• ПУЛЬС ПОЛЬСКАЙ ЭКАНОМІКІ
  • Audio5.49 MB
  • 21.06.2011

 

Эканамічны саміт Польшча-Нямеччына

Цягам апошніх гадоў тэмп росту буйных нямецкіх інвэстыцыяў у Польшчы значна зьменшыўся.

Паводле дадзеных Польскага агенцтва інвэстыцый і замежнай інфармацыі, сёлета па інвэстпраектах немцы знаходзяцца на 5-6 месцах.

Падчас арганізаванага ў Варшаве Эканамічнага саміту Польшча- Нямеччына старшыня агенцтва Славамір Майман зазначыў, што хоць і назіраецца зьмяншэньне актыўнасьці нямецкага бізнэсу ў Польшчы, то Нямеччына надалей застаецца другім па велічыні замежным інвэстарам у Польшчы.

Славамір Майман : Агульная сума ўсіх нямецкіх інвэстыцыяў у Польшчы ад 1993 году складае больш за 20 мільярдаў эўра. Гэта сур’ёзная сума, паколькі гэта амаль 17% усіх замежных інвэстыцыяў у краіне. Рашучая большасьць нямецкага капіталу ў Польшчы – гэта інвэстцыі малых і сярэдніх фірмаў, прычым наадварот, чым у выпадку амэрыканскага, брытанскага, швэдзкага ці францускага капіталаў.

- заявіў Славамір Майман, старшыня Польскага агнецтва інвэстыцый й замежнай інфармацыі.

У Польшчы дзейнічае больш за 6 тысячаў нямецкіх фірмаў. Польшча зьяўляецца дзявятым у чарговасьці гандлёвым партнэрам Нямеччыны.

Паводле дасьледаваньняў Польска-нямецкай прамыслова-гандлёвай палаты, больш за дзьве трэція нямецкіх фірмаў у Польшчы плянуе павелічэньне сваіх абаротаў у 2011 годзе, амаль палова прадугледжвае рост экспарту, а больш за адну трэцюю плянуе павялічыць працаўладкаваньне й інвэстыцыйныя выдаткі ў Польшчы.

Учарашні Эканамічны саміт Польшча-Нямеччына прайшоў у рамках адзначэньня 20-годзьдзя заключэньня дамовы аб добрасуседзкіх адносінах між Польшчай і Нямеччынай.


Польшча траціць кітайскі рынак

Зьмяншаецца рост польскага экспарту ў Кітай. У першым квартале бягучага году польскія фірмы прадалі ў Паднябесную тавараў на 294 мільёны эўра.

Гэта амаль на 19% менш, чым у аналягічным пэрыядзе мінулага году, сьведчаць уступныя дадзеныя польскага Міністэрства эканомікі.

Паводле экспэртаў, гэта галоўным чынам зьвязана са зьменай кітайскай палітыкі, у прыватнасьці, экспансіяй у Афрыцы й Паўднёвай ды Цэнтральнай Амэрыцы. У гэтых рэгіёнах КНР многа інвэстуе ў здабычу сыравіны, напрыклад, медзі, якая да гэтага часу была адной з галоўных польскіх экспартных пазыцый у Кітай.

Адначасова адмыслоўцы зьвяртаюць увагу на агромны імпарт кітайскіх тавараў у Польшчу. Цягам першых трох месяцаў бягучага году палякі імпартавалі тавараў на 3 мільярды эўра. У выніку дэфіцыт гандлёвага абароту склаў 2 мільярды 700 мільёнаў эўра. Настолькі вялікая нераўнавага не назіраецца ў гандлі зь ніякім іншым гандлёвым партнэтам Польшчы, нават Расеяй, адкуль Польшча купляе большасьць вуглевадароднай сыравіны.

Гэта не канец праблемаў. Пасьля паразы кітайскай інвэстыцыі па будаўніцтве часткі аўтастрады А2 Варшава-Лодзь (цэнтральная Польшча), учора іншая кітайская фірма адтэрмінавала падпісаньне дамовы аб набыцьці часткі акцый мэталюргічнага заводу „Stalowa Wola”. Афіцыйная прычына згаданага рашэньня – адсутнасьць паразуменьня зь мясцовымі прафсаюзамі, якія патрабуюць захаваньня сацыяльнага пакету.

Аднак зь неафіцыйных камэнтароў вынікае, што адмоўнае рашэньне аб набыцьці мэталюргічнага заводу - гэта кітайскі адказ на крок польскіх уладпў, якія выкінулі кітайскую фірму COVEC з аўтастрады А2.

Варшава: 20 гадоў разьвіцьця офіснага рынку

20 гадоў таму арэнда квадратнага мэтра ў варшаўскім офісе каштавала амаль 60 даляраў.

Цяпер найбольшая цана за мэтар складае 26 эўра. Падзеньне цаны – гэта вынік разьвіцьця офіснага рынку ў польскай сталіцы ды немалой канкурэнцыі.

Паводле дадзеных „European Cities Monitor”, Варшава знаходзіцца ў групе эўрапейскіх гарадоў, дзе існуюць вельмі добрыя ўмовы для разьвіцьця фірмы.

У польскай сталіцы знаходзіцца каля 400 офісных будынкаў, найбольш сучасных ў Эўропе ў тэхнічным пляне й паводле стандартаў.

Паводле дадзеных Cushman&Wakefield, цягам апошніх 20 гадоў сярэднія аплаты за арэнду панізіліся ўдвая. Арэнта 1 квадратнага мэтра ў цэнтры сталіцы каштуе 24-27 эўра ў месяц. Па-за цэнтрам горада – 16-17 эўра.
Варшава таксама зьяўляецца ў краіне лідарам па плошчы прапанаваных офісаў – тут найбольш офісаў для арэнды. Сярод рэгіянальных гарадоў найбуйнейшыя офісныя фонды, між іншым, у Кракаве, Уроцлаве, Катавіцэ, Познані ды Лодзі. Там арэнда 1 квадратнага мэтра складае 12-16 эўра ў месяц.

rp.pl/аз


Расьце запазычанасьць польскіх гмінаў

Павялічваецца колькасьць гмінаў у Польшчы, якія перавышаюць вызначаны дзяржавай ліміт запазычанасьці.

Дзеля параўнаньня: у 2009 годзе вызначаны законам парог запазычанасьці перавысілі прыкладна 7 гмінаў, а ўжо ў 2010 годзе - 17.

Ліміт запазычанаці ня можа перавысіць 60% гадавога бюджэту найменшай тэрытарыльяна-адміністрацыйнай адзінкі. У сытуацыі перакрочаньня ліміту гмінам пагражае зьмяншэньне выдаткаў ды нават увядзеньне зьнешняга кіраваньня, прызначанага зьверху.

Праблемы большасьці гмінаў вынікаюць з прыняцьця аптымістычных бюджэтных плянаў. А частка гмінаў, якія рэалізуюць інвэстыцыі ў рамках праграмаў з фондаў Эўразьвязу, скардзіцца на запозьнены перавод эўрапейскіх фінансавых сродкаў.

Паводле агульных ацэнкаў, таксама сёлета запазычанасьць гмінаў павялічыцца прыблізна на 14 мільярдаў злотых (3,5 мільярда эўра).
Міністар фінансаў стараецца абмежаваць даўгі гмінаў шляхам увядзеньня лімітаў бюджэтных дэфіцытаў муніцыпальных уладаў.

rp.pl/аз


Курс валютаў паводле НБП:

Эўра- 3.99 зл
Даляр- 2.80 зл
1 тысячаў БР- 0.55 зл

Падрыхтавала Анна Задрожна