• “Ніводнаму слову ня верыць. Верыць толькі дзеяньням”
  • Audio5.12 MB
  • 10.06.2011

Беларуская тэматыка актыўна абмяркоўваецца на Глябальным форуме, які адбываецца ў польскім горадзе Ўроцлаў. Трохдзённая сустрэча сабрала сусьветна вядомых палітыкаў, грамадзкіх дзеячаў, экспэртаў з Эўропы, арабскага Ўсходу, Амэрыкі. Карэспандэнты Польскага Радыё ўзялі інтэрвію ў беларускіх удзельнікаў сустрэчы.

Ва ўроцлаўскім Глябальным форуме бяруць удзел былыя й сучасныя прэзыдэнты, міністры, дыпляматы, а таксама інтэлектуалы з розных краінаў сьвету. Яны штогод зьбіраюццца дзеля таго, каб у нефармальнай абстаноўцы абмеркаваць важнейшыя глябальныя праблемы. Тэмамі сёлетняга форуму сталі энэргетычная бясьпека, міжнародны гандаль, будучыня Эўразьвязу, дэмакратычныя рэвалюцыі, а таксама супрацоўніцтва Эўропы ды Амэрыкі. Сярод удзельнікаў форуму – прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі, прэм’ер Малдовы Ўладзімір Філат, намесьнік сакратара абароны ЗША Аляксандар Вэршбоў, амэрыканскі сэнатар Джон МакКэйн.

Беларуская тэматыка гучала падчас амаль кожнай дыскусіі. Пра неабходнасьць падтрымаць дэмакратычныя перамены ў Беларусі казаў прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі.

Б. Камароўскі: У імя нашага ўласнага посьпеху дэмакратычнай трансфармацыі, мы лічым сваім абавязкам падрымліваць працэсы дэмакратызацыі й дэмакратычныя сілы ў Беларусі. Зараз там назіраецца рэгрэс. Беларусь зьяўляецца вялікай праблемай для ўсіх людзей, якія думаюць аб свабодзе й дэмакратыі, і думаюць ня толькі ў пэрспэктыве сёньняшняга альбо заўтрашняга дня, але й ў пэрспэктыве будучыні.

Ва Ўроцлаў былі запрошаныя беларускія журналісты, праваабаронцы й палітыкі. Пра мэты свайго ўдзелу ў Глябальным форуме распавядае кіраўнік Руху “За Свабоду!” Аляксандар Мілінкевіч.

А. Мілінкевіч: Для мяне й для маіх калегаў вельмі важна ўдзельнічаць у дыскусіях. Тут разглядаюцца ня толькі надзённыя праблемы, кшталту таго, як дапамагчы Беларусі й вызваліць нашых палітычных вязьняў. Тут абмяркоўваюцца пытаньні глябальныя й стратэгічныя: як будзе далей разьвівацца сьвет, якія будуць адносіны ўнутры Эўрапейскага Зьвязу, як будуць складвацца адносіны з Кітаем? У Беларусі мы часта пра гэта ня думаем, бо жывем у дыктатуры й таму канцэнтруемся на правах чалавека. Але глябальнае мысьленьне таксама важнае, бо Беларусь усё роўна павінна ўдзельнічаць у глябальных працэсах.

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Станіслаў Шушкевіч таксама лічыць вельмі карысным удзел беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў у дыскусіях такога высокага ўзроўню.

С. Шушкевіч: Гэта цудоўны форум. Сюды запрошаныя спэцыялісты высокага рангу. Тут адкрытая, вельмі свабодная й дэмакратычная дыскусія. Я ня ўтойваю, што я даведаўся пэўныя новыя для сябе рэчы й думаю, што даведаюся яшчэ. Я цешуся, што й нас тут уважліва слухалі.

Як палітыкі ацэньваюць сёньняшнюю сытуацыю ў Беларусі? На думку Аляксандра Мілінкевіча, становішча вельмі цяжкое. Палітыка шакуе ня толькі абсалютна бэзсэнсоўны й жорсткі перасьлед іншадумцаў, але й незразумелыя  дзеяньні беларускага ўраду ў эканамічнай сфэры.

А. Мілінкевіч: Вельмі турбуе тое, што крокі, якія робіць кіраўніцтва Беларусі ў эканамічнай сфэры, таксама бессэнсоўныя. Яны хаатычныя й непасьлядоўныя. Я ніколі не стаяў на пазыцыях “чым горш – тым лепш”. Маўляў, абрынецца эканоміка – і адразу ня стане Лукашэнкі. А што будзе з намі? Добра тое, што ў апошні час вельмі рэзка растуць праэўрапейскія ды прадэмакратычныя настроі. Людзі адчуваюць, што ў Эўропе свабодней і багацей жывуць. А мы мусім зрабіць усё, каб такія тэндэнцыі ўзмацняліся. Тады ніякая дыктатура нас не пераможа.

У Аляксандра Мілінкевіча ёсьць спадзяваньні на палітычныя перамены ў Беларусі. Станіслаў Шушкевіч больш пэсымістычны.

С. Шушкевіч: Сытуацыя ў эканоміцы гіблая. Але я думаю, што нашага дыктатара яшчэ знойдзецца каму ўратаваць, таму што такія асобы патрэбныя тым, хто жыве старымі камуністычнымі паняцьцямі.

Што ў дадзенай сытуацыі павінен рабіць Захад? Перадусім – дабіцца ад Менску вызваленьня палітзьняволеных – кажа Аляксандар Мілінкевіч. Пасьля гэтага трэба змушаць беларускія ўлады да паступовых рэформаў – лічыць палітык.

А. Мілінкевіч: Захад павінен ігнараваць сыгналы беларускіх уладаў пра тое, што яны, маўляў, будуць лепшыя, гатовыя выпусьціць палітвязьняў, праводзіць рэформы... Ніводнаму слову ня верыць! Верыць толькі дзеяньням! Дэклярацыі – гэта вялікая спэцыяльнасьць Аляксандра Лукашэнкі. А нам патрэбныя канкрэтныя крокі. Сёньня перамовы зь Менскам могуць весьціся толькі аб вызваленьні палітвязьняў. Калі зьняволеных больш ня будзе, Эўразьвяз і ЗША павінныя будуць будаваць свой дыялёг зь беларускімі ўладамі на падставе вельмі жорсткай дарожнай мапы. Зрабіла Беларусь рэальны, вымяральны крок наперад – атрымала дапамогу з Захаду. А не так, як было раней, калі Захад казаў: “Мы хацелі б, каб вы штосьці зрабілі”. А беларускія ўлады рабілі тэатр.

Эўразьвязу й ЗША трэба скончыць з дэклярацыямі і перайсьці да больш рашучых дзеяньняў – кажа Станіслаў Шушкевіч.

С. Шушкевіч: Няхай Захад паводзіць сябе ў стасунку да Беларусі так, як ён рабіў з Польшчай, калі яна была ў цяжкім стане. Тады была аказаная моцная дапамога, шматлікія дэталі якой не агучаныя да сёньняшняга дня. Я добра знаёмы з ключавымі польскімі апазыцыянэрамі тых часоў. Я добра ведаю, што рабіў Захад. Няхай ён робіць тое самае, што рабіў у Польшчы. А пакуль што ён прымае дэклярацыі. Гэтага мала.

На глябальным форуме ва Ўроцлаве буддзе уручаная Ўзнагарода Свабоды. Ад імя беларускага народу яе атрымаюць журналітка Жана Літвіна, праваабаронца Алесь Бяляцкі, а таксама артыстка Натальля Каляда.

З палітыкамі размаўляла Яана Кэндзерска