• Агляд польскага друку
  • 03.03.2011

 

На старонках выданьня “Gazeta Wyborcza” чытаем пра сустрэчу, зьвязаную з пытаньнямі Ўсходняга партнэрства, якая адбываецца ў Братыславе. Праўда, вочы ўсяго сьвету глядзяць цяпер на Лібію ды іншыя арабскія краіны, але Цэнтральная Эўропа не адмаўляецца ад важнага праекту, які датычыць усходняй палітыкі Эўрапейскага Зьвязу. Тым больш, што ўвага ЭЗ цяпер можа канцэнтравацца на паўднёвых суседзях, што некарысна паўплывае на УП, як у фінансавым, так і палітычным пляне.

Таму сёньня ў Братыславе кіраўнікі МЗС Вышэградзкай групы (Чэхіі, Польшчы й Славаччыны), сустракаюцца са сваімі калегамі з краін УП – міністрамі заміежных справаў Украіны, Малдовы, Грузіі, Азэрбайджану, Армэніі й Беларусі. Апрача кіраўніка дыпляматыі Зьвязу Кэтрын Эштан, у Братыславу прыеязджае міністар замежных справаў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле. Магчыма, ён паставіць свой подпіс пад дэклярацыяй дапамогі, якую Нямеччына акажа краінам партнэрства.

Ужо саму прысутнасьць Вэстэрвэле ў Братыславе можна назваць посьпехам, паколькі Нямеччына зьяўляецца самай вялікай дзяржавай у ЭЗ і ўносіць найбольшую суму ў бюджэт Зьвязу, а таксама грае першую скрыпку ў барацьбе з эканамічным крызысам. Таму падтрымка Бэрліна дазваляе спадзявацца, што УП ня страціць важнасьці з-за арабскіх падзеяў.

У сталіцу Славаччыны прыедзе таксама беларускі віцэ-міністар МЗС Валеры Варанецкі. Нягледзячы на тое, што Менск жорстка распраўляецца з апазыцыяй, а нядаўна аказалася, што КДБ катуе вязьняў, то ні Варшава, ні Брусэль не намераны выключаць Беларусь з Усходняга партнэрства. Дзякуючы праграме можна аказаць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці.

“Я спадзяюся, што прысутнасьць міністра Варанецкага будзе нагодай, каб сказаць яму, наколькі нас непакоіць сытуацыя ў Беларусі, і што мы патрабуем дэмакратызацыі й спыненьня рэпрэсій”, - заявіў Мікалай Даўгялевіч, які ў Братыславе будзе прадстаўляць Польшчу.


 

Гэтае ж выданьне “Gazeta Wyborcza” згадвае пра ўчорашнія прысуды ўдзельнікам апазыцыйных пратэстаў. Суд траім зь іх даў ад 3 да 4,5 гадоў турмы. Суд прызнаў, што яны білі міліцыянтаў і зьнішчалі дзяржаўную маёмасьць.

“Працэс ня меў нічога агульнага з законам. Гэта быў палітычны заказ”, - заявіў выданьню Гары Паганяйла зь Беларускага Хэльсінскага камітэту. Паводле ягоных словаў, меркаваньні адвакатаў, якія даказвалі, што іх кліенты ня ўдзельнічалі ў масавых беспарадках, зусім ня браліся пад увагу. “Улада хоча зламаць апазыцыю й поўнасьцю запалохаць грамадзтва”, - мяркуе віцэ-кіраўнік партыі БХД Аляксей Шэйн.

Судовых працэсаў чакаюць у сьледчых ізалятарах яшчэ 32 асобы.


 

Больш людзей польскага паходжаньня зможа вярнуцца на айчыну ў рамках рэпатрыяцыі – піша “Dziennik – Gazeta Prawna”. У выніку зьменаў у заканадаўстве рэпатрыянтамі змогуць стаць ня толькі палякі, якія пражываюць на тэрыторыі Армэніі, Грузіі, Кыргыстану, Казахстану, Таджыкістану, Туркмэністану, Узбэкістану ды азіяцкай часткі Расеі, як было дагэтуль, але таксама Беларусі й Украіны.

Гміны, якія запросяць рэпатрыянтаў, згодна новым правілам атрымаюць фінансавую падтрымку зь дзяржбюджэту. Муніцыпальныя ворганы, якія выдзеляць кватэру рэпатрыянтам, атрымаюць на кожнага рэпатрыянта й чальца яго сям’і па 40 тыс. злотых.

Візавыя анкеты можна будзе атрымаць да канца 2012 году. Па словах аўтараў новага закону, неабходна вызначыць канчатковы тэрмін рэпатрыяцыі, каб была магчымасьць заплянаваць бюджэтныя выдаткі на гэтую мэту.

Паралельна ў Сэйме працягваецца праца пад грамадзянскім праектам закону аб рэпатрыяцыі. Урад ацаніў яго нэгатыўна, паколькі ён дае магчымасьць злоўжываньняў. Справа ў тым, што згодна законапраекту, польскае грамадзянства маглі б атрымаць ня толькі палякі зь іншых краін, але таксама іх жонкі й мужы. А гэта магло б выклікаць хвалю фікцыйных сужонстваў.


 

“Rzeczpospolita” піша пра спрэчкі гісторыкаў і палітыкаў, якія выклікала інтэрвію Ўладзіслава Барташэўскага, міністра з Канцылярыі прэм’ера Польшчы, нямецкаму выданьню “Die Welt”. Былы вязень канцлягеру ў Асьвенціме, жаўнер Арміі Краёвай, такім чынам адказаў на пытаньне, ці не баяўся, калі дапамагаў габрэям: “Калі хтосьці баяўся, то ня немцаў. Калі нямецкі афіцэр убачыў мяне на вуліцы, але не было ў яго ордэру на арышт, мне ня трэба было баяцца. Але калі сусед-паляк убачыў, што я купіў больш хлеба, чым звычайна, то тады трэба было баяцца”.

Выказваньне Барташэўскага падзяліла гісторыкаў і палітыкаў у Польшчы. Адны кажуць, што ён псуе вобраз сваёй краіны й дапамагае немцам напісаць нанава гісторыю вайны, а іншыя бароняць аўтара інтэрвію, гавораць, што менавіта так выглядала акупацыя, а Барташэўскі яе перажыў і мае права казаць, што найбольш небясьпечнымі ў тыя часы былі даносчыкі.

Сам Барташэўскі не жадае размаўляць з журналістамі. Ён гаворыць, што гутарыў з журналістам “Die Welt” дзьве гадзіны й ня ведае, якія фрагмэнты іх размовы той выкарыстае ў інтэрвію.

нг