• Агляд друку
  • 16.06.2011

 

Польскія штодзёнкі шмат пішуць пра гарачыя падзеі на сьвеце. Грэцыя гарыць. Ці можа  таксама затануць? – пытае „Dziennik. Gazeta Prawna”. Эўрапейская камісія ўжо лічыць страты банкаў у выпадку банкруцтва Грэцыі. У гэтым самым часе грэкі абвяшчаюць страйк і не пагаджаюцца на прадстаўлены ўрадам плян скарачэньня выдаткаў на 78 мільярдаў эўра. Ацэньваецца, што страты Нямеччыны, Францыі ды іншых краін зоны эўра ўжо складаюць 50% дадзеных пазыкаў. Кошты банкруцтва такія вялікія, што перавышаюць карысьці, і банкруцтва Грэцыі з кожным днём становіцца ўсё больш праўдападобным – піша „Dziennik. Gazeta Prawna”.


 

Прэзыдэнт Ірану заклікаў Расею й Кітай стварыць супольны фронт супраць Заходняй Эўропы й ЗША – паведамляе „Rzeczpospolita”. На сустрэчы Шанхайскай арганізацыі супрацы – арганізацыі калектыўнай бясьпекі, якая мае быць супрацьвагай для NATO, што прайшла ў сталіцы Казахстану, Махмуд Ахмадзінэжад вінаваціў ЗША й іх саюзьнікаў у злачынствах каляніялізму, рабаваньні Афрыкі, выбуху дзьвюх сусьветных войнаў ды ў стварэньні атмасфэры, якая прывяла да тэрактаў 11 верасьня 2001 году.

 Іншыя прадстаўнікі сустрэчы не аднесьліся да гэтага закліку Ахмадзінэжада. Затое Расея дабілася падтрымкі Кітая ды іншых сябраў Шанхайскай арганізацыі ў справе амэрыканскага антыракетнага шчыта. У супольнай дэклярацыі шэсьць краін асудзілі пляны ЗША, што, маўляў, „аднабаковае неабмежаванае будаваньне супрацьракетнай абароны асобнай дзяржавай ці малой групай дзяржаў можа пашкодзіць стратэгічнай стабільнасьці й міжнароднай бясьпецы”.  


Польскія штодзёнкі прыглядаюцца таксама да Беларусі.

 

„Gazeta Wyborcza” паказвае погляд Расеі на падзеі ў Беларусі, інфармуючы пра спосаб іх асьвятленьня шматтыражнай расейскай штодзёнкай „Маскоўскі камсамолец”, якая піша пра працэс у гарадзенскім судзе журналіста Анджэя Пачобута, зьвінавачанага ў абразе прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. „Маскоўскі камсамолец” паведамляе, што журналіст адказвае за свае публікацыі на старонках „GW” ды ў Інтэрнэце. Пачобут даказваў, што Лукашэнка перасьледуе ня толькі змагароў за свабоды й правы чалавека, але й самую свабоду, права заставацца свабодным. Штодзёнка працытавала выказваньне Пачобута, што „хопіць толькі зьменшыць пачуцьцё страху, а пачынаюцца канвульсіі, якія могуць закончыцца пазбаўленьнем дыктатара ўлады. Дэманстрацыя з 19 сьнежня ў Менску аказалася найбольшай акцыяй пратэсту за апошнія 5 гадоў. Рэжым ня ў стане правесьці рэформы, і таму застаюцца яму толькі насільле, пазбаўляньне людзей годнасьці ды запалохваньне.. А бяз гэтага Лукашэнка ўжо ня быў бы Лукашэнкам” – напісаў „Маскоўскі камсамолец”.

Публікацыя пра Пачобута паявілася таксама на старонках нямецкай штодзёнкі „Die Welt”, якая прыгадала, што летась рэжым Лукашэнкі адважыўся на кантраляванае збліжэньне з Эўропай. У сьнежні аднак адступіў назад, і ахвярай сёньняшняга курсу зьяўляецца менавіта Анджэй Пачобут. „Die Welt” цытуе адзін зь лістоў Пачобута, які апублікавала ягоная жонка Аксана. „Якім бы ня быў прысуд, я чакаю яго са спакоем. Адказныя за гэта ўжо сёньня саромеюцца, інакш працэс быў бы адкрытым”.

„GW” паведамляе, што працэс адтэрмінаваны да бліжэйшай пятніцы. Магчыма, судзьдзя ў акце абвінавачаньня заўважыў памылкі й супярэчлівасьці – ацэньвае сытуацыю менскі адвакат. Калі б справа датычыла абвастрэньня абвінавачаньня, перапынак быў бы даўжэйшы.

 Учора жонка Пачобута спрабавала наведаць мужа, аднак адміністрацыя гарадзенскай вязьніцы не дазволіла ім убачыцца.


Цытаваная „Gazeta Wyborcza” паведамляе, што прэс-сакратар Саюзу палякаў у Беларусі Ігар Банцар прысуджаны на 5 сутак арышту за тое, што быццам бы ў прысутнасьці міліцыянтаў карыстаўся вульгарнай лексыкай. Ігар Банцар у адказ абвясьціў галадоўку.

 Ігар Банцар быў затрыманы ў аўторак раніцай, калі разам з жонкай Анжалікай Арэхвай – старшынёй СПБ – зьбіраўся пайсьці пад будынак суду, у якім за зачыненымі дзьвярыма пачынаўся працэс Пачобута.  

Справа ў тым, каб у пятніцу ня змог зьявіцца на працэсе Анджэя Пачобута, - уважае іх супольны адвакат Уладзімер Кісялевіч. Такія прысуды здараліся ўжо раней – заўсёды тады, калі трэба было каго-небудзь пазбавіць магчымасьці ўдзелу ў нейкай акцыі – зўважыў Мечыслаў Яськевіч з СПБ.  


 

„Rzeczpospolita” паведамляе пра затрыманьне ўчора ў Беларусі двух польскіх журналістаў: Агнешкі Ліхнэровіч з Радыё TOK FM і Барыса Чарняўскага – апэратара польскага грамадзкага тэлябачаньня TVP, якія прыбылі ў Горадню на працэс Анджэя Пачобута. Журналісты паказалі міліцыянтам важную акрэдытацыю, аднак былі затрыманыя падчас акцыі інтэрнаўтаў. Пасьля інтэрвэнцыі польскага консула, журналісты былі адпушчаныя.

Акцыя „Рэвалюзыя праз сацыяльную сетку” прайшла ўчора ў многіх гарадах Беларусі. Яе ўдзельнікі – гэта карыстальнікі папулярных сэрвэраў Vkontakte і Facebook. Яны пры дапамозе інтэрнэту дамаўляюцца на флэш моб, выходзячы а канкрэтнай гадзіне на плошчу свайго горада. Гэтая ініцыятыва выклікае ва ўладаў страх. Учора міліцыя ачапіла цэнтральную плошчу Менска, каб не дапусьціць правядзеньня флэш мобу. У Менску ўчора на гэтую акцыю выйшла больш за тысячу чалавек – паведамляе „Rzeczpospolita”.      
 
нб