• Пра што пішуць польскія газэты?
  • 17.06.2011

 

“Gazeta Wyborcza” пільна сочыць за лёсам свайго карэспандэнта, беларускага журналіста Анджэя Пачобута. Яму пагражае некалькі гадоў турмы нібыта за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Суд над журналістам пачаўся ў аўторак, але дата чарговага паседжаньня ўжо двойчы адкладвалася. Пачобут зьяўляецца сёмым журналістам, які аказаўся на лаве падсудных пасьля мінулых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі – інфармуе  “Gazeta Wyborcza”


 

Хірург-тэрарыст стаў на чале "Аль-Каіды" – паведамляе чытачам газэта “Rzeczpospolita”.  Эгіпцянін Айман аль Завахіры атрымаў у 70-я гады адукацыю лекара й некаторы час працаваў хірургам . Неўзабаве далучыўся да ісламскіх радыкалаў ізрабіўся адным з самых красамоўных іх  ідэолягаў. Тэрарыстычная група пад яго кіраўніцтвам у 90-я гады правяла сэрыю тэрактаў, у якой загінула каля 1200 чалавек.

У якасьці лідара арганізацыі “Ісламскі джыхад” аль Завахіры  шмат падарожнічаў па сьвеце - піша “Rzeczpospolita”. У 1996 годзе ён наведаў Чачню. Там яго затрымалі расейцы – за тое, што ў тэрарыста не было візы. Ён нават прасядзеў паўгады ў СІЗА. Як распавядаў пазьней сам аль Завахіры, у расейскіх сілавікоў не было перакладчыка з арабскай мовы, яны проста не змаглі прачытаць файлаў на яго кампутары й таму выпусьцілі на свабоду.

На думку спэцыялістаў, аль Завахіры будзе цяжка адрадзіць былую моц вельмі аслабелай "Аль-Каіды". За галаву галоўнага тжэрарыста плянэты ЗША прызначылі ўзнагароду ў 25 мільёнаў даляраў.


Выведка радовіўшчаў сланцавага газу ў Польшчы ідзе паскоранымі тэмпамі – піша “Rzeczpospolita”.

Фірмы, якія атрымалі дазвол на распрацоўку нетраў, ужо зрабілі па некалькі свідравінаў. Падчас здабычы газу, заключанага ў скалістых пародах, углыб зямлі запампоўваецца вялікая колькасьць вады з хімічнымі рэчывамі, якія разбураю цьвёрдыя пароды. Таму здабычу сланцавага газу моцна крытыкуюць эколягі.

Кожная сьвідравіна будзе знаходзіцца пад пільным кантролем – абяцае дырэктар Дзяржаўнага геалягічнага інстытуту Польшчы Хэнрык Наўродзкі. Будзе правярацца стан глебы, склад грунтовых водаў і сэйсмічная актыўнасьць. Здабыча сланцавага газу не павінна выклікаць у Польшчы экалагічных праблемаў, бо газаносныя пароды ляжаць глыбока пад слоем артэзіянскіх водаў – на глыбіні прыкладна 3 кілямэтраў, піша польская штодзёнка. “Lane Energy”, адна з фірмаў, якая вядзе геалягічную выведку, абяцае, што здабыча газу пачнецца ўжо праз 2 гады – інфармуе “Rzeczpospolita”.

 

Партыя Пуціна стварае для сябе праціўніка на выбары – піша маскоўскі карэспандэнт “Gazety Wyborczej” Вацлаў Радзівіновіч.

У Расеі набліжаюцца парлямэнцкія выбары. Прэм’ер Уладзімір Пуцін аўральнымі тэмпамі будуе “Ўсерасейскі народны фронт”. У яго ўвоўдуць ня толькі ключавыя палітычныя партыі, але й безьліч грамадзкіх арганізацыяў – па суполкі пчаляроў і дачнікаў уключна. Ідэя стварэньня фронту ўзьнікла таму, што двухмільённая партыя ўлады “Адзіная Расея” даўно ператварылася ў згуртаваньне бюракратаў і старціла папулярнасьць – піша публіцыст “Gazety Wyborczej”.

Калі ёсьць  фронт, павінен быць і праціўнік. Ролю ворага Пуцін запрапанаваў згуляць Міхаілу Прохараву, расейскаму алігарху ды кіраўніку партыі “Правое дело”. Ён мае ўсе рысы, якія расейскія палітыкі прыпісваюць “гнілому Захаду”. Прохараў – гэта фінансавая акула, мільярдэр, прадстаўнік “залатой моладзі”. Ён прапануе падоўжыць працоўны тыдзень з 40 да ажно 70 гадзінаў і павысіць пэнсійны ўзрост.  У параўнаньні зь ім “Адзіная Расея” ужо ня будзе выглядаць як “партыя махляроў і злодзеяў”, а будзе ўспрымацца як абаронца народу – рэзюмуе “Gazeta Wyborcza”.

 

Украінскія алігархі хочуць заваліць Эўропу сельскагаспадарчай прадукцыяй – піша “Dziennik. Gazeta Prawna”.

Украіна вырашыла як мага хутчэй падпісаць дамову аб зоне вольнага гандлю з Эўразьвязам. Пасьля яе падпісаньня Кіеў спадзяецца павялічыць экспарт сельгаспрадукцыі ў эўрапейскія краіны. Украіна, якая валодае 44% чарназёмаў плянэты, хоча стаць жытніцай Эўропы. Пра сур’ёзныя намеры кіеўскіх палітыкаў сьведчаць апошнія зьдзелкі украінскіх алігархаў.

Самы багаты ўкраінец Рынат Ахмэтаў разам з расейцам Вадзімам Навінскім ствараюць вялікі аграрны холдынг “HarvEast”. Мэтай фірмы будзе экспарт прадуктаў харчаваньня ў Эўразьвяз. Дзякуючы паніжэньню коштаў расейскага газу, уласьніку заводаў азотных угнаеньняў Міколе Фірташу ўдалося значна панізіць цэны сваёй прадукцыі. І яна таксама пойдзе на эўрапейскі рынак. Дамову аб вольным гандлі з Эўрапейскім зьвязам Украіна можа падпісаць да канца гэтага году – піша  “Dziennik. Gazeta Prawna”.

ап