• Беларуская мова ў Польшчы - 3
  • 14.04.2004
У праграме Самакіраваньня Падляскага ваяводзтва, у якім вызначаецца стратэгія разьвіцьця гэтага рэгіёну, гаворыцца пра дзейнасьць на карысьць польскасьці, пра разьвіцьцё й кшталтаваньне нацыянальнай, грамадзянскай і культурнай тоеснасьці жыхароў, а таксама пра падтрымку й разьвіцьцё рэгіянальнай, лякальнай тоеснасьці.

Праграма Разьвіцьця Адукацыі Падляскага ваяводзтва на гады 2002-2007, вызначаючы стратэгічныя мэты адукацыі на Падляшшы, узяла пад увагу м.ін. шматкультурнасьць рэгіёну.

Да заданьняў Аддзелу Адукацыі Дэпартаманту Адукацыі й Культуры Падляскага ваяводзтва належыць, м.ін.:
- падтрымка дзейнасьці на карысьць павышэньня ўзроўню адукацыі грамадзянаў, у тым пялегаваньня й разьвіцьця рэгіянальнай, лякальнай тоеснасьці,
- засноўваньне грамадзкіх адукацыйных установаў і ўстановаў павышэньня кваліфікацыі настаўнікаў, пэдагагічных бібліятэкаў, а таксама школаў рэгіянальнага значэньня, што акрэсьлена ў распараджэньні Рады Міністраў.

Моўныя пытаньні вызначаюцца таксама шляхам судовых правілаў. Артыкул 5 закону з 27 ліпеня 2001 году Права аб судовай сыстэме дае права асобам, якія не валодаюць у дастатковай ступені польскай мовай, выступаць перад судом на той мове, якую ведаюць, і карыстацца бясплатнай дапамогай перакладчыка. Падобным чынам правілы закону з 6 чэрвеня 1997 году Крымінальнага Кодэксу прызнаюць абвінавачанаму ды іншым асобам, якія бяруць удзел у судовым працэсе й не валодаюць польскай мовай, права да перакладчыка. Аб прызнаньні перакладчыка вырашае суд, які займаецца справай у першай інстанцыі. Просьбай аб прызнаньне перакладчыка, унесенай падчас працэсу, займаецца суд тае інстанцыі, у якой знаходзіцца дадзеная справа.

Мовы нацыянальных меншасьцяў падтрымліваюцца заканадаўствам Эўрапейскага Зьвязу. Рада Эўропы прыняла ў 1994 годзе Асноўную Канвэнцыю аб Ахове Нацыянальных Меншасьцяў, у якой гаворыцца пра:
- карыстаньне мовай нацыянальных меншасьцяў у прыватным і грамадзкім жыцьці, а таксама ў розных установах,
- права да ўжываньня імя й прозьвішча ў гучаньні роднай мовы,
- права да зьмяшчаньня прыватных напісаў у мове меншасьці,
- права да зьмяшчаньня ў мовах нацыянальных меншасьцяў традыцыйных назоваў мясцовасьцяў, назоваў вуліц ды іншых тапаграфічных назоваў.

Гэтая Канвэнцыя папаўняе Эўрапейскую Хартыю Рэгіянальных і Меншасных Моваў, падпісаную ў 1992 годзе, якая абавязвае сыгнатарыяў да аховы й прамоцыі рэгіянальных і меншасных моваў у навучаньні, адміністрацыі, судовай справе, СМІ, эканамічным абароце, аднак без дыскрымінацыі большасьці.

У Падляскім ваяводзтве, у Беластоцкім Аддзеле Асьветы існуе інспэктар, які адказвае за каардынаваньне справаў, зьвязаных з навучаньнем моваў нацыянальных меншасьцяў. Беластоцкі Аддзел Асьветы дапамагае настаўнікам. Супольна зь беларускім бокам – Раённым Аддзелам Народнай Асьветы ў Горадні – арганізуе конкурс „Настаўнік году”. Конкурс прызначаецца настаўнікам беларускай мовы на Беласточчыне й польскай мовы на Гарадзеншчыне. Адным з асноўных заданьняў конкурсу зьяўляецца прэзэнтацыя аўтарскіх праграмаў, якія потым прадстаўляюцца Міністэрству Адукацыі дзеля іх зацьверджаньня. Конкурс зьяўляецца адным з пунктаў паразуменьня паміж Беластоцкім Аддзелам Асьветы й Раённым Аддзелам Народнай Асьветы ў Горадні, падпісанага 25 чэрвеня 2003 году. Мэтай конкурсу зьяўляецца, м.ін.:
- пашырэньне й дасканаленьне супрацоўніцтва паміж настаўнікамі беларускай мовы з Польшчы й настаўнікамі польскай мовы зь Беларусі,
- абмен досьведам у дыдактычна-выхаваўчым працэсе,
- павышэньне ўзроўню працы настаўніка – філёляга.
У конкурсе могуць браць удзел настаўнікі ўсіх адукацыйных узроўняў, калі ў іх ёсьць прафэсійная падрыхтоўка й калі рыхтуюць вучняў да розных конкурсаў (прадметных, дэкляматарскіх, тэатральных) і да алімпіядаў.

Ніна Баршчэўская