• Пра што пішуць польскія газэты?
  • 04.07.2011

 

Пратэстоўцам не ўдалося заглушыць Лукашэнку – пра падзеі 3 ліпеня ў Менску піша “Gazeta Wyborcza”. 

Плян маладых беларускіх апазыцыянэраў быў просты – тлумачыць  газэта: падысьці як мага бліжэй да трыбуны, на якой стаіць Аляксандар Лукашэнка, і калі ён пачне гаварыць, заглушыць яго прамову аплядысмэнтамі. Аднак КДБ перашкодзіла плянам людзей. Першыя затрыманьні адбыліся ўжо ля рамак металашукальнікаў, празь якія гледачы траплялі на парад. Потым у “бой” уступілі пераапранутыя супрацоўнікі спэцслужбаў. Яны накідваліся групай і выцягвалі з натоўпу асобных людзей – ч аста толькі за нібыта падазроны выгляд.
Падчас прамовы Лукашэнкі ў далоні пляскалі толькі некалькі асобаў. Самыя сьмелыя адважыліся павярнуцца да трыбуны сьпіной.

Вечарам людзі зьбіраліся ля чыгуначнага вакзалу. Дзясяткі пераапранутых КДБ-шнікаў хапалі іх, білі й кідалі ў аўтазакі, ужывалі пярцовы газ. Падчас параду й вячэрніх пратэстаў у Менску затрымалі каля 200 чалавек – піша “Gazeta Wyborcza”. Паводле апошніх сацыялягічных апытаньняў, рэйтынг Лукашэнкі ўпаў 3 50% да 30%.

 

Эўразьвяз ратуе Паўночную Карэю ад голаду – паведамляе польская штодзёнка “Rzeczpospolita”.

Такой дрэннай сытуацыі з харчаваньнем, якая пануе ў Паўночнай Карэі сёньня, не назіралася вельмі даўно – кажуць экспэрты Эўразьвязу, якія наведалі краіну ў траўні. Дажджы мінулага году, надзвычай суровая й сьнежная зіма, а таксама эпідэмія хатняй жывёлы прывялі да голаду. Нормы харчаваньня паўночных карэйцаў былі паменшаныя з 400 грамаў збожжа ў дзень да 150 грамаў. Гэта менш, чым жменя рысу – тлумачыць газэта.

Паводле дадзеных ААН, галадаюць ажно 6 мільёнаў з 24 мільёнаў жыхароў Паўночнай Карэі. У сувязі з гэтым, Эўразьвяз распачынае праграму дапамогі. Яна будзе скіраваная да 650 тысячаў людзей і будзе каштаваць 10 мільёнаў эўра. Улады Паўночнай Карэі прадставілі эўрапейскім экспэртам на дзіва свабодны доступ да шпіталёў, рынкаў, цэнтраў разьмеркаваньня харчаваньня й нават прыватных дамоў. Камуністычны рэжым прызнаў, што ў краіне пануе голад – канстатуе  “Rzeczpospolita”.       

 

Палякам не падабаецца якасьць мэдыцыны, дарогаў і бюракратыя.

На што найчасьцей скардзяцца палякі? Аказваецца, не на малыя заробкі, дарожныя заторы ці дрэннае надвор’е. Больш за ўсё палякам ва ўласнай краіне не падабаецца нізкі ўзровень мэдыцынскіх паслугаў, дрэнныя дарогі й бюракратыя – піша штодзёнка “Dziennik. Gazeta Prawna”. 

Паводле дадзеных апошніх сацыялягічных апытаньняў, амаль палова палякаў наракае на дрэнную якасьць мэдыцынскіх паслугаў. Па трыццаць працэнтаў галоўнай праблемай лічаць заблытанае заканадаўства й няразьвітую дарожную інфраструктуру. На чацьвертым месцы – праблема высокіх падаткаў. Больш за 60 % апытаных патрабуюць, каб дзяржава лепш спраўлялася са сваімі абавязкамі. Яны плацяць высокія падаткі, але ўзамен атрымліваюць паслугі нізкай якасьці – тлумачаць сацыёлягі.

Дамінік Строс-Кан можа быць апраўданы.

Былы шэф Міжнароднага валютнага фонду яшчэ мае шанец стаць прэзыдэнтам Францыі. Гэтага жадае амаль палова французаў – піша “Dziennik. Gazeta Prawna”.

Працэс Дамініка Строс-Кана, распачаты з-за абвінавачаньня фінансіста ў спробе гвалту пакаёўкі, атрымаў нечаканае разьвіцьцё. Пракурор паставіў пад сумнеў паказаньні абвінаваўцы – пакаёўкі Нафісату Дзіяла. Аказалася, што пасьля сутыкненьня са Строс-Канам яна прыбрала ў яшчэ адным пакоі, і толькі тады заявіла ў паліцыю. На наступны дзень яна патэлефанавала да знаёмага й запэўніла яго, што “ведае, што робіць, бо гэта багацей, зь якога можна выцягнуць шмат грошай.” Нарэшце высьветлілася, што, просячы палітычнага прытулку ў ЗША, ураджэнка Гвінэі прадставіла ілжывую інфармацыю. Прысуд у справе Дамініка Строс-Кана будзе агалошаны 18 ліпеня – піша “Dziennik. Gazeta Prawna”.


 

У Ісьляндыі цыгарэты будуць прадаваць толькі па рэцэпце – пра нечаканае рашэньне малой скандынаўскай краіны распавядае газэта “Rzeczpospolita”.

Праз 10 гадоў Ісьляндыя будзе адзінай дзяржавай на сьвеце, дзе паленьне будзе забароненае поўнасьцю. Ісьляндзкі парлямэнт падтрымаў адпаведную ініцыятыву міністра аховы здароўя. Цыгарэты ў гэтай краіне будуць прадаваць толькі ў спэцыяльных аптэках і толькі  па рэцэптах. Выпішуць іх тым, у каго лекары канстатуюць трывалае ўзалежненьне ад нікатыну.  Ісьляндыя ўжо сёння мае самыя жорсткія ў Эўропе абмежаваньні ў стасунку да курцоў. У гэтай дзяржаве паленьне забароненае ў публічных месцах, рэстаранах, клюбах. У крамах нельга выстаўляць цыгарэты на прылаўкі. Нягледзячы на гэта, у Ісьляндыі, якая налічвае крыху больш за 300 тысячаў чалавек, паліць кожны чацьверты жыхар краіны.

ап