Фэстываль Музыкі маладой Беларусі «Басовішча» ў разгары. Традыцыйна, на музычны форум прыбыло некалькі тысяч прыхільнікаў незалежнай беларускай музыкі, якіх не адпужала й халаднаватае няжнівенскае надвор'е.
На пачатак асабіста-службовы аспэкт – упершыню спонсарам Гран-пры – грашовай узнагароды – зьяўляецца Польскае радыё для замежжа. Прычым наш прыз – адзіны на «Басовішчы», а яго атрымае адзін з маладых гуртоў, удзельнікаў конкурснай часткі.
«Басовішча» - гэта традыцыя, хоць пачынаючы з 1989 году, калі ўпершыню прайшло мерапрыемства, многае памянялася. І кожны год арганізатары – Беларускае аб'яднаньне студэнтаў у Польшчы – уводзяць новыя элемэнты. Так, сёлета ўпершыню адбываюцца паказы незалежнага беларускага кіно ды майстар-клясы трафарэтаў.
Нязьменным застаецца аднак месца правядзеньня буйнейшага беларускага незалежна фэстывалю – гэта мястэчка Гарадок на Беласточчыне, прыкладна ў дзесяці кілямэтрах ад мяжы зь Беларусьсю. Нязьменная таксама атмасфэра – атмасфэра свабоды, сяброўства ды інтэграцыі. І, зразумела, альтэрнатыўная музыка.
І менавіта ў вялікай ступені таму маладыя людзі зь Беларусі кожны год ў ліпені прыяжджаюць у Гарадок. Бо, як нам казалі многія ўдзельнікі фэсту, пакуль што «Басовішча» нельга ўявіць у Беларусі хоць бы таму, што паўсюль – і перад сцэнай, і ў палаткавым гарадку – лунаюць бел-чырвона-белыя сьцягі. У Беларусі з-за іх міліцыя была б тут-як-тут...
Удзельнік: Ёсьць музыка, канешне, але няма разьвіцьця... У Польшчы такія фэстывалі! Розныя, розныя, розныя! Кожны тыдзень улетку ў Польшчы можна паехаць на добры фэстываль. У нас такога няма. Чаму? Таму што ў нас таталітарызм, таму што ў нас душаць культуру, незалежную, народную культуру... А адкуль у такіх умовах брацца музыкам? Адкуль брацца людзям, якія сьпяваюць па-беларуску, калі ў нас нават не размаўляюць па-беларуску? Але я ўсё роўна веру ў “Басовішча”. Я прыязджаю сюды й бачу сваіх людзей, а гэта самае галоўнае!
З моманту правядзеньня першага фэстывалю вырасла ўжо адно пакаленьне людзей. Але на «Басовішча» па сёньняшні дзень прыяжджае ня толькі моладзь, але й людзі сярэдняга ўзросту, якім фэстывальная музыка можа й не асабліва падабацца, аднак атмасфэра адназначна прыцягвае. Аднак галоўнае, што падабаецца моладзі, за якую можна ганарыцца, кажа грамадзкі дзеяч Алесь Чахольскі.
А. Чахольскі: Майму пакаленьню пабадаецца штосьці іншае, а калі гэта падабаецца моладзі – то й дзякуй. Малайцы, што арганізавалі, што прыехалі, што зрабілі. Я лічу, што кожнаму сваё, як той казаў... Мне гэта абсалютна не перашкаджае, бо я малады душою.
Многія ўдзельнікі ды артысты сталі пастаяннымі рэзыдэнтамі музычнага форуму й прыбываюць ва ўрочышча «Борык» ля Гарадка, дзе ладзіцца фэстываль, амаль штогод. І зноў жа – прыцягвае іх сюды перш за ўсё атмасфэра, кажа Алесь Таболіч з гурта «Зьніч».
А. Таболіч: “Басовішча” – гэта адзіны й лепшы фэстываль для Беларусі, які адбываюцца на працягу столькіх гадоў... І для музыкаў і для гледачоў... Мы павінны жыць “Басовішчам”, бо гэта тое, што аб’ядноўвае, а не разьядноўвае. Бо душа – гэта галоўнае для “Басовішча”. Калі фэст будзе без душы, то гэта будзе іншае, гэта ўжо будзе камэрцыя.
Але б каб не было так, што «Басовішча» - гэта ідэальнае мерапрыемства, то цяпер некалькі словаў пра мінусы. У прыватнасьці, гаворыцца пра тое, што ўсё ж такі існуюць праблемы з атрыманьнем візаў – і хоць польскія консульствы й выдавалі іх са скідкамі, то й так для маладых беларусаў яны дарагія.
Акрамя таго, заўважаецца вялікая колькасьць аматараў падпіць – піва прадаецца на кожным кроку, і многія нераўнадушна праходзяць каля крамікаў зь «зялёным зьміем». І хоць інцыдэнты з удзелам падвыпілых удзельнікаў адсутнічаюць, некаторым гэта перашкаджае – кажа глядач фэстывалю Мікола Дземідзенка.
М. Дзямідзенка: Даволі някепска, я ўпершыню тут. Праўда, вельмі шмат алькаголю й моладзь шмат яго ўжывае. Гурты, што праўда, абсалютна мне невядомыя, але й так вельмі цікава.
Адзінай значнай зоркай, якая сёлета выступіць на фэсьце, зьяўляецца гурт «Нейра Дзюбель». Для некаторых іх музыка – даволі цяжкая, але лідар каманды Аляксандар Кулінковіч гаворыць, што насамрэч цяжкая музыка гучыць са сцэны, і арганізатарам пара задумацца, каб крыху «аблегчыць» фармат.
А. Кулінковіч: Фармат Басовішча за апошнія пяць гадоў, калі шчыра, трошкі мяне стаміў. І я думаю, што ўсе ўжо стомленыя. Гэта была ўжо асобная музыка, цяжкая й брутальня. Мы тут сабраліся дзеля таго, каб сьпяваць пра любоў да неба, да жанчыны, пра сваю любоў. А сьпявалі заўсёды, чамусьці, пра нянавісьць.
Якія б заўвагі не гучалі адносна «Басовішча», гэта легендарны фэст, выступіць на сцэне якога для маладых камандаў азначае рывок у музычнай кар'еры. З упэўненасьцю можна сказаць, што аб выступленьні на конкурснай сцэне ва ўрочышчы «Борык» мараць многія беларускія гурты.
Учора адбыўся конкурс, а адзін з гуртоў атрымае адзіную ўзнагароду – Гран-пры ад Польскага радыё для замежжа. Сярод удзельнікаў конкурсу быў малады гурт «Вурай», які выйшаў на сцэну ў доўгіх сьвітках з даматканага грубага льну.
Лідара гурту “Вурай” Сяржук: Прыемна тут вельмі! Хацелася б больш народу, але ўсё добра... Нас добра ўспрымалі, добра слухалі, слухачы былі ўсе разам. Мы ведалі, што ёсьць такі фэстываль, паспрабавалі апынуцца тут, падалі заяўку й нас адабралі. І вось, мы тут, і мы вельмі радыя.
Сёньня вечарам будуць аб'яўлены пераможцы конкурснай часткі, якія ад нашага каналу атрымаюць фінансавую прэмію. Нагадаю, гэта адзіная ўзнагарода на сёлетнім фэстывалі.
А перад намі – выступленьні «Нейра Дзюбеля», «Зьніча» ды IQ-48. Ну й, зразумела, працяг непаўторнай атмасфэры – атмасфэры сяброўства, свабоды ды міжчалавечай інтэграцыі.
Дзьмітры Гурневіч, Валера Саўко