Польшча – прыязнае для замежных інвэстыцый месца–ААН
Польшча знаходзіцца на шостым месцы па ўмовах для замежных інвэстыцый, паведамляецца ў справаздачы Канфэрэнцыі па гандлю й разьвіцьці ААН (UNCTAD). Перад Польшчай - Кітай, ЗША, Індыя, Бразылія й Расея.
Даступнасьць і эфэктыўнасьць кваліфікаваных кадраў, умовы для разьвіцьця бізнэсу, нізкі ўзровень рызыкі эканамічнай дзейнасьці ўсё шырэй здабываюць прызнаньне ў кіраўнікоў сусьветных фірмаў, адказных за інвэстыцыі ў сьвеце.
У Польшчы найбольш інвэстуюць ЗША, Кітай, Тайвань і Японія.
А сярод гарадоў, якія ААН указвае як месца для інавацыйнай дзейнасьці й разьвіцьця сучасных тэхналёгіяў, вельмі высокае месца займае Кракаў. Гэты стары польскі горад у сьпісе займае больш высокае месца, чым Пэкін, Каір і Буэнас-Айрэс.
Мафіёзі выбіраюць бізнэс замест рэкета
70% ад агулу стратаў дзяржаўнага бюджэту Польшчы наносяць злачынствы эканамічнага характару, такія як адмываньне грошай і махінацыі з падаткам на дадзеную вартасьць. Пры гэтым найбольш стратаў наносяць мафійныя стуктуры - гэта вынікае са справаздачы, падрыхтаванай Міністэрствам унутраных справаў і адміністрацыі. Лідары гангаў прыйшлі да высновы, што ім больш выгадна й бясьпечна укладаць сваю энэргію ў махінацыі з падаткамі, чым, напрыклад, займацца рэкетам.
Паводле спэцыялістаў, гэта злачынствы, у якіх дапамагаюць прафэсійныя дарадчыкі: эканамісты, юрысты, а таксама прадстаўнікі розных узроўняў улады, - зазначае старшыня парлямэнцкай камісіі па ўнутраных справах Марэк Бярнацкі. У мінулым годзе эканамічныя злачынцы аграбілі дзяржаву й грамадзян на 2,5 мільярда даляраў.
Польскія піваварныя заводы пачынаюць зарабляць
Пасьля некалькіх гадоў рэзкага падзеньня продажаў „бурштынавага напою” сёлета піўныя кампаніі разьлічваюць на значны рост даходаў. І сапраўды, такая тэндэнцыя ўжо заўважаецца: у сёлетнім красавіку на польскі рынак пастаўлена на 15.5% піва больш у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. Таксама ў траўні назіраўся рост продажаў. Раскруціць продаж слабаалькагольнага напою дапамагаюць перш за ўсё дыскаўнтэры – розьнічныя маркеты з аптовымі цэнамі.
І гэта менавіта дыскаўнтэры аказвалі ціск на піваварныя кампаніі й дабіліся значнага зьніжэньня цэн на піва. Сёньня ў Польшчы можна купіць піва па цане за 1 злоты 99 грошаў за бляшанку – гэта прыкладна 70 амэрыканскіх цэнтаў.
Грузавікі з-за ўсходняй мяжы – пад узмоцнены кантроль
Міністэрства інфраструктуры Польшчы рыхтуе рэакцыю на спробы скарачэньня колькасьці дазволаў на грузавыя перавозкі польскімі фірмамі па тэрыторыі Расеі.
У адказ трэйлеры з Расеі будуць паддадзены больш дакладнаму кантраляваньню.
Падрабязнасьці пакуль не вядомыя, аднак гаворыцца пра ўвядзеньне сыстэмы электроннага ўліку грузаў. Гэта выглядае наступным чынам: перад рэйсам уладальнік гэтак званага «папяровага» абанэмэнту павінен электронным шляхам падаць заяўку аб плянаванай перавозцы грузу. Дадзеныя паступаюць у мытную сыстэму Эўразьвязу. У выпадку, калі вадзіцель ня пройдзе згаданую працэдуру, мытнікі на мяжы ня прымуць абанамэнт у папяровай вэрсіі й не прапусьцяць аўтацягнік праз мяжу.
Польшча ўжо працяглы час вядзе спрэчкі з Расеяй аб павелічэньні квот на грузавыя перавозкі. Нядаўна бакі дамовіліся аб 180 тысячах дазволаў. Аднак расейскім фірмам удаецца перавышаць гэтую норму да 250 тыс. рэйсаў з-за адсутнасьці сыстэмы дакладнага ўліку. Акрамя таго, расейскія грузавікі абмінаюць польскую мяжу, перасякаючы граніцу, напрыклад, празь Летуву. А на на тэрыторыі Польшчы кантраляваньне праводзіцца зрэдку. У той жа час польскія грузатранспартныя кампаніі скардзяцца на шматлікія ўскладненьні, зь якімі іх кіроўцы сустракаюцца на расейскай мяжы й непасрэдна на тэрыторыі Расеі.
Аб дакладных плянах і тэрміне ўвядзеньня новай сыстэмы ўліку грузавікоў з Расеі пакуль не паведамляецца.
Курсы валют паводле НБП
1 эўра 4.00 злотыя
1 даляр 2.76 злотых
1000 Быр 0.56 злотых
Я.С.