• ААН-аўская канфэрэнцыя ў Варшаве
  • Audio0 KB
  • 10.11.2006


Пасьпяховая барацьба з карупцыяй магчымая – да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі міжнароднай ААН-аўскай канфэрэнцыі, якая ўчора закончыла паседжаньне ў Варшавe. На працягу двух дзён удзельнікі абмяркоўвалі, якім чынам карупцыя адбіваецца на структурах дзяржкіраваньня, дзейнасьці сродкаў масавай інфармацыі ды ўплывае на парушаньне правоў чалавека.

Дэлегатка Высокага камісара ААН па правох чалавека Марыя Францішкаа Ізэ-Чарын зазначае, што найлепшым мэтадам на барацьбу з хабарніцтвам зьяўляецца абарона грамадзянскіх правоў.

М. Ізэ-Чарын: Правы чалавека – гэта ўнівэрсальнае паняцьце. Таксама, як грамадзянскія правы, палітычныя й эканамічныя. Я перакананая, што шанаваньне ўсіх гэтых правоў – гэта найлепшы спосаб на барацьбу з карупцыяй.

Польскі сэнатар Збігнеў Рамашэўскі, які прадстаўляў Сэнацкую камісію па правох чалавека, зазначыў, што карупцыя даволі брутальна нішчыць два асноўныя прынцыпы: па-першае, роўнасьць усіх грамадзян у абліччы права. Па-другое, – у кожнай краіне кожны грамадзянін мае права на свабоду.

З. Рамашэўскі:Карупцыя – гэта купляньне сабе дадатковых правоў, якія зазвычай не належацца канкрэтнай асобе. Прынцып свабоды даволі просты: свабода канкрэтнай асобы канчаецца там, дзе пачынаецца свабода суседа. Карупцыя спрыяе таму, што нехта, купляючы сабе дадатковыя правы, гэтым самым парушае правы іншай асобы, а нават усяго грамадзтва.

Удельнікі канфэрэнцыі зьвярталі ўвагу на тое, што элемэнты карупцыі назіраюцца амаль ва ўсіх краінах, незалежна ад эканамічнага становішча.

Калі гаворка ідзе пра эўрапейскі кантынэнт, найбольш скарумпаваным рэгіёнам зьяўляюцца краіны былога камуністычнага блёку. Сэнатар Рамашэўскі зазначыў, што карупцыя заўжды назіраецца там, дзе няма стабільнасьці.

З. Рамашэўскі:Несумненна, там, дзе адбываюцца розныя перамены, карупцыя дзейнічае вельмі агрэсіўна, таму што там яшчэ не сфарміраваліся мэханізмы, якімі кіруеца супольнасьць у краінах, дзе ўжо дзейнічае дэмакратычная сыстэма. Але гэта зусім не азначае, што супольнасьці высокаразьвітых дзяржаваў карупцыя не пагражае. Гэта датычыць пераважна палітычных справаў. Існуе меркаваньне, якое даволі часта можна назіраць на практыцы, што палітыку можна купляць за грошы. А гэта недапушчальная рэч.

На жаль, на канфэрэнцыі не было прадстаўнікоў Беларусі, але прыехалі дэлегаты з Расеі і Ўкраіны. Прадстаўніца ўкраінскага грамадзкага аб`яднаньня Натальля Дрозд мяркуе, што карупцыі ў розных установах можна пазбавіцца толькі тады, калі грамадзяне змогуць асабіста сачыць за дзейнасьцю гэтых установаў. Менавіта тады гэтыя ўстановы пачнуць дзейнічаць празрыста.

Н. Дрозд: Напрыклад, калі я прыходжу на паседжаньне, назіраю за тым, як яно адбываецца, а гэтым самым кантралюю рашэньні, якія прымаюцца.Гэта нешта накшталт унутранага кантролю. Я маю права прыйсьці на паседжаньне ня толькі як чалец нейкага аб`яднаньня, але як звычайная жанчына. І ніхто ня мае права мяне выгнаць, бо гэта маё права й мая годнасьць. Такім чынам паменшцыцца карупцыя.

Міністар юстыцыі Польшчы Збігнеў Зёбра зазначыў, што сярод новых краін – удзельніц Эўразьвязу Польшча зьяўляецца чальцом з найбольшым узроўнем карупцыі у дзяржструктурах. Міністар Зёбра зьвярнуў увагу на тое, што менавіта карупцыя, а не барацьба зь ёю ў значнай меры абмяжоўвае правы чалавека. Таму што слабыя ўстановы дазваляюць на выкарыстаньне, а нават парушаньне гэтых правоў рознымі кланамі й групоўкамі.

З. Зёбра: Меркаваньне, што магутныя ворганы барацьбы са злачыньнасьцю ў дэмакратычнай краіне парушаюць свабоду грамадзян, зьяўляецца фальшывым.
У Крымінальных кодэксах амаль кожнай дэмакратычнай краіны існуе дазвол на ўсталяваньне апаратуры, яка дазваляе падслухоўваць размовы, калі існуюць доказы правапарушэньняў. Пра тое, што такім чынам адбываецца абмежааньне свабоды й правоў чалавека, крычыць той, хто сам дапушчаецца правапарушэньняў. Дзяржава павінна бараніць сваіх грамадзян, каб просты чалавек ня быў прадметам злачынных маніпуляцыяў.

Міністар Зёбра зьвярнуў увагу, што добрым прыкладам ў барацьбе зь дзяржкарупцыяй могуць быць Ірляндыя й Вялікабрытанія, дзе на практыцы дзейнічае мэтад канфіскацыі маёмасьці, набытай шляхам карупцыі.

Падчас канфэрэнцыі ўдзельнікі прыйшлі да высновы, што істнуе неабходнасьць адбудовы даверу да ўрадавых установаў і апрацаваньня ўсясьветных прынцыпаў антыкарупцыйнай дзейнасьці.

Прыгадаем, што ў ААН-аўскай канфэрэнцыі, якая праходзіла ў Варшаве ад 8 па 9 лістапада, удзельнічалі прадстаўнікі амаль 110 дзяржаваў, а таксама 40 гарамадзкіх міжнародных аб`яднаньняў .

У падрыхтоўцы сёлетняй сустрэчы прымаў удзел Дэпартамант высокага камісара па правох чалавека ды Дэпартамант ААН па справах разьвіцьця(UNDP).

Караліна Русіновіч