Працягваецца шасьцідзённы візыт польскага прэзыдэнта Браніслава Камароўскага ў краіны Паўднёвага Каўказу. Для ўрадаў гэтых дзяржаваў гэта стала нагодай паразмаўляць пра супрацоўніцтва з Эўразьвязам, сумесныя энэргетычныя праекты ды пытаньні бясьпекі ў рэгіёне.
Візыт Браніслава Камароўскага на Каўказ пачаўся з наведаньня Азэрбайджану. З 24 па 26 ліпеня польскі лідар знаходзіўся ў гэтай паўднёвакаўкаскай краіне. Польскі кіраўнік сустрэўся з прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым, ды ўзяў удзел у польска-азэрбайджанскім бізнэс-форуме. Галоўнымі тэмамі размоваў сталі пытаньні энэргетыкі ды Ўсходняга партнэрства. Браніслаў Камароўскі падкрэсьліў, што Варшава лічыць на паглыбленьне супрацы з Азэрбайджанам.
Браніслаў Камароўскі: Паліўны сэктар гуляе дамінуючыую ролю й так яшчэ доўга будзе. Слова "яшчэ" азначае, што мы павінны шукаць іншых сфэраў эканамічнага супрацоўніцтва, бо нечаканыя цяжкасьці могуць напаткаць тых, хто засяродзіцца толькі на адным. Разам з тым польскі капітал ужо выкарыстоўвае мільён тонаў азэрскай нафты. Мы б хацелі, каб колькасьць тонаў расла з году ў год.
Адным з канкрэтных энэргетычных праектаў, пра якія ішла размова ў Баку, быў праект падаўжэньня трубаправоду Адэса-Броды да Польшчы, па якім азэрбайджанская нафта магла б трапляць у Цэнтральную Эўропу. Пра гэты праект вядуцца размовы ўжо 20 гадоў. Паводле словаў Робэрта Сашыньскага, старшыні прадпрыемства па эксплуатацыі трубаправоду „Дружба” сёньня для рэалізацыі гэтай інвэстыцыі патрэбныя эканамічныя дасьледаваньні ды палітычная падтрымка.
Робэрт Сашынскі: Мы падыходзім да гэтага праекту вельмі сур’ёзна й мы будзем рабіць усе неабходныя экспэртызы столькі, колькі трэба. Ёсьць ужо першыя разьлікі, паводле якіх кошт праекту на ўсёй даўжыні трубаправоду не павінен перакрочыць 10 мільярдаў даляраў. Галоўнае, каб усе зацікаўленыя бакі дамовіліся ў адзін тэрмін аплаціць і рэалізаваць усе неабходныя інвэстыцыі.
Сёньня польскі прэзыдэнт прыляцеў у Тбілісі. У праграме ягонага візыту сустрэча з прэзыдэнтам, прадстаўнікамі грузінскіх бізнэс- колаў і грамадзянскай супольнасьці. Грузінскія ўлады хочуць зьвярнуць увагу польскага боку на рэформы, якія рэалізуюцца ў краіне ды на сытуацыю ў Абхазіі ды Паўднёвай Асэтыі. З Тбілісі перадае карэспандэнт Польскага радыё Томаш Майка.
Томаш Майка: Прэзыдэнскую пару павітаў у Батумі прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі. Пасьля абеда абдылася размова двух прэзыдэнтаў. Напярэдадні сустрэчы грузінскі бок заявіў, што хацеў бы пазнаёміць польскага кіраўніка з рэформамі ды ўсімі зьменамі, што адбыліся ў Грузіі ў кантэксце інтэграцыі з Эўразьвязам і далучэньня да NATO. Грузінскі бок хоча, каб Польшча нагадала Захаду пра тое, што Абхазія й Паўднёвая Асэтыя зьяўляюцца інтэгральнай часткай грузінскай тэрыторыі, акупаванай расейскімі войскамі.
Апроч гэтага грузінскі бок хоча падзякаваць Польшчы ды ЭЗ за праграму Ўсходняга партнэрства, якой Грузія найбольш скарыстала. Гаворыць амбасадарка Польшчы ў Тбілісі Ўршуля Дарашэўска.
Уршуля Дарашэўска: Грузіны разгарнулі шыкорую дзейнасьць, ляцяць як на крылах. Гэта магчымасьць, каб паказаць свае дасягненьні ды каб прыцягнуць увагу. Польшча іграе тут важную ролю. Нашы спэцыялісты моцна ўцягнуты ў гэта. Без сумневаў гэта ўмацоўвае прысутнасьць Польшчы на Каўказе, асабліва ў Грузіі.
Пасьлязаўтра польскі прэзыдэнт наведае Армэнію.
Падрыхтаваў Ю. Л.