• Беларуская мова ў Польшчы - 2
  • 07.04.2004
З дасьледаваньняў сацыёляга Анджэя Садоўскага, праведзеных у 1990-х гадох, вынікае, што сьвядомыя беларусы складаюць 30% ад 250-тысячнага праваслаўнага жыхарства, значыць каля 75 тысяч чалавек.

Тым часам у Рапарце для Генэральнага Сакратара Рады Эўропы з рэалізацыі Рэспублікай Польшча пастановаў Асноўнай Канвэнцыі Рады Эўропы аб ахове нацыянальных меншасьцяў, падрыхтаваным у 2002 годзе Міністэрствам Унутраных Справаў і Адміністрацыі, падаецца ацэначная колькасьць беларусаў у Польшчы ад 200 тысяч да 300 тысяч чалавек.

Гэтых аптымістычных даных не пацьвердзіў аднак Перапіс насельніцтва з 2002 году, у якім было пытаньне пра нацыянальнасьць. Вынікае зь яго, што беларусы складаюць каля 50 тысяч грамадзянаў Польшчы.

З гэтага ж перапісу вынікае, што бальшыня насельніцтва Падляскага ваяводзтва карыстаецца польскай мовай – 97,5% усіх жыхароў ваяводзтва. Польскай мовай як адзінай мовай карыстаецца 93,9% насельнікаў. Няпольскімі мовамі паслугоўваюцца 4,7% жыхароў Падляскага ваяводзтва, прычым найчасьцей гэтыя мову выкарыстоўваюцца наперамену з польскай мовай. Такіх насельнікаў ваяводзтва ёсьць 3,7%. Выключна іншымі мовамі, няпольскімі, карыстаецца толькі 1% жыхароў Падляскага ваяводзтва, з чаго рашучая бальшыня – беларускай мовай. Такіх адказаў было 39 тысяч 900 пры агульнай колькасьці беларусаў у Падляскім ваяводзтве – 46 тысяч 400 асобаў. На другім месцы апынулася летувіская мова – 5 400 адказаў.

У польскай Канстытуцыі, прынятай 2 красавіка 1997 году, запісана, што „Рэспубліка Польшча запэўнівае польскім грамадзянам, якія належаць да нацыянальных і этнічных меншасьцяў, свабоду захоўваньня й разьвіцьця сваёй мовы, звычаяў і традыцыяў ды сваёй культуры. Нацыянальныя й этнічныя меншасьці маюць права ствараць уласныя адыкацыйныя й культурныя ўстановы, ды ўстановы, якія служаць ахове рэлігійнай тоеснасьці, а таксама прымаць удзел у вырашаньні справаў, датычных іхнай культурнай тоеснасьці.” Так гаворыцца ў 35 артыкуле Канстытуцыі. У сваю чаргу ў артыкуле 27 сказана, што „ў Рэспубліцы Польшча дзяржаўнай мовай зьяўляецца польская мова, але гэтае правіла не парушае правоў нацыянальных меншасьцяў, якія вынікаюць з ратыфікаваных міжнародных дамоваў”.

Афіцыйная палітыка ўраду ў дачыненьні да моваў нацыянальных меншасьцяў не абмяжоўваецца толькі да канстытуцыйнага запісу. Распараджэньнем № 49 Старшыні Рады Міністраў з 20 чэрвеня 1997 году была пакліканая Міжведамасная Камісія па справах Нацыянальных Меншасьцяў, якая зьяўляецца калегіяльным ацэначна-дарадчым ворганам прэм’ер-міністра па пытаньнях выпрацоўваньня й каардынацыі палітыкі ўраду ў дачыненьні да нацыянальных меншасьцяў. Дадатковае заданьне для ўраду зьвязанае з ажыцьцяўленьнем Асноўнай Канвэнцыі Рады Эўропы аб ахове нацыянальных меншасьцяў, ратыфікаванай прэзыдэнтам 10 лістапада 2000 году, якая забавязвае сыгнатарыяў да аховы й прамоцыі рэгіянальных і меншасных моваў у розных галінах жыцьця.

Міжведамасная Камісія па справах Нацыянальных Меншасьцяў паклікала дарадцаў альбо ўпаўнаважаных ваяводаў па справах нацыянальных меншасьцяў. У рамках гэтай Камісіі дзейнічае Падкамісія па справах Адукацыі Нацыянальных Меншасьцяў, якая займаецца, між іншым, навэлізацыяй адукацыйных законаў, праграмамі навучаньні й падручнікамі.

Прынцыпы і ўмовы карыстаньня грамадзянамі РП з свабоды да захаваньня й разьвіцьця нацыянальнымі меншасьцямі сваёй роднай мовы, звычаяў, традыцыяў і культуры запісаныя ў Законе аб нацыянальных і этнічных меншасьцях у Рэспубліцы Польшча з 2002 году. 3 сьнежня 2002 году было выдадзена Распараджэньне Міністра Нацыянальнай Адукацыі й Спорту ў справе ўмоваў і спосабу выконваньня школамі й граамдзкімі ўстановамі заданьняў, якія спрыяюць падтрымцы нацыянальнай, этнічнай, моўнай і рэлігійнай тоеснасьці вучняў, што належаць да нацыянальных меншасьцяў і этнічных групаў, а 22 сьнежня 2003 году – Распараджэньне Міністра Нацыянальнай Адукацыі й Спорту ў справе спосабу падзелу часткі агульных адукацыйных субвэнцыяў для адзінак тэрытарыяльных самакіраваньняў у 2004 годзе.

Таксама мясцовыя ўлады вядуць сваю палітыку ў дачыненьні да нацыянальных меншасьцяў. Як я ўжо згадвала, у Падляскім ваяводзтве быў пакліканы ўпаўнаважаны ваяводы па справах нацыянальных меншасьцяў. Штогод адбываецца сустрэча ваяводы з прадстаўнікамі нацыянальных меншасьцяў – апошняя адбылася 3 сакавіка бягучага году.

Ніна Баршчэўская