• Агляд польскага друку
  • 21.06.2011

Польская штодзёнка “Rzeczpospolita” піша сёньня пра эўрапейскія санкцыі супраць набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі фірм. Кіраўніцтва Эўрапейскага Зьвязу прыняло рашэньне пра замарожаньне рахункаў і забарону гандлю з трымя беларускімі фірмамі. Гэта першы ўдар ЭЗ па фінансавых рэсурсах дыктатара – піша польскае выданьне.
Дагэтуль ЭЗ уводзіў толькі фінансавыя санкцыі супраць некаторых асобаў. Цяпер прыйшоў час на прадпрыемствы, асабліва тыя, якія гандлююць зброяй ды паліцыйным аснаджэньнем і забясьпечваюць фінансавымі рэсурсамі Лукашэнку – казаў учора ў Люксэмбургу міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі.
Санкцыі датычаць трох фірмаў: Белтэхэкспарт, Белтэлекам і Спорт-пары. Паводле эўрапейскіх дыпляматаў, якіх цытуе газэта, абраныя фірмы набліжаны да Лукашэнкі. Пры гэтым санкцыі не закрануць насельніцтва. Гэтаксама пашырыўся сьпіс прадстаўнікоў рэжыму, ахопленых візавымі ды фінансавымі санкцыямі. 189 асобай з “воўчым білетам” стаў Уладзімір Пефціеў, эканамічны дарадца Лукашэнкі. Польскае выданьне зазначае, што ў Эўропе ідзе дыскусія пра тое, ці не забраць Беларусі права на арганізацыю чэмпіяната сьвету па хакею ў 2014 годзе. Гэта была б балючая санкцыя для Лукашэнкі. У будучыні, не выключае польскае выданьне, Эўропа магчыма вернецца да гэтага пытаньня.

Штодзёнка “Rzeczpospolita” піша сёньня пра новую акцыю тэлевізіі Белсат, якая называецца “Салідарныя з палітычнымі вязьнямі”. Тэлеканал пачаў падрыхтоўку да запісу 30 кароткіх фільмаў з удзелам вядомых беларускіх і сусьветных асобаў, якія будуць выказваць словы падтрымкі палітычным вязьням у Беларусі.  Сярод вядомых палякаў называюцца прозьвішчы Адама Міхніка, Анджэя Вайды, Тадэвуша Мазавецкага й Кшыштафа Занусі. Гэта сьпіс далёка ня поўны – кажуць у кіраўніцтве тэлеканалу. Першы фільм -- піша польская газэта --  будзе паказаны ўжо на будучым тыдні. Фільмы будуць зьмешчаны таксама ў інтэрнэце.

ххххххххххххххххххххххххххх

Беларускай тэме прысьвячае ўвагу й штодзёнка „Gazeta Wyborcza”. Польскае выданьне піша пра эўрапейскія санкцыі ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі ды зьвяртае ўвагу на працу беларускіх ідэёлягаў ды прапагандыстаў у Польшчы. Справа ў тым, што некаторыя польскія нацыяналісты пачалі выказваць сваё захапленьне стылем кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Размова ідзе пра невялікую арганізацыю былых скрайне правых палітыкаў “Адданыя сувэрэннай Польшчы”. У сьнежні мінулага году яны напісалі ліст зь віншаваньнямі да Лукашэнкі ды здымаюць фільмы, у якім хваляць беларускі рэжым. Адзін з такіх фільмаў пад назвай “Другая Японія” паказвалі на мінулым тыдні ў Варшаве. На паказе была здымачная група Беларускага тэлебачаньня разам з шэрагам маўклівых спадароў і ўдзельнікі розных патрыятычных аб’яднаньняў з часоў камуністычнай Польшчы. Аўтары фільму прызналіся, што фінансавыя сродкі на здымкі атрымалі зь Менску. Паводле словаў беларускага апазыцыянэра Антона Цялежнікава, якога цытуе газэта, гэтыя людзі - скарб для Лукашэнкі, які прадстаўляе іх у беларускіх СМІ як уплывовых польскіх палітыкаў, што падтрымліваюць ягоны курс. 

ххххххххххххххххххххххх

 „Dziennik. Gazeta Prawna” таксама піша пра эўрапейскія санкцыі супраць набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі беларускіх фірмаў. Газэта падкрэсьлівае, што ЭЗ ударыў па сыну дыктатара Дзьмітрыю й зьвязаных зь ім бізнэсоўцах.
Гэтаксама польскае выданьне прысьвячае ўвагу падзеям ва Ўкраіне. Урад гэтай дзяржавы, абураны нежаданьнем Масквы бачыць ва Ўкраіне раўнапраўнага партнэра, пашырае свае кантакты з ЭЗ ды Кітаем. З Эўрапейскім Зьвязам Украіна зьбіраецца падпісаць дамову аб свабодным гандлі. Кітай падпісаў з Украінай кантракты на суму 3,5 мільярды даляраў. Сярод сумесных праектаў называецца будаўніцтва электрастанцыі ў Крыме, будова хуткай чыгункі зь Кіева ў аэрапорт “Барыспаль”, а таксама сумеснае авіяпрадпрыемства на базе кіеўскага заводу імя Антонава.
Для Кітая Ўкраіна становіцца важным партнэрам ва Ўсходняй Эўропе. Гандлёвы абарот паміж краінамі перакрочыў сёлета 10 мільярдаў даляраў, што азначае 80% росту ў гадавой пэрспэктыве. Такім чынам, Пэкін рыхтуе для сябе пляцдарм, які дазволіць на бязмытны ўваход на рынкі ЭЗ.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч