• Польшча можа стаць нанаімпэрыяй
  • 06.04.2011

“Rzeczpospolita” піша пра адкрыцьцё варшаўскіх навукоўцаў, якое можа зрабіць рэвалюцыю на кампутарным рынку. Выданьне сьцьвярджае, што дзякуючы гэтаму Польшча можа стаць нанаімпэрыяй.

Графен – гэта незвычайны матэрыял, ён складаецца з аднаго слоя атамаў вугалю. Нягледзячы на тое, што графен у некалькі соцень разоў мацнейшы, чым сталь, яго без праблемаў можна сагнуць. Ток празь яго праходзіць значна лепш, чым празь медзь і крэмній, якія шырока выкарыстоўвацца ў электроніцы і, у прыватнасьці, у кампутарах. За адкрыцьцё ўласьцівасьцяў графену Андрэй Гейм і Канстанцін Навасёў атрымалі летась Нобэлеўскю прэмію. Але атрыманыя імі наначасьцінкі графену былі вельмі маленькімі, каб іх можна было выкарыстоўваць камэрцыйна.

Польскія навукоўцы з Варшаўскага ўнівэрсытэту пайшлі далей, чым дасьледаваньні ў лябараторыі. Яны прыдумалі тэхналёгію выкарыстаньня графену на заводах, што дазволіць прадукаваць вялікія плошчы графену найвышэйшай якасьці. Гэта, у сваю чаргу, дасьць магчымасьць разьмяшчаць вялікую колькасьць электронных схем на невялікай плошчы. У выніку кампутары стануць яшчэ меншымі, больш ашчаднымі і ў некалькі соцень разоў хутчэйшымі.

У інтэрвію газэце “Rzeczpospolita” польскія навукоўцы сказалі, што новы матэрыял выцесьніць крэмній, эра якога ў элетроніцы не працягнецца больш, чым 10 гадоў.

“Dziennik.Gazeta Prawna” піша, што прыбытак польскага турыстычнага сэктару ў гэтым годзе павялічыцца на 200 млн. злотых. Палякі масава адмаўляюцца ад замежных вакацыяў і аддаюць перавагу адпачынку ў сваёй краіне. Паводле выданьня, колькасьць браніраваных месцаў на курортах Польшчы павялічылася на 20%.

Вінаватая ўсяму сытуацыя ў Паўночнай Афрыцы й высокі курс валют, што аўтаматычна адбіваецца на кошце замежных пуцёвак. Ажно 90% палякаў заяўляюць, што аддадуць сёлета перавагу курортам на радзіме. Чакаецца, што гэтым летам у Польшчу прыедзе на 5-6% больш замежнікаў, чым звычайна. У мінулым годзе іх было больш за 12 мільёнаў чалавек.

Павелічэньне зацікаўленасьці да адпачынку ў Польшчы заўважылі і ўладальнікі гатэляў. Як паведамляе „Dziennik. Gazeta Prawna”, ужо ў І квартале гэтага году колькасьць забраніраваных месцаў вырасла на 10% у параўнаньні зь мінулым годам. На польскім Балтыйскім узьбярэжжы, напрыклад, зарэзэрваваныя ўжо палова месцаў у турыстычных аб’ектах. Аналягічная сытуацыя назіраецца на Мазурскім паазер’і. Трошкі менш, 30% месцаў, забраніравана ў польскіх гарах.

Сярэдні кошт у трохзоркавым пансіянаце з трохразовым харчаваньнем складае прыблізна 200-250 даляраў за тыдзень. Столькі ж каштуе аналягічны адпачынак у Турцыі.

“Gazeta Wyborcza” піша пра затрыманьне ў Пэкіне кітайскага мастака Ай Уэй Уэя. Выданьне зьвязвае гэта з бозьзю ўладаў перад рэвалюцыяй па арабскім узоры.

У сакавіку на кітайскіх парталах зьвіўся заклік распачынаць мірныя пратэсты ў гарадах краіны. У Пэкіне й Шанхаі, нягледзячы на тое, што на дэманстрацыю ніхто не прыйшоў, паліцыя сканфіскавала ў журналістаў апаратуру, а некаторых паліцыянты нават зьбілі.

Ганконгскія праваабронцы распавялі газэце, што за апошні час у Кітаі затрымана каля 200 дысыдэнтаў, частка зь іх зьнікла, рэшту будуць судзіць. Большасьць з затрыманых знаходзяцца пад хатнім арыштам.

Ай Уай Уэя затрымалі ў нядзелю ў пэкінскім аэрапорце, адкуль ён зьбіраўся ляцець у Ганконг, каб адтуль трапіць на Тайвань. Нягледзячы на заклікі ўрадаў іншых краін і міжнародных арганізацый, ягоны лёс дагэтуль невядомы.

Незалежная кітайская кінарэжысэрка Аі Ксяомінг кажа “выборчай”, што ўлады перакананыя: падаўленьне пратэстаў 1989 году дало штуршок да эканамічнага росту й 20-гадовай стабільнасьці. “Сёньня яны не павінны нікога забіваць, дастаткова затрымаць тых, хто шмат гаворыць. Магчыма, яны думаюць, што дзякуючы гэтаму надоўга затрымаюць крытыку” – сказала ў інтэрвію „GW” Аі Ксяомінг.

дг