• Польшча экспартуе свой досьвед пераменаў
  • 15.06.2011

Сёньня пачаўся двухдзённы візыт польскага міністра замежных справаў Радаслава Сікорскага ў краіны Паўночнай Афрыкі. Сёньня польскі палітык наведае Эгіпет, а заўтра Туніс.

Выбар краінаў – невыпадковы. У абедзьвюх гэтых краінах на пачатку году адбылася рэвалюцыя, у выніку якой пануючыя дыктатары былі адхілены ад улады. У абедзьвюх арабскіх краінах Радаслаў Сікорскі плянуе дзяліцца досьведам польскай дэмакратычнай трансфармацыі.

Пра гэта пачынаюць казаць усё часьцей на толькі ў Эўропе, але і ў Злучаных Штатах. Напрыклад, на гэта зьвяртаў увагу прэзыдэнт Злучаных Штатаў Барак Абама падчас нядаўняга візыту ў Варшаву. Больш падрабязна з Каіру распавядае Войцех Цагельскі, карэспандэнт Польскага радыё.

Войцех Цагельскі: Польскія ўлады хочуць, каб досьвед мірнай рэвалюцыі, якая зьдзейсьнілася ў 1989 годзе, стаў нашым экспартным таварам. Дзеля гэтага напрыканцы красавіка ў Туніс паляцеў былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса, а ў траўні маршалак Сэнату Богдан Барусэвіч. Мінсітар замежных справаў Радаслаў Сікорскі зьяўляецца трэцім польскім палітыкам, які ляціць у Паўночную Афрыку. Зь іншага боку, ён першы паляцеў з афіцыйным візытам у Эгіпет пасьля адхіленьня ад улады Хосьні Мубарака. Радаслаў Сікорскі паляцеў у Эгіпет ды Туніс яшчэ як прадстаўнік краіны, якая за некалькі дзён пяройме старшынства ў Эўрапейскім Зьвязе. Польшча хоча паказаць, што яна здольная ўзяць адказнасьць за цэлую Эўропу, - зазначыў кіраўнік МЗС. У Каіры Радаслаў Сікорскі сустракаецца з прэм’ер-міністрам і міністрам замежных справаў ды падпіша дамову аб супрацоўніцтве Польшчы й Эгіпту ў турыстычнай сфэры. У праграме візыту таксама адкрыцьцё выставы “Дэкада Салідарнасьці” ў Амэрыканскім ўнівэрсытэце ў Каіры ды сустрэча з прадстаўнікамі эгіпецкіх коптаў.

Паводле словаў віцэ-міністра замежных справаў Кшыштафа Станоўскага, Польшча хоча дапамагаць Эгіпту ня толькі палітычна.

Кшыфтаф Станоўскі: Спрабуем адказаць на пытаньне, у якіх элемэнтах Польшча можа быць там патрэбная. Можа гэта будзе эканамічны элемэнт. Трэба памятаць, што ў выпадку Эгіпту асаблівае значэньне мае армія, якая  прымае рашэньні й безь якой немагчыма нічога вырашыць у эгіпецкай палітыцы.

Адна з арганізатарак дэманстрацыяў на плошчы Тагрыр у Каіры, Эзра Абдэль Фатах сказала Польскаму радыё, што эгіпцяне чакаць на польскую ды эўрапейскую дапамогу.

Эзра Абэль Фатах: Абмен досьведам – гэта вельмі важная рэч для нас. Палякі павінны паказаць, як яны могуць нам дапамагчы сваім досьведам. Мы павінны навучыць наймалодшае пакаленьне таму, што такое палітычнае жыцьцё, як можна ўдзельнічаць у дэмакратыі. Апошнія трыццаць гадоў мы жылі ў сыстэме аднаасабовай улады. Цяпер мы мусім будаваць дзяржаўныя інтытуты, каб яны былі моцныя й незалежныя.

Радаслаў Сікорскі – першы польскі палітык, які наведаў Эгіпет пасьля адхіленьня ад улады Хосьні Мубарака.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч