• Польшча чакае Абаму
  • Audio4.5 MB
  • 26.05.2011

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама прыляціць заўтра ў Польшчу. У Варшаве Абама будзе да суботы. Гэта першы візыт амэрыканскага прэзыдэнта ў Польшчу. У праграме візыту акрамя сутрэчаў з прэзыдэнтам і прадстаўнікамі ўраду Польшчы, удзел у XVІІ саміце лідараў краін Цэнтральна- Ўсходняй Эўропы, а таксама сустрэча з прадстаўнікамі сем’яў ахвяраў смаленскай авіякатасрофы.

На саміт лідараў краін Цэнтральна- Ўсходняй Эўропы ў Варшаву зьедуцца больш за 20 прэзыдэнтаў. Гаспадаром саміта будзе польскі прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі. У сустрэчы прымуць удзел, між іншым, прэзыдэнты Італіі, Нямеччыны, таксама Харватыі ды Ўкраіны. Сустрэча пачнецца раніцай ў Каралеўскім замку. Вечарам на працоўнай вячэры ў Прэзыдэнцкім палацы эўрапейскія прэзыдэнты сустрэнуцца з Баракам Абамам.
Прадстаўнікі польскага ўраду сустрэнуцца з амэрыканскім прэзыдэнтам у суботу. Падчас сустрэчы яны намерваюцца закрануць эканамічныя, вайсковыя і эўраатлянтычныя пытаньні. 

Дарадчык польскага прэзыдэнта па міжнародных пытаньнях Роман Кузьняр лічыць, што другая сустрэча прэзыдэнтаў Камароўскага й Абамы цягам апошніх 6-ці месяцаў зьяўляецца доказам добрых польска-амэрыканьскіх адносінаў. Прэзыдэнцкі дарадчык пераконвае, што нельга казаць, што амэрыканцы прыгадваюць сабе пра палякаў толькі пры нейкай нагодзе.

Роман Кузьняр: Апошняя сустрэча прэзыдэнтаў адбылася ў сьнежні.  Прэзыдэнт ЗША не сустракаецца кожныя паўгоду зь няважным партнэрам. Трэба рэальна ацэньваць сваё месца ў міжнароднай палітыцы, нашыя магчымасьці й значэньне. Але факт інтэнсыўных кантактаў пра нешта сьведчыць.

Праграма візыту амэрыканскага прэзыдэнта ў Польшчу пашырылася двума пунктамі. А гэта сустрэча з бліскімі ахвяраў смаленскай катастрофы й сустрэча з прадстаўнікамі польскіх палітычных партыяў, якая адбудзецца ў суботу ў Прэзыдэнцкім палацы. Запрашэньні на сусутрэчу атрымалі прадстаўнікі ўсіх вядучых палітычных рухаў польскай палітычнай сцэны, а таксама былы прэзыдэнт Лех Валэнса.

На думку дырэктара Інстытуту міжнародных справаў Марціна Забароўскага, гэтая сустрэча зьяўляецца добрым крокам з боку адміністрацыі амэрыканскага прэзыдэнта. Па словах экспэрта, польскія палітычныя партыі маюць праблему з супольным падыходам да пытаньня замежнай палітыкі. Сустрэча з прэзыдэнтам Абамам можа дапамагчы выпрацаваць супольную пазыцыю.

Марцін Забороўскі: У нашай палітыцы, калі гаворка ідзе пра замежную палітыку, існуе велізарны падзел. А гэта аслабляе нашую пазыцыю на міжнароднай арэне. Прыезд Абамы зьяўляецца свайго роду знакам для палітычных партыяў, што ёсьць адпавены момант, каб дамовіцца ў важных палітычных аспэктах, такіх, як знаходжаньне ў Польшчы амэрыканскіх самалётаў F-16.
 
Візыт амэрыканскага прэзыдэнта радуе палітыкаў, але ўскладніць жыцьцё жыхарам і гасьцям польскай сталіцы. Гэта зьвязана з надзвычайнымі сродкамі бясьпекі. 

Функцыянэры славутага Secret Service на час візыту амэрыканскага прэзыдэнта прывезьлі ў Польшчу тоны абсталяваньня: сотні прыбораў, піратэхнічнага абсталяваньня й спэцяльныя аўто. Дапамагаць у ахове Барака Абамы амэрыканскім калегам будуць функцыянэры польскага Бюро аховы ўраду BOR. Прэс-сакратар структуры Дарыюш Александровіч кажа, што польскае абсталяванье зусім ня горшае за амэрыканскае.

Дарыюш Александровіч: Ахова прэзыдэнта ЗША адрозьніваецца ад аховы іншых прэзыдэнтаў. Амэрыканцы прывозяць сваё абсталяваньне, але мы адказваем за бясьпеку прэзыдэнта. Калі ідзе гаворка пра бясьпеку, то мы не ігнаруем ніводнага сыгналу. Мы падрыхтаваныя на розныя сытуацыі й можам сказаць, што на 99% падрыхтаваныя на гэты візыт.

Візыт Барака Абамы спрычыніцца да дадатковых праблемаў з транспартным рухам у Варшаве. У прыватнасьці падчас ягонага пераезду зь лётнішча ў горад  будуць цалкам перакрыты галоўныя гарадзкія вуліцы.

Падобная сытуацыя будзе назірацца ў месцах, якія наведае Абама, а гэта між іншым ваколіцы Прэзыдэнкага палацу, Магіла невядомага жаўнера, ці гатэль  „Marriott”, дзе затрымаецца амэрыканскі прэзыдэнт. Блізу гатэля нельга будзе паркаваць прыватныя аўто. Пацыенты прыватнай мэдычнай клінікі, якая знаходзіцца ў будынку гатэля, інфармаваныя, каб прыходзіць выключна на дамоўленыя візыты, паколькі трэба будзе праходзіць дакладны кантроль.

Караліна Русіновіч