• Падручнік Беларуская мова В. Пашкевіч
  • 13.11.2006
Беларускія эміграцыйныя газэты шмат увагі ўдзяляюць ролі культуры ў выхаваньні маладога беларускага пакаленьня на чужыне. Паведамляюць пра разьвіцьцё беларускага школьніцтва ў замежжы, пра кніжныя выданьні, апісваюць працу навуковых цэнтраў, а таксама беларускамоўнае вяшчаньне ў розных краінах сьвету.

Сёньня гутарка пойдзе пра кніжныя выданьні ў замежжы, а гаворачы больш дакладна, пра падручнік
Беларуская мова аўтарства Валянтыны Пашкевіч.

Нью-ёрская газэта „Беларус” зьвяртае ўвагу на вялікую ролю падручнікаў, па якіх можна вучыцца ня толькі ў школах, але й дома. Дзеля апрацоўкі новых падручнікаў і іх выданьня быў пакліканы Фонд беларускіх падручнікаў пры Беларускім інстытуце навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку (Падручнікі перш за ўсё, у: „Беларус”, № 194, Нью-Ёрк, чэрвень 1973, с. 2).

Пра выхад падручніка Беларуская мова аўтарства Валянтыны Пашкевіч, які ўбачыў сьвет у Канадзе ў 1974-1978 гадох, піша Томас Э. Бэрд (Томас Э. Бэрд, V. Pashkievich. Fundamental Byelorussian – Беларуская мова. Edited by A. Adamovich. Toronto, Byelorussian-Canadian Coordinating Commitee, Book 1, 1974, XII + 332 pp.; Book 2, 1978, XII + 422 pp. Illustrated, у: „Запісы”, № 15, Нью-Ёрк 1957, с. 144-148) . На пачатак тлумачыць ён, што зьяўляецца прычынай выкарыстаньня ў падручніку іншых правапісных нормаў, чым у Беларусі. Т.Э. Бэрд паведамляе, што ў 1918 годзе выйшла першая Беларуская граматыка для школ Браніслава Тарашкевіча, якая адразу атрымала шырокае грамадзкае прызнаньне. Правапіс Тарашкевіча без афіцыйнага зацьверджаньня стаў агульнапрызнанай нормай і праіснаваў у навучальнай і выдавецкай практыцы былое Заходняе Беларусі да 1939 году, а ўсходняе Савецкае Беларусі да 1933 году, калі былі прынятыя зьмены ў правапісе з мэтай русыфікацыі беларускае мовы. Рэформа беларускага правапісу, дэкрэтаваная ў БССР ў 1933 годзе ў часе крутога завароту нацыянальнае палітыкі Сталіна на курс русыфікацыі ды „збліжэньня” – „зьліцьця”, была нічым іншым, як гвалтам над агульнапрызнанай ужо правапісанай нормай. Такія пачаткі й такая прычына правапіснае раздвоенасьці ў беларускім друку – адзначае Томас Э. Бэрд (Тамсама, с. 145).

Два тамы В. Пашкевіч гэта першая практычная граматыка беларускае мовы па-ангельску.

„Падручнік «Fundamental Byelorussian» В. Пашкевіч мае шмат добрых рысаў. Ён падзелены на 29 разьдзелаў (18 у першым томе, 11 у другім); кажны разьдзел складаецца з тэксту да чытаньня, граматычнае часткі, практыкаваньняў для пісьмовае й вуснае працы, слоўнічка. Студэнту даецца ўгляд у розныя аспэкты беларускае гісторыі, быту, культуры, геаграфіі. Пры канцы кажнага тому даволі вялікія беларуска-ангельскія й ангельска-беларускія слоўнікі, якія разам ахопліваюць каля 20 000 словаў.
Карта, зьмешчаная ў 20-м разьдзеле, была-б больш даступнай для ўжываньня й карыснай, калі-б была зьмешчаная на самым пачатку кнігі. Фатаграфіі й малюнкі павялічаюць зацікаўленьне падручнікам, хоць у іх больш настальгіі ды выпадковага адлюстраваньня, як сыстэматычнае спробы ўлучыць навочны матар’ял пра Беларусь – «колішняга» або цяперашняга часу.”
(Тамсама, с. 146).

У ацэнцы Томаса Э. Бэрда, у падручніку занадта сьціплай зьяўляецца Дапаўняльная інфармацыя пра Беларусь. Кожнай з закранутых тэмаў трэба было прысьвяціць прынамсі старонку: геаграфіі БССР, разьмеркаваньню жыхарства рэспублікі, вышэйшым навучальным установам, прыродным багацьцям. Невялікія карты, малюнкі, прадумана падабраныя статыстычныя табліцы ажывілі б тэкст інфармацыі.

Аднак двухтомны падручнік зьяўляецца важным дасягненьнем у галіне навучаньня мовы – адзначае аўтар рэцэнзіі Томас Э. Бэрд.