• Закон аб нацыянальных і этнічных меншасьцях
  • 12.01.2005

41 гміна ў Польшча зможа ўвесьці ў афіцыйнае карыстаньне дадатковую мову, гэта значыць мову нацыянальных меншасьцяў. Гэта адзін з запісаў закону, прынятага польскім Сэймам. Сёньня мы размаўляем з дэпутатам Саюзу Левых Дэмакратычных Сілаў Яўгенам Чыквінам. Ці, на Вашую думку, гэты Закон аб нацыянальных і этнічных меншасьцях задавальняе нацменшасьці ў Польшчы?

Яўген Чыквін:
Так. Прадстаўнікі ўсіх арганізацыяў і меншасьцяў, зь якімі Камісія Нацыянальных і Этнічных Меншасьцяў кантактавалася, чакалі, а нават крытыкавалі Сэйм за тое, што закон ня быў прыняты цягам 12 гадоў. Цяпер я думаю, што яны задаволеныя з таго, што Закон аб нацыянальных і этнічных меншасьцях удалося прыняць.

Дадатковыя мовы, мовы нацменшасьцяў гэта, між іншым, беларуская, летувіская, кашубская й нямецкая, але не ўкраінская мова, таму што ўкраінцы расьсеяныя па цэлай краіне.

Яўген Чыквін:
Гістарычныя падзеі – такія трагічныя, як акцыя перасяленьня ўкраінцаў „Вісла” – адмоўна паўплывалі на гэтую нацменшасьць, так як і на лэмкаў, і яны, на жаль, не выконваюць крытэрыяў, запісаных у законе. Гаворка йдзе пра тое, што калі мінімум 20% жыхароў гміны зьяўляюцца чальцамі нацменшасьцяў, тады мясцовае самакіраваньне можа прыняць рашэньне аб выкарыстаньні дадатковай мовы. Каб мова нацыянальнай меншасьці ў дадзенай гміне была прызнаная дадатковай мовай, рада гміны вымушаная зьвярнуцца да міністра, каб унесьці яе ў спэцыяльны сьпіс. Але нават такія гміны – для прыкладу, гміна Орля, дзе я нарадзіўся, і дзе жыве 90% беларусаў – могуць ня ўвесьці дадатковай мовы, калі на гэта ня згодзяцца дэпутаты мясцовага самакіраваньня.

Як на практыцы будзе выглядаць рэалізацыя гэтага закону?

Яўген Чыквін:
У законе ўдакладнена, што калі жыхар гміны, якая знаходзіцца ў сьпісе, зьвернецца ў мясцовае самакіраваньне зь лістом, напісаным на мове нацменшасьці, на спэцыяльнае жаданьне яму таксама адкажуць на гэтай мове. Але ня трэба забывацца пра тое, што галоўнай мовай у Польшчы зьяўляецца польская мова.

Ці гэта азначае, што шлюбы таксама будуць адбывацца па-беларуску, па-нямецку?

Яўген Чыквін:
Гэтага закон не ўдакладняе. Мабыць, так, але цягам 12 гадоў дыскусіяў над законапраектам ніхто не зьвярнуў на гэта ўвагі. Ёсьць агульная формула, што грамадзянін атрымае права размаўляць з чыноўнікамі мясцовага самакіраваньня на мовах нацменшасьцяў. Я лічу, што гэты закон дапаможа асабліва прадстаўніком беларускай нацыянальнай меншасьці, сярод якой праходзіць хуткі працэс асіміляцыі. Я лічу, што з псыхалягічнага пункту погляду гэты закон будзе мець для беларусаў вялікае значэньне, таму што дагэтуль яны жылі ў перакананьні, што яны горшыя, а беларускай мовай і культурай можна карыстацца толькі прыватна. Але гэта мяняецца. Беларусы, якія жывуць у Польшчы, а таксама й інштыя нацменшасьці, атрымалі выразны сыгнал, што найвышэйшы ворган дзяржавы дае прылады дзеля аховы каштоўнасьцяў, важных з пункту гледжаньня меншасьцяў.

Што зьменіцца, калі казаць пра афіцыйныя назвы?

Яўген Чыквін:
Гэта асобная справа. Падвойныя назвы вуліцаў могуць быць уведзеныя таксама дзякуючы рашэньню муніцыпалітэту ў гміне, дзе 20% жыхароў гэта прадстаўнікі нацменшасьцяў. Можна таксама шляхам кансультацыяў увесьці падвойныя назвы ў іншых гмінах. Гэта будзе мець псыхалягічнае значэньне, напрыклад, для беларусаў, якія карыстаюцца кірыліцай. Усё дзеля таго, каб ня зьнікла традыцыя.

Размаўлялі Богна Канеўска й Ялянта Мішкурка (Польская Рэдакцыя Радыё Палёнія)