Учора ў Пінскай бальніцы на 97-м годзе жыцьця памёр кардынал Казімір Сьвёнтак. З 1789 году ён быў адзіным беларускім сьвятаром, які атрымаў тытул кардынала, - нагадвае штодзёнка „Rzeczpospolita”.
Пахаваньне аднаго са старэйшых каталіцкіх ерархаў у Эўропе адбудзецца ў панядзелак – 25 ліпеня ў склепе пінскай катэдры.
Дарэчы, зь Пінскам было зьвязанае амаль усё жыцьцё й пастырскае служэньне кардынала. Казімір Сьвёнтак нарадзіўся ў 1914 годзе ў гарадку Вальга на тэрыторыі цяперашняй Эстоніі ў патрыятычнай польскай сям’і. Ягоны бацька быў жаўнерам польскіх легіёнаў Юзафа Пілсудскага ды загінуў падчас абароны Вільні ад бальшавікоў. Калі Казіміру было тры гады, сям’я Сьвёнткаў была сасланая ў Сібір, адкуль у 1922 годзе будучы сьвятар вярнуўся ў Баранавічы (тады ў межах Польшчы), дзе закончыў гімназію.
У 1932 годзе ён паступіў у духоўную сэмінарыю ў Пінску. Сьвятарскае пасьвечаньне прыняў 8 красавіка 1939 году ды служыў вікарыем у парафіі ў Пружанах. Пасьля выбуху Другой сусьветнай вайны Казімір Сьвёнтак уключыўся ў дзейнасьць падпольных арганізацыяў, якія дзейнічалі на тэрыторыі, акупаванай Чырвонай арміяй, за што 21 красавіка 1941 году быў арыштаваны НКУС і прысуджаны да сьмяротнага пакараньня. Прысуд ня быў прыведзены ў дзеяньне дзякуючы таму, што Берасьце, дзе сьвятар сядзеў у турме, занялі гітлераўцы.
Падчас гітлераўскай акупацыі Казімір Сьвёнтак працаваў у Пружанах – да моманту паўторнага ўваходу на згарадую тэрыторыю чырвонаармейцаў. Затрыманы 17 сьнежня 1944 году ( ужо пасьля заканчэньня вайны) Сьвёнтак быў прысуджаны да 10 гадоў лягераў ды паўторна апынуўся ў Сібіры. Два гады ён працаваў пры вырубцы тайгі, а пазьней быў этапаваны ў лягер у Варкуце, дзе сакрэтна выконваў свае сьвятарскія абавязкі. За аргазнізацыю Каляднай вячэры Сьвёнтак быў пераведзены ў лягер у Інце (больш за 200 кілямэтраў ад Варкуты), дзе адбыў астатнюю частку пакараньня. Пасьля сьмерці Сталіна Казімір Сьвёнтак вярнуўся ў Пінск.
Нягледзячы на сур’ёзныя выпрабаваньні Казімір Сьвёнтак ніколі ня страціў веры ды пачуцьцья нацыянальнай тоеснасьці. Напрыканцы 80-х гадоў ён уключыўся ў рух адраджэньня польскасьці ў Беларусі ды актыўна дзейнічаў у ім да 1989 году, калі Папа Рымскі Ян Павал ІІ прызначыў яго біскупам і апостальскім адміністратарам у Беларусі.
„Ён быў дэлегатам-заснавальнікам Саюзу палякаў Беларусі, - успамінае першы старшыня арганізацыі Тадэвуш Гавін. – Нават пагадзіўся стаць віцэ-старшынём арганізацыі”. Гавін успамінае, што сваю функцыю Сьвёнтак успрымаў вельмі сур’ёзна, дзякуючы гэтаму новаўзьніклай арганізацыі ўдавалася афарміць шмат справаў. „Гэткая асоба ва ўправе павялічвала ранг і аўтарытэт арганізацыі”, - заявіў Тадэвуш Гавін у размове з журналістам выданьня „Rzeczpospolita”.
Польшча страціла мільён грамадзянаў. Гаворка ідзе пра тых, якія выехалі за мяжу пасьля далучэньня краіны да Эўразьвязу, ды не намерваюцца вяртацца на радзіму. Многія зь іх нават у часе крызысу выдатна спраўляюцца за мяжой – засноўваюць фірмы, павышаюць свае прафэсійныя кваліфікацыі ды робяць кар’еру, - паведамляе сёньняшняя штодзёнка „Dziennik”.
Паводле дэмографаў, згаданы факт павінна ўзяць пад увагу Галоўная статыстычная ўстанова (GUS) ды памяняць дадзеныя, датычныя колькасьці жыхароў Польшчы. Паводле іх, у Польшчы жыве не 38, але 37 мільёнаў чалавек.
У ацэнцы спэцыялістаў, мяняецца таксама характар польскай эміграцыі. „Калі пасьля 2004 году большасьць палякаў пагаджалася працаваць за мяжой фізычна, ніжэй сваіх кваліфікацыяў ды амаль бяз ведаў замежнай мовы, цяпер працу за мяжой шукаюць добракваліфікаваныя працаўнікі, якія таксама выдатна ведаюць замежныя мовы”, - лічыць Карлас Варгас-Сыльва з Оксфардзкага ўнівэрсытэту.
Апрача таго, адмыслоўцы зьвяртаюць увагу на факт, што дзяржава неабавязкова страчвае на эміграцыі прафэсіяналаў, паколькі эмігранты дасылаюць у Польшчу значную частку заробленых за мяжой грошай – ад 2004 году ажно 110 мільярдаў злотых. Паводле афіцыйных статыстычных дадзеных, у 2009 годзе за мяжой знаходзілася амаль 2 мільёны палякаў. Тым часам прафэсар Крыстына Ігліцка з Цэнтру міжнародных адносінаў лічыць, што афіцыйныя дадзеныя недакладныя, пра што, паводле яе, сьведчаць брытанскія ці ірляндзкія статыстыкі. „Можна ацэньваць, што за мяжой прабываюць 2 мільёны 400 тысячаў палякаў”, - гаворыць прафэсар Ігліцка, дадаючы, што палова зь іх ужо ў Польшчу ня вернецца. Нават Галоўная статыстычная ўстанова сьцьвярджае, што 75% польскіх грамадзянаў, якія выехалі на працу, прабываюць за мяжой больш за год. Па згаданай прычыне, згодна з правіламі ААН, яны павінны ўлічвацца ў грамадзтвы краінаў актуальнага прабываньня, - нагадвае штодзёнка „Dziennik”.
Цыганскія дзеці, якія ня ведаюць польскай мовы, трапляюць у спэц-школы. Паводле дадзеных Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі, такім чынам адбываецца ў выпадку кожнага пятага маладога прадстаўніка згаданай этнічнай групы, - чытаем на старонках выданьня „Gazeta Wyborcza”.
Шмат цыганскіх дзяцей, якія паступаюць у школы, ня ведаюць польскай мовы, таму яны не разумеюць настаўнікаў. Адукацыйная пляцоўка накіроўвае іх да псыхалягічна-пэдагагічных цэнтраў, якія праводзяць адмысловыя тэсты – найчасьцяй таксама на польскай мове. Паколькі дзеці не спраўляюцца з польскамоўнымі тэстамі, успрымаюцца як разумова недаразьвітыя й накіроўваюцца ў спэц-школы.
З гэтай думкай не згаджаецца польскае Міністэрства адукацыі, сьцьвярджаючы, што адсотак цыганскіх дзяцей, якія пасьля псыхатэстаў накіроўваюцца ў спэц-школы, не перавышае 0,9%, а спэцыялісты ў псыхалягічна-пэдагагічных цэнтрах бяруць пад увагу культурную й моўную адметнасьць цыганоў.
„З размоваў з прадстаўнікамі цэнтраў вынікае, што хоць яны распараджаюцца рознымі тэстамі, найчасьцей выкарыстоўваюць стандартныя –польскія, паколькі так ім выгадна,” – пераконвае доктар Яанна Талевіч-Квяткоўска з Ягелёнскага ўнівэрсытэту, чалец Асацыяцыі цыганоў у Польшчы. Доктар Квяткоўска з групай псыхолягаў дасьледавала цыганскія дзеці ў польскіх спэц-школах ды аказалася, што частка зь іх ніякіх спазьненьняў у разумовым разьвіцьці не прадстаўляе. Паводле асяродзьдзя цыганоў у Польшчы, праблема вынікае з таго, што Міністэрства адукацыі непахісна мяркуе, што цыганы польскую мову разумеюць дасканала.
„Гэта немагчыма – лічыць Анна Маркоўска з адной з цыганскіх арганізацыяў у Польшчы. – Я ня ведаю нават аднаго цыгана, які ўсё разумее па-польску. Нават тыя, якія жывуць у Польшчы многія гады, часам маюць з гэтым праблемы”,- чытаем у артыкуле, зьмешчаным на старонках выданьня „Gazeta Wyborcza”.
Агляд польскай прэсы падрыхтавала Анна Задрожна.