• 4 чэрвеня 1989 году- пачатак палітычнай трансфармацыі ў Польшчы
  • Audio4.43 MB
  • 04.06.2011

4 чэрвеня  1989 году ў Польшчы адбыўся першы тур выбараў у Сэйм і Сэнат.  Як пішуць гісторыкі, у гэты дзень мільёны палякаў пры дапамозе выбарчых картак нанесьлі „сьмяротны ўдар” па камуністычнай дыктатуры. Сёньня - 22-я ўгодкі легендарных для зьмены польскай палітычнай сыстэмы падзеяў.

Выбары былі вынікам пагадненьня паміж камуністычнымі ўладамі ПНР і прадстаўнікамі антыкамуністычнай апазыцыі й касьцёла, дасягнутымі падчас паседжаньня гэтак званага „Круглага стала”. У выніку выбараў кіраваны Лехам Валэнсам незалежны прафсаюзны рух „Салідарнасьць” перамог у змаганьнях з польскімі камуністамі, якія кіравала краінай 44 гады. У выніку выбараў была адроджана вышэйшая палата польскага парлямэнту - Сэнат, ліквідаваны ў 1945 годзе.

Апазыцыя атрымала 161 месца ў Сэйме й 99 у Сэнаце - максымальную лічбу, на якую пагадзіліся падчас перамоў „Круглага стала” камуністычныя ўлады. Грамадзянскі рух „Салідарнасьць” , які ўзьнік на падмурку прафсаюзнай „Салідарнасьці”, падчас перадвыбарчай кампаніі дабіўся доступу на радыё й тэлевізію. На тэлебачаньні штодзённа апазыцыя мела свой навінны выпуск, які рыхтавалі прафэсійныя журналісты - паплечнікі антыкамуністычнага руху.

Камуністы разьлічвалі атрымаць палову месцаў у Сэнаце. На адной зь перадвыбарчых нарадаў генэрал Войцех Ярузэльскі сказаў, што атрыманьне менш чым паловы месцаў у Сэнаце будзе азначаць поўнуй паразу камуністаў. Скончылася тым, што камуністам не ўдалося ўвесьці ў Сэнат аніводнага свайго прадстаўніка. Дзякуючы выбарам удалося паскорыць адстаўку генэрала Ярузэльскага й ягоных людзей.

Дамовы „Круглага стала” прадугледжвалі, што пераходны пэрыяд будзе доўжыцца цяхам 6 гадоў. Аднак мільёны палякаў, якія прагаласавалі за „Салідарнасьць”, пайшлі насуперак плянаў камуністычных уладаў. Больш за тое, без падтрымкі парлямэнтароў „Салідарнасьці” абраньне Ярузэльскага на пасаду прэзыдэнта стала немагчымым.

Нягледзячы на значныя саступкі, камуністы атрымалі некалькі парлямэнцкіх месцаў. Вынік гэтых выбараў часткова памяняў склад палітычных сілаў і стварыў першы ў Цэнтральна-Ўсходняй Эуропе ўрад, кіраўніком якога ня быў камуніст. Аднак у ягоны кабінэт міністраў усё ж такі трапіла некалькі прыхільнікаў камуністычнай ідэалёгіі.

 Гэтак было 22 гады таму.

А сёньня з нагоды ўгодкаў у Польшчы адбываецца шмат разнастайных гістарычных і культурніцкіх імпрэзаў. У варшаўскай галерэі „Кардэгарда” прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі адчыніў выставу „У свабоды ёсьць голас”.

Браніслаў Камароўскі: Трэба паказаць шлях і да „Круглага стала”, і пасьля яго. „Круглы стол” сам па сабе яшчэ ня быў перамогай, быў шляхам да перамогі. Перамога прыйшла 4 чэрвеня падчас галасаваньня мільёнаў палякаў, якія аказалі вялікую падтрымку лягеру „Салідарнасьці”.

 На выставе можна пабачыць фрагмэнты круглага стала, пры якім адбываліся гістарычныя перамовы, машыны для друку ўлётак, якімі карысталіся прадстаўнікі антыкамуністычнага падпольля, ды нават надрукаваць уласную ўлётку.

Дом сустрэчаў зь гісторыяй падрыхтаваў для жыхароў Варшавы цыкл імпрэзаў, сярод якіх - сустрэчы з артыстамі, паказ кінафільмаў ды выставы фатаздымкаў. Суарганізатарка імпрэза Кінга Сахацка кажа, што імпрэзы ладзяцца з мэтаю прыгадаць навочным сьведкам тыя радасныя хвіліны, а маладому пакаленьню стварыць магчымасьць «дакрануцца» да гісторыі.

Кінга Сахацка: Сьвята свабоды - гэта памяць пра гістарычныя падзеі 1989 году, гэта таксама разважаньне над пытаньнем, чым сёньня для нас зьяўляецца свабода ў дэмакратычнай краіне. У польскім календары ёсьць вельмі шмат сумных сьвятаў. Сёньняшняе сьвята – гэта дзень адраджэньня свабоды, і ў сувязі з гэтым - гэта радаснае сьвята.


Прайшло 22 гады, некаторыя прытрымліваюцца думкі, што польская палітычная сыстэма надалей недасканалая й недэмакратычная, а чарговыя пакаленьні палякаў павінны цяжка працаваць над паляпшэньнем сытуцыі ў краіне. Варта аднак памятаць, што 4 чэрвеня 1989 стала пачаткам палітычных перамен ня толькі ў Польшчы, але й ва ўсёй Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе.

Караліна Русіновіч