У мястэчку Гарадок што на Беласточчыне праходзіць Фэстываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча”. Урочышча “Борык”, дзе адбываецца вядомы музычны форум, прыцягвае ня толькі прыхільнікаў музыкі: маладыя людзі ў вялікай ступені прыяжджаюць сюды дзеля атмасфэры. Парадокс лёсу: менавіта тут, у дзесяці кілямэтрах ад мяжы зь Беларусьсю, яны могуць адчуць сябе свабоднымі й быць аўтэнтычнымі ў іншай краіне, бо ў сябе на Радзіме гэта не вітаецца. Цяжка ўявіць, што ў сёньняшняй Беларусі са сцэны маглі б гучаць вольнадумныя тэксты, над публікай лунаць бел-чырвона-белыя сьцягі, а ўдзельнікі насіць кашулькі з выявай “Пагоні”.
Парадаксальна таксама тое, што “Басовішча” арганізоўваюць маладыя беларусы, прадстаўнікі нацыянальнай меншасьці ў Польшчы. І дзякуючы ім іх суайчыньнікі з этнічнай Бацькаўшчыны могуць атрымліваць асалоду ад музыкі айчынных выканаўцаў, але не на Радзіме, а ў “эміграцыі”. Здавалася б, што рухавіком нацыянальнага адраджэньня для польскіх беларусаў павінна быць этнічная радзіма, а атрымліваецца наадварот...
Зрэшты, можа й таму “Басовішча” ня страціла свайго іміджу й значэньня. Нягледзячы на галасы крытыкі, якія час ад часу зьяўляюцца, фэстываль захаваў свой калярыт, прыцягальны характар ды рэнамэ. Кожны год арганізатары – Беларускае аб’яднаньне студэнтаў зь Беластоку – уводзяць новыя элемэнты на мерапрыемстве. Напрыклад, штогод фэстываль вядзе розны вядучы. Сёлета гэта Андрэй Тагінданг – лідар гурта “Рэха”, бадай што найбольш вядомы чарнаскуры беларус. Зь ім размаўляе Дзьмітры Гурневіч.
Такім чынам, як сказаў Андрэй Такінданг, гледачоў чакае фаер-шоў, выступленьні «Нейра Дзюбеля», «Зьніча» ды IQ-48, а таксама паказы беларускага незалежнага кіно ды вынікі майстар-клясаў трафарэтаў. Сёньня таксама стане вядомы пераможца Гран-пры конкурснай часткі “Басовішча”. Нагадаем, спонсарам узнагароды – адзінай на сёлетнім “Басовішчы” – зьяўляецца Польскае радыё для замежжа.
Фэстываль завершыцца заўтра, у нядзелю.
Дзьмітры Гурневіч/Валеры Саўко