• Беларускі катынскі сьпіс
  • 07.04.2010

Перад адзначэньнем 70-й гадавіны расстрэлу тысячаў польскіх ваеннапалонных у Катыні паявіліся меркаваньні, што прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімір Пуцін перадасьць прэм’ер-міністру Польшчы Дональду Туску гэтак званы “беларускі катынскі сьпіс” – гэта значыць, прозьвішчы амаль чатырох тысяч ахвяраў, забітых на тэрыторыі Беларусі.

На жаль, расейскім гісторыкам не ўдалося знайсьці беларускі сьпіс і перадаць яго палякам, хаця камэнтатары кажуць, што сам факт удзелу Пуціна ва ўрачыстасьцях – гэта прарыў у польска-расейскіх адносінах – лічыць сустаршыня Польска-расейскай камісіі па складаных пытаньнях Анатоль Талкуноў, які пацьвердзіў, што сьпіс ня быў знойдзены.

А. Талкуноў: Мне здаецца, што сам факт сёньняшняй падзеі, калі ўпершыню прэм'еры - кіраўнікі ўрадаў дзьвюх краін ушаноўваюць памяць загінулых тут, на гэтай смаленскай зямлі, гэта само па сабе сьведчаньне таго, што ў нас паяўляецца ўсё больш і больш узаемазразуменьня й блізасьць, нават у такіх трагічных момантах, якія былі ў мінулым.
 
А што ўтрымлівае беларускі сьпіс, калі ён увогуле існуе? На думку гісторыкаў, гэта прозьвішчы палонных афіцэраў Войска польскага, сярод якіх былі й этнічныя беларусы. Дасьледчыкі мяркуюць, што такі дакумэнт існаваў, на ўзор з украінскім катынскім сьпісам – адзначае гісторык і журналіст Аляксандар Пілецкі. 

А. Пілецкі: Дакладна вядома пра існаваньне такога ўкраінскага катынскага сьпісу. На падставе гэтага мяркуецца, што мог існаваць і беларускі катынскі сьпіс, у які ўваходзілі польскія афіцэры, таксама прадстаўнікі польскай інтэлігенцыі. Зараз гісторыкі мяркуюць, што нават калі такі сьпіс не існаваў, калі ён ня быў складзены ў Маскве, аднак акупацыйныя савецкія войскі складалі сьпісы арыштаваных польскіх грамадзян, іх жонак і дзяцей, якіх утрымлівалі ў турмах на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Мяркуецца, што гэтыя людзі былі расстраляныя ў Беларусі, у прыватнасьці, у Курапатах.

Дакумэнты пра афіцэраў Польскага войска, якія ўтрымліваліся ў беларускіх турмах, трэба шукаць у архівах КДБ. Гэтыя зьвесткі напэўна магчыма аднавіць з розных крыніцаў – мяркуе гісторык.

А. Пілецкі: Архівы КДБ Беларусі утрымліваюць вялікую колькасьць дакумэнтаў частак савецкіх войскаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі, альбо "Усходніх Крэсаў", як кажуць у Польшчы. Калі й няпоўны беларускі катынскі сьпіс тых звыш трох тысяч чалавек, то хаця б разрозьненыя зьвесткі па турмах, якія існавалі ў Заходняй Беларусі, дакладна можна ўстанавіць і можна аднавіць гэты сьпіс польскіх афіцэраў, расстраляных не на тэрыторыі Расеі, а, магчыма, пад Менскам, у Курапатах.

Калі напрыканцы 80-х гадоў была адкрытая праўда пра Курапаты, пачаліся інтэнсіўныя дасьледаваньні гэтага месца беларускімі, а таксама польскімі гісторыкамі, але сёньняшнія беларускія ўлады не зацікаўленыя адкрыцьцём усёй праўды пра таямніцы, якія прыхаваныя пад зямлёй ляснога масіву на ўскраіне Менску. Вядома, што ў Курапатах НКУС расстрэльваў ня толькі беларусаў, але невядома, кім былі гэтыя асобы. А пры актуальных, мякка кажучы, халодных польска-беларускіх адносінах, нельга разьлічваць, што дасьледчыкі будуць дапушчаныя ў архівы. 

А. Пілецкі: У Польшчы існуюць навуковыя дасьледаваньні аб польскім сьледзе ў Курапатах, бо Пазьняку ўдалося даволі шмат зрабіць у свой час. Дакладна пацьверджана, што ў Курапатах забітыя ня толькі беларусы, але таксама й польскія грамадзяне, аднак немагчыма сказаць, колькі іх там, немагчыма дакладна ўстанавіць, што гэта былі за людзі. Усе зьвесткі, дакумэнты, якія паходзяць з таго часу, гэта вайсковыя дакумэнты альбо дакумэнты НКУС. Яны могуць утрымлівацца зараз у архівах КДБ і ФСБ, а трапіць туды беларускаму, а тым больш польскаму дасьледчыку, вельмі праблематычна. Рашэньне аб адкрыцьці архіваў у Беларусі - гэта будзе палітычнае рашэньне. Зараз адносіны паміж афіцыйным Менскам і афіцыйнай Варшавай вельмі нацягнутыя. Можна сьмела сьцьвярджаць, што ў Беларусі на афіцыйным узроўні праводзіцца антыпольская прапаганда. 

Шкада, што беларусы ня дбаюць пра сваю гісторыю ў Курапатах так добра, як робяць гэта палякі ў Катыні, дзе збудаваны мэмарыяльны комплекс. Сваякі забітых могуць прыехаць і памаліцца на іх магілах. У Курапатах нават не пастаўлены помнік ахвярам, незалежна ад таго, ці гэта былі палякі, ці беларусы, ці прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў. Ляжыць толькі мэмарыяльны камень, на якім напісана, што ў гэтым месцы будзе ўстаноўлены помнік.

Н. Грышкевіч