• Беларуская мова ў Польшчы - 1
  • 01.04.2004
Беларуская мова займае значна шырэйшую тэрыторыю за тую, якая знаходзіцца ў межах беларускае дзяржавы, і ахоплівае памежныя рэгіёны: у Расеі – Смаленшчыну й Браншчыну, у Летуве – Віленшчыну, і ў Польшчы – паўднёва-ўсходнюю частку Падляшша.

На Падляшшы заходняя мяжа выступаньня беларускае мовы праходзіць з поўначы на поўдзень: ад Аўгустоўскага каналу, на захад ад ракі Бярозаўка і на ўсход ад гарадоў Гонёндз, Монькі, Кнышын да ракі Супрасьль пад Васільковам; затым ідзе па Супрасьлі, паварочвае на поўдзень уздоўж ракі Нараў на ўсход ад горада Лапы, перасякае раку Нараў ды ідзе далей на поўдзень на ўсход ад горада Браньск і на захад ад горада Сямяцічы да ракі Буг.

На гэтай тэрыторыі жывуць беларусы ды іхная родная мова.

Праўда, трэба адзначыць, што беларуская мова на Падляшшы не аднародная. Выступаюць розныя гаворкі: на поўнач і ўсход ад Беластоку – акаючыя ды дзекаючыя й цекаючыя, а на поўдзень ад Беластоку – окаючыя і з захаванымі мяккімі д’, т’. Мяжой, якая аддзяляе дзекаючыя гаворкі ад пераходных беларыска-ўкраінскіх, зьяўляецца прыблізна рака Нараў. Чым далей на поўдзень, тым больш у гэтых гаворках паяўляецца ўкраінскіх рысаў, аднак тыповы для ўкраінскай мовы ікавізм выступае толькі ў невялікім энкляве ў ваколіцах Чаромхі. Больш рысаў, характэрных для ўкраінскае мовы, знаходзім на поўдзень ад ракі Буг.

Варта сказаць яшчэ й пра тое, што на захадзе Падляшша, дзе беларуская мова кантактуецца з польскімі мазавецкімі гаворкамі, якім характэрная зьява мазурэньня – неразрозьніваньня ж й з – маем дачыненьне з пранікненьнем яе і ў беларускія гаворкі. Гэта з аднаго боку, а з другога – ёсьць таксама выпадкі ўплыву беларускае мовы на польскія гаворкі, асабліва на тыя, якія ўзьніклі на беларускім субстраце.

У сёньняшняй моўнай сытуацыі Падляшша адлюсторўваюцца пасяленчыя працэсы з XІV-XV стагодзьдзяў, зьвязаныя з калянізацыяй і загаспадараваньнем вялікіх лясных масіваў, якія знаходзіліся на гэтай тэрыторыі. У той час, а таксама і ў пазьнейшыя стагодзьдзі, на тэрыторыю Падляшша наплывала насельніцтва з 4 напрамкаў: з заходняга – мазавецкае, з паўночна-ўсходняга (з ваколіцаў Горадні й з-над Нёмана) – беларускае й летувіскае ды яцьвяскае, з усходняга (з ваколіцаў Ваўкавыска) – беларускае, ды з паўднёвага ўсходу (з ваколіцаў Берасьця й Валыні) – беларускае і ўкраінскае. Зразумела, у той час паняцьце нацыяў не было сфармуляванае, але, карыстаючыся сёньняшнімі катэгорыямі, сьмела можна сказаць, што яно прынесла з сабою мову, характэрную для рэгіёнаў іхнага ранаейшага пражываньня. Нягледзячы на ўзаемнае кантактаваньне, на Падляшшы ўзьнік даволі выразны падзел на гаворкі польскае, беларускае, украінскае й летувіскае мовы.

Апрача гэтага ёсьць некалькі населеных пунктаў у Сувальскім, Аўгустоўскім і Сэйнэньскім паветах, у якіх людзі карыстаюцца расейскай мовай. Гэта выхадцы з-пад Пскова й Ноўгарада, якія пасяліліся на Падляшшы, не пагадзіўшыся з рэлігійнай рэформай Нікана.

Зразумела, гэта вельмі адлеглая гісторыя, але яна паўплывала на сёньняшнюю этнічную й моўную сытуацыю паўночна-ўсходняй Польшчы.
Зазіраючы на старонкі бліжэйшых падзеяў, зьвязаных з жыцьцём беларускай нацыі ў межах польскае дзяржавы, варта зьвярнуць увагу на паваенны пэрыяд. Згодна дадзеным, апублікаваным у працах: Веслава Харужы - Białorusini w Polsce w latach 1945-1990 (Беларусы ў Польшчы ў гадох 1945-1990), Марыюша Кавальскага - Polacy na Białorusi, Białorusini w Polsce – obraz pogranicza dwóch narodów(Палякі на Беларусі, беларуссы ў Польшчы – вобраз памежжа двух народаў) і Яўгена Мірановіча ды Алега Латышонка – Krótka historia białoruskiej mniejszości narodowej w Polsce w latach 1944-2001 (Кароткая гісторыя беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы ў гадох 1944-2001), пасьля 1944 году ў межах Польшчы жыло больш за 150 тысяч беларусаў. З часам гэтая колькасьць стала зьмяншацца. Амаль поўнасьцю палянізавалася насельніцтва рыма-каталіцкага веравызнаньня, якое атаесамлівалася з польскай нацыяй.

Ніна Баршчэўская