• Польскія газэты пішуць пра...
  • 27.04.2011

 

“Беларусь вядзе перамовы наконт варункаў дапамогі” – пад такім загалоўкам выданьне “Dziennik – Gazeta Prawna” піша пра перамовы паміж Беларусяй ды Расеяй. Цягам бліжэйшага тыдня дзьве краіны будуць гатовыя падпісаць дакумэнт на тэму эканамічнай стабілізацыі, які неабходны дзеля таго, каб Расея ды Эўраазіяцкая эканамічная садружнасьць выдзелілі крэдыт для Беларусі. Пра гэта заявіў міністар фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец. Рашэньне беларускага боку азначае, што краіна пападзе ў яшчэ большую залежнасьць ад Расеі.

Харкавец паведаміў, што ўжо ёсьць дамоўленасьць пра некалькі супольных апэрацый, якія будуць ажыцьцяўляцца ў рамках макраэканамічнай стабілізацыі. Андрэй Бакароў з расейскага міністэрства фінансаў сказаў учора, што сума крэдыту й працэнтныя стаўкі па ім будуць дамоўлены цягам 2-3 тыдняў. Ён дадаў, што прынцыпы пазыкі падобныя да тых, якія прапануе Міжнародны валютны фонд.

Беларусь стараецца атрымаць крэдыт ад Масквы ў памеры каля 1 млрд. даляраў і прыблізна 2 млрд. даляраў з фондаў Эўраазіяцкай эканамічнай садружнасьці, якой кіруе Расея.

  

Газэта “Rzeczpospolita” паведамляе пра пляны палякаў пасьля адкрыцьця нямецкага рынку працы для Польшчы. Зь 1 траўня немцы адмяняюць усе абмежаваньні на працу палякаў у сваёй краіне. Польскія ды нямецкія міністэрствы працы мяркуюць, што цягам трох бліжэйшых гадоў за заходнюю мяжу выедзе каля 300-400 тыс. палякаў. Але польскі бок супакойвае, што ня будзе масавых выездаў высокакваліфікаваных спэцыялістаў. Галоўная прычына – адсутнасьць добрага валоданьня нямецкай мовай. Сем гадоў таму, калі некаторыя заходнія краіны адкрылі свой рынак працы для палякаў, выехала намнога больш людзей, перш за ўсё у Вялікабрытанію. Але слабое веданьне ангельскай мовы не было такой перашкодай, як у выпадку нямецкай.

Аднак немцы стараюцца сьцягнуць да сябе спэцыялістаў з Польшчы, нават прапануюць дзеля гэтага курсы сваёй мовы. Напрыклад, нямецкую мову пазнае на бясплатных курсах каля сотні мэдсёстраў у Калішы, а неўзабаве нямецкі бок запрапануе такія ж курсы ў Беластоку ды Ўроцлаве.

 

 

“Gazeta Wyborcza”, як звычайна, друкуе на першай паласе заклік “Вызваліць Пачобута!”. Беларускі карэспандэнт выданьня ўжо 21 дзень знаходзіцца ў гарадзенскай турме, чакаючы працэсу за тое, што быццам бы зьняважыў прэзыдэнта Лукашэнку ў сваіх артыкулах. Яму пагражае пакараньне 2 гадоў зьняволеньня.

Сёньня пра Пачобута выказваецца Зьбігнеў Рамашэўскі, віцэ-маршалэк польскага Сэнату, былы актывіст апазыцыі ў часы сацыялізму. Ён кажа:

“Тое, што здарылася з Пачобутам, упісваецца ў дзеяньні беларускіх уладаў пасьля 19 сьнежня. Анджэй – гэта актыўны, інтэлігентны чалавек, які ўмее сабраць вакол сябе людзей, таму яго арыштавалі. Гэта вялікая страта, у тым ліку й для Саюзу палякаў у Беларусі, у якім Анджэй актыўна дзейнічаў. У такой сытуацыі неабходна задумацца пра магчымасьць абвастрэньня санкцыяў супраць беларускіх уладаў”, - адзначае Зьбігнеў Рамашэўскі.

Гэтае ж выданьне “Gazeta Wyborcza” піша пра адносіны летувісаў да польскай меншасьці ў Летуве. Гадамі цягнуцца стараньні Польшчы, каб мясцовыя палякі маглі пісаць свае прозьвішчы ў дакумэнтах згодна з польскім правапісам. Няма таксама згоды летувіскіх уладаў на двухмоўныя назвы вуліц ды мясцовасьцяў там, дзе пражывае вялікі адсотак палякаў, хаця пра гэта гаворыцца ў двухбаковай дамове, падпісанай у 90-ыя гады. Нядаўна Летува прыняла законт аб адукацыі, у выніку якога колькасьць польскіх школ у краіне зьменшыцца напалову. Экспэрты мяркуюць, што адносіны паміж Польшчай і Летувой найгоршыя за апошнія 20 гадоў.

У сувязі з гэтым група летувіскіх інтэлектуалаў напісала адкрыты ліст, у якім гавыорыца: “З растучым занепакаеньнем назіраем, як у Летуве штодзённа нішчаць зародак эўрапейскай хрысьціянскай цывілізацыі: каштоўнасьці мудрасьці ды талерантнасьці, пакорнасьці ды любові да бліжняга. Мы заклікаем пераадолець палітычныя разнагалосьсі, пагасіць агонь варожасьці, які падпальваюць кароткатэрміновыя палітычныя мэты, шукаць супольную мову з палякамі, што пражываюць у Летуве, як з грамадзянамі адной дзяржавы, якія імкнуцца, як усе мы, спакойна жыць, клапаціцца пра дабро сваё й сваіх дзяцей на гэтай зямлі.

Здольнасьць жыць у міры разам з палякамі сьведчыць пра сьпеласьць нашай нацыі. Мы, большасьць, павінны першыя працягнуць руку й рспачаць працэс яднаньня, які ня будзе просты. Сьвята Вялікадня прымушвае нас шукаць згоду, бо як можна адзначаць сьвята, калі няма згоды паміж братамі?” – напісалі летувіскія інтэлектуалы ў адкрытым лісьце да грамадзтва.        


нг