведы ў эміграцыі належалі Вінцэнту Жук-Грышкевічу – першаму лектару беларусаведы ў Канадзе. У сувязі з высокім узроўнем слухачоў, у праграме асноўная ўвага зьвярталася на найбольш складаныя й найменш асьветленыя пытаньні зь беларускае мовы, гісторыі, літаратуры й культуры.

Мюнхэнская газэта „Бацькаўшчына” зьмясьціла рэпартаж з Бэльгіі пра маладыя беларускія кадры будучага студэнцтва (А. С. - крыптонім Апалінарыі Савёнак, Растуць рады нашай інтэлігенцыі, у: „Бацькаўшчына”, № 92, Мюнхэн, 30 сакавіка 1952, с. 3). Аўтарка публікацыі заўважае, што адказныя грамадзкія дзеячы, як і Ўправа беларускіх студэнцкіх арганізацыяў, клапаціліся пра тое, каб пабольшыць шэрагі беларускіх студэнтаў на чужыне.

„У шуканьні разьвязкі Цэнтраля Беларускіх Акадэміцкіх Арганізацыяў пайшла на дарогу доўгую, але найбольш пэўную: згуртаваньня беларускае моладзі ў інтэрнат і даньня ёй магчымасьці здабыцьця сярэдняе асьветы ўсялякага тыпу ў чужынецкіх школах, зарганізаваўшы раўначасна беларусаведу і нацыянальнае ўзгадаваньне.” (Тамсама)

Нягледзячы на адміністрацыйна-юрыдычныя ды матэрыяльныя цяжкасьці, удалося гэта, дзякуючы нявычэрпнай анэргіі айца Рабэрта ван Кавэлерта, а таксама ахвярнасьці беларускае студэнцкае групы ў Лювэне.

На пачатку лістапада 1951 году, дзякуючы сьмеламу рашэньню айца Чарняўскага, група 5 беларускіх дзяцей з Францыі зьявілася ў Лювэне. І хаця моладзь ад 8 гадзіны да 17 заставалася ў школе, то ахвотна знаходзіла час на беларусаведу й сыстэматычна вывучала беларускую мову, літаратуру, гісторыю, геаграфію й народнае мастацтва. „Бацькаўшчына” піша пра розныя мясьціны, у якіх прыйшлося вучыцца беларускай моладзі.

„На лініі чыгункі Бруксэля – Лювэн – Льеж паложаны невялікі правінцыянальны гарадок: Варэмэ. (...) Тут вучыцца і ўзгадоўваецца беларуская моладзь, нарост беларускага студэнцтва, надзея Беларусі і яе цяперашняя і будучая рэпрэзэнтацыя на вонкі.” (А. С. - крыптонім Апалінарыі Савёнак, Дзе вучыцца беларуская моладзь, тамсама)


Ніна Баршчэўская