• Радаслаў Сікорскі вярнуўся ў Польшчу
  • 17.06.2011

Завершыўся візыт міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага ў Паўночную Афрыку. Мэтай паездкі была падтрымка дэмакратычных пераменаў у краінах гэтага рэгіёну.

У выніку масавых пратэстаў напрыканцы мінулага ды пачатку бягучага году ў Тунісе ды Эгіпце ад ўлады былі адхілены аўтарытарныя шматгадовыя прэзыдэнты Зін эль-Абідзін Бэн Алі ды Хосьні Мубарак.
Сёньня ўначы ў Польшчу вярнуўся кіраўнік польскай дыпляматыі пасьля двухдзённага візыту ў Эгіпэт ды Туніс. Ён езьдзіў туды, каб выказць падтрымку дэмакратычным пераменам, якія адбываюцца ў гэтых краінах, пасьля рэвалюцыйных падзеяў пачатку году.

Радастаў Сікорскі: Польшча ініцыявала падзеньне камунізму. Таму мы з такой увагай ды салідарнасьцю назіраем за тым, што адбываецца ў Тунісе.

Іншай мэтай візыту польскага міністра было жаданьне паказаць, што напярэдадні старшынства ў Эўрапейскім Зьвязе Польшча цікавіцца паўднёвымі суседзямі ЭЗ гэтаксама, як і ўсходнімі. Апроч гэтага, Радаслаў Сікорскі заахвочваў польскіх турыстаў вяртацца на курорты Эгіпту ды Тунісу. Пра хаду візыта распавядае карэспандэнт Польскага радыё Войцех Цэгельскі.

Войцех Цэгельскі: У Каіры Радаслаў Сікорскі сустрэўся з прэм’ерам і міністрам замежных спраў Эгіпту. Ён сказаў, што Польшча падтрымлівае дэмакратычныя перамены ў Эгіпце ды гатова дапамагаць у стварэньні новых структураў. Ён падпісаў двухбакоўвае пагадненьне пра супрацоўніцтва ў турыстычнай галіне ды заклікаў, каб палякі дапамаглі Эгіпту, едучы на адпачынак на куроты гэтай краіны. Кіраўнік польскай дыпляматыі казаў эгіпцянам, як выглядае ды дзейнічае польская парлямэнцкая сыстэма й адчыніў выставу пра польскую „Салідарнасьць”. У Тунісе Радаслаў Сікорскі запэўніў урад гэтай краіны, што Польшча як старшыня Эўразьвязу будзе адвакатам дэмакратычных арабскіх краін. Міністар выступіў зь лекцыяй ва ўнівэрсытэце, сустрэўся з моладзьдзю, а ў Польшчу забраў тры хрысьціянскія сем'і, якія ўцяклі зь Лібіі ды жылі ў часовых лягерах у Тунісе.

Міністар Радаслаў Сікорскі –чарговы польскі палітык, які наведаў краіны Паўночнай Афрыкі пасьля палітычных пераменаў, якія там адбыліся. Напрыканцы красавіка ў Туніс езьдзіў былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса, а ў траўні - старшыня Сэнату Богдан Барусэвіч. Паводле словаў былога польскага дыплямата Януша Райтэра, польскі вопыт трансфармацыі з 1989-га года становіцца свайго роду экспартным таварам.

Януш Райтэр: Зацікаўленьне Паўночнай Афрыкай ня толькі польскага ўраду, але й польскіх лідараў зьяўляецца добрым прыкладам падтрымкі Польшчай краін, якія становяцца на шлях дэмакратыі. Гэта прыносіць нам пачуцьцё місіі, што вельмі важна на сёньняшні дзень для краіны. Дагэтуль падобнае пачуцьцё місіі ў нас было толькі ў дачыненьні да Ўкраіны й Беларусі.

Пра тое, што Польшча можа пасьпяхова дзяліцца сваім дэмакратычнам досьведам з арабскімі краінамі, усё гучней пачынаюць казаць розныя эўрапейскія ды амэрыканскія палітыкі. Напрыклад, некалькі тыдняў таму на гэта зьвяртаў увагу прэзыдэнт ЗША Барак Абама падчас візыту ў Варшаве. Падобнага меркаваньня прытрымліваецца былы амэрыканскі амбасадар у Польшчы Віктар Аш.

Віктар Аш: Польская гісторыя трансфармацыі й шляху да дэмакратыі вельмі багатая й можа стаць прыкладам для Лібіі, Эгіпту ды іншых краін. Памятайма, што калі завяршаецца вайсковая фаза рэвалюцыі, нельга вылечыць усе хваробы ды вырашыць усе праблемы за адну ноч. Больш за тое, у такі момант пануе нелёгкае пачуцьцё, што робіш адзін крок наперад, а два - назад.

Польшча хоча падтрымліваць дэмакратычныя перамены ў краінах Паўночнай Афрыкі, дзе нядаўна адбыліся рэвалюцыі, у тым ліку падчас свайго старшынства ў Эўрапейскім Зьвязе.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч