• 2006 год у Польшчы
  • 01.01.2007
Мінулы год у Польшчы быў багаты перш за ўсё падзеямі на палітычнай арэне. Урад доўгі час змагаўся за большасьць у Сэйме. Урадавая кааліцыя, якую пераможная на выбарах партыя Права й справядлівасьць (PiS), ня здолеўшы дамовіцца зь лібэральнай Грамадзянскай плятформай (PO), стварыла з папулістычнымі партыямі Самаабаронай і Лігай польскіх сем’яў (LPR) аказалася вельмі хісткай і крохкай. У выніку ўзьнікла нестабільная кааліцыя, у якой прайшло некалькі сапраўдных навальніцаў. Раз нават яна распалася ды ізноў стварылася. Шмат разоў кааліцыянты пужалі адзін аднаго датэрміновымі парлямэнцкімі выбарамі.

Але, давайце ў храналягічным парадку прыгадаем важнейшыя, ня толькі палітычныя, падзеі, якія здарыліся ў Польшчы ў мінулым годзе.

2006 год пачаўся ад палітычных падзеяў. 7 студзеня нечакана віцэ-прэм’ерам і міністрам фінансаў ва ўрадзе PiS стала Зыта Гілёўска, былая віцэ-старшыня апазыцыйнай Грамадзянскай плятформы.

Некаторыя палітыкі ўспрынялі прызначэньне Гілёўскай у якасьці труку гульні ў покэр, якую прымяніла PiS. Браніслаў Камароўскі з апазыцыйнай PO сьцьвердзіў, што гэтае рашэньне раскрывае кадравыя й праграмныя недахопы кіруючай PiS.

Б. Камароўскі: Што ж магло б лепш засьведчыць тое, што PiS ня мае ніякай эканамічнай праграмы? У перадвыбарчай кампаніі партыя заклікала будаваць антылібэральную Польшчу, а цяпер прызначае галоўнага лібэрала на пасаду міністра фінансаў.

Прафэсар Гілёўска была віцэ-прэм’ерам і кіравала Міністэрствам фінансаў да 24 чэрвеня. Была зьнята з пасады пасьля таго, як зьявіліся падазрэньні, што ў мінулым яна супрацоўнічала са спэцслужбамі ПНР.

28 студзеня ўсю краіну ахапілі смутак і жалоба. Ад сьнегу абваліўся дах выставачнага будынку Міжнароднага кірмашу ў г.Катавіцэ, дзе якраз праходіла выстава галубоў. Загінула 65 чалавек, а больш за 140 былі параненыя. У выратавальнай акцыі, якую ўскладняў моцны мароз, удзельнічала 1300 ратаўнікоў. Удалося выратаваць некалькі сотняў людзей. Шэсьць асоб ратаўнікі выцягнулі з руінаў. Аднаму з удзельнікаў выставы Францішку Заблоцкаму моцна пашанцавала.

Ф.Заблоцкі: Мы прадавалі галубоў і раптам пачулі шум, нібыта самалёт ляціць. Праз момант мы заўважалі, што дах пачаў складвацца. Я крыкнуў: уцякайма, бо дах валіцца.

У сувязі з катастрофай пракуратура вынесла абвінавачаньне тром асобам з управы кірмашу і двум праектантам. Аказалася, што будынак меў канструкцыйныя хібы, а кіраўніцтва аб’екту не паклапацілася, каб ачысьціць дах ад тоўстага слою сьнегу.

У той жа час урад Казімежа Марцінкевіча прыкладаў намаганьні, каб здабыць бальшыню ў Сэйме. Дзеля гэтага 2 лютага старшыня PiS Яраслаў Качыньскі падпісаў Стабілізацыйны пакт аб супрацоўніцтве ў парлямэнце зь лідэрам Самаабароны Анджэем Лепэрам і лідэрам Лігі польскіх сем’яў Раманам Гертыхам.

Р.Гертых: Сёньняшні дзень у гісторыі Польшчы стане вельмі важным. Сёньня пачаўся працэс пераўтварэньня Польшчы ў 4-ю РП. Працэс, які мусіць прывесьці да асуджэньня паразуменьняў круглага стала.

Формула падпісаньня Пакту выклікала канфлікт паміж палітыкамі й журналістамі. Некалькі хвілін да афіцыйнай прэс-канфэрэнцыі, трансьляцыю з падпісаньня Пакту перадалі два каталіцкія СМІ: тэлевізія „Trwam” і радыёстанцыя „Radio Maryja”. Перад астатнімі СМІ павінна было адбыцца паўторнае падпісаньне дакумэнту. У такой сытуацыі значная частка журналістаў аб’явіла байкот прэс-канфэрэнцыі .

Ад пачатку году па сьвеце распаўсюджваўся птушыны грып. Пасьля Азіі й Афрыкі хвароба зьявілася таксама ў Эўропе. Страх выклікала інфармацыя аб зьяўленьні небясьпечнай для чалавека мутацыі віруса птушынага грыпу. У сьвеце, пераважна ў Азіі, ад яго памерла 90 чалавек. Першы выпадак небясьпечнага віруса H5N1у Польшчы быў знойдзены 5 сакавіка ў Торуні. Міністар здароўя Збігнеў Рэліга супакойваў, што Польшча падрыхтаваная да барацьбы з птушыным грыпам. Казаў, што заражэньне чалавека вірусам H5N1 у Польшчы амаль немагчымае.


З.Рэліга: Праўдападабенства таго, што нехта ў Польшчы захварэе птушыным грыпам, яшчэ меншае за тое, што хтосьці сярод нас, прысутных тут, зайграе ў лятэрэю й выйграе 1 мільён злотых. Верагоднасьць вельмі нізкая.

І сапраўды, хоць былі выяўлены яшчэ некалькі выпадкаў хваробы ў птушак, не захварэў ніводзін чалавек.

А на палітычнай сцэне распаўся Стабілізацыйны пакт і надалей ішлі намаганьні PiS з мэтай стварыць урадавую кааліцыю. 5 траўня PiS не знайшло іншага выйсьця й пайшо на паразуменьне з той жа Самаабаронай і Лігай польскіх сем’яў. Лідэры гэтых партыяў Анджэй Лепэр і Раман Гертых сталі віцэ-прэм’ерамі й міністрамі: адпаведна – сельскай гаспадаркі й адукацыі.

Прэзыдэнт Лех Качыньскі, уручаючы прызначэньні новым міністрам, выказаў надзею, што кааліцыйны ўрад - гэта вялікі шанец для Польшчы.

Л.Качыньскі: Гэты ўрад дасягне посьпеху. Тое, што за апошнія месяцы было немажлівым, хоць пажаданым, сёньня стане магчымым.

Наступныя дні не прайшлі без палітычных спрэчак, аднак усялякія непаразуменьні саступілі перад візытам папы рымскага Бэнэдыкта XVI у Польшчу. У пэрыяд ад 25 да 28 траўня галава Апостальскага пасаду наведаў Варшаву, Ясную Гару, Кракаў, Вадавіцэ й былы канцлягер Аўшвіц-Біркэнаў у Асьвенціме.

У кожным горадзе й па трасе праезду Бэнэдыкта XVI віталі сотні й тысячы людзей. Мноства народу ўдзельнічала ў імшах і сустрэчах з галавой Каталіцкай царквы. Асабліва спантанна вітала яго моладзь.

У ліпені адбылася зьмена на пасадзе кіраўніка польскага ўраду. Месца Казімежа Марцінкевіча заняў Яраслаў Качыньскі. Марцінкевіч сказаў, што гэта натуральная зьява, калі пасаду прэм’ер-міністра займае лідэр пераможнай партыі Яраслаў Качыньскі. Марцінкевіч зазначыў, што ён сам не адыходзіць з палітыкі.

К.Марцінкевіч: Я перадаю ўладу, але з палітыкі не адыходжу. Я хачу выкарыстаць свае здабытыя веды, вялікі вопыт.

І сапраўды, Марцінкевіч стаў камісарам Варшавы, паколькі мэра горада не было ад часу, як гэтую пасаду пакінуў Лех Качыньскі, перасяляючыся ў прэзыдэнцкі палац.

Яраслаў Качыньскі прыняў прызначэньне на пасаду прэм’ера з рук брата-блізьнюка прэзыдэнта Леха Качыньскага. Прэзыдэнт падчас урачыстасьці падкрэсьліў, што асноўнай мэтай палітычнага лягеру, які кіруе краінай, зьяўляецца перабудова Польшчы да лепшага.

Л.Качыньскі: Гэты выклік 8 месяцаў таму прыняў кабінэт Казімежа Марцінкевіча. Я ўпэўнены, што заданьне будзе надалей рэалізавацца.

Зьмена на пасадзе прэм’ера ўсё ж такі не гарантавала спакою на палітычнай сцэне. Ва ўрадавай кааліцыі надалей здараліся напружаньні й крызысы, аж наканец 21 верасьня кааліцыя распалася.

Прэм'ер Качыньскі тлумачыў, што лідэр Самаабароны атрымаў шанцы ўдзельнічаць у працэсе добрага кіраваньня краінай, але гэтай магчымасьцю не скарыстаўся.

Я.Качыньскі: У кароткім часе ён вярнуўся да сваіх ранейшых звычаяў. Гэта трэба акрэсьліць адным словам "нахабнасьць". Мы ў ніякім выпадку ня можам адобрываць нахабнасьці.

Анджэй Лепэр назваў рашэньне прэм'ера "хамствам". Абвінаваціў Яраслава Качыньскага ў пагардзе для Самаабароны й яе электарату.


А.Лепэр: Такога хамства, якое паказаў прэм'ер, я даўно ня чуў. Пры камуністах толькі я чуў, што народ называлі нахаламі. А тое, што зрабіў прэм'ер, сьведчыць пра яго культурнасьць, якой у яго ніколі не было й ня будзе. І я згодны з прэзыдэнтам Валэнсам, што Качыньскія ня здольныя нічога будаваць, толькі развальваць.

Некалькі дзён пасьля выбухнула гэтак званая "стужкавая афэра". 26 верасьня прыватная тэлевізія TVN паказала запіс, зроблены схаванай камэрай, на якім двое блізкіх супрацоўнікаў прэм'ера Качыньскага: Адам Ліпіньскі й Войцех Майзэсовіч спрабавалі падкупіць актывістку Самаабароны Рэнату Бэгер, якая павінна была далучыцца да парлямэнцкай фракцыі PiS. Такі чынам людзі прэм'ера імкнуліся забясьпечыць бальшыню ў Сэйме.

Права й Справядлівасьць палічыла гэтую справу правакацыяй, а апазыцыя запатрабавала датэрміновых парлямэнцкіх выбараў.

Прэм'ер усё ж такі быў вымушаны адмяніць свае ранейшыя рашэньні й 16 кастрычніка трэці раз была падпісаная кааліцыйная дамова з Самаабаронай і LPR. Анджэй Лепэр пасьля некалькіх тыдняў выгнаньня з ураду зноў стаў віцэ-прэм'ерам і міністрам сельскай гаспадаркі.

Адной зь цікавейшых падзеяў мінулага году было прыбыцьцё першых самалётаў Ф-16 у Польшчу. У суме Польшча купіла 48 такіх самалётаў. 9 лістапада прыляцелі першыя машыны. На ўрачыстасьці прывітаньня іх на аэрадроме ў Кшэсінах пад Познаньню быў карэспандэнт польскага радыё Войцех Цэгельскі.

B. Цэгельскі: Пасьля 15 гадзіны два самалёты Ф-16 дакрануліся да ўзлётна-пасадачнай паласы на аэрадроме ў Кшэсінах пад Познаньню.

Хроснай маці Ф-16 стала жонка прэзыдэнта Марыя Качыньская, якая надала ім імя "Ястраб".

У гісторыі з самалётамі запісалася беларускае прозьвішча Стэпанюк Расьціслаў. Пілёт палкоўнік Стэпанюк, які паходзіць зь беларускай сям'і на Беласточчыне, прывёў першы Ф-16 у Польшчу.

Да 2012 году Ф-16 заменяць у польскай арміі МІГі-29.

Другая палова лістапада прайшла пад знакам муніцыпальных выбараў. У вялікіх гарадох перамагла Польская сялянская партыя PSL.

Найбольш цікавым і заўзятым быў "паядынак " за крэсла прэзыдэнта Варшавы паміж былым прэм'ерам Казімежам Марцінкевічам і лідэрам Грамадзянскай плятформы, былой старшынёй Нацыянальнага польскага банку Ганнай Гранкевіч -Вальц. Перамагла жанчына. Гранкевіч – Вальц заявіла, што ня будзе ніякім чынам супрацоўнічаць з PiS.

Г.Гронкевіч-Вальц: Гэта будзе Варшава й Рада Варшавы без PiS у кааліцыі. Я пра гэта казала выразна й адкрыта да выбараў. Я лічу, што варшавякі на гэтых выбарах паказалі чырвоную картку PiS пасьля чатырох гадоў кіраваньня сталіцай.


Апошнія дні выбарчай цішыні супалі з нацыянальнай жалобай. 21 лістапада ў шахце „Галемба” ў Сілезіі выбухнуў мэтан. Загінула 23 шахцёраў. Ратаўнікі ня здолелі нікога выратаваць. Дайсьці да засыпаных было немагчымым з-за высокай тэпмэратуры й пагрозы наступнага выбуху. Выратавальная акцыя працягвалася 38 гадзін. Пракуратура правярае, ці ў шахце кіраўніцтва не парушала правілаў бясьпекі.

Важнымі падзеямі мінулага 2006 году ў Польшчы была таксама ліквідацыя Вайсковай інфармацыйнай службы, люстрацыйны скандал у каталіцкім касьцёле - ксёндз Залеўскі падрыхтаваў кнігу, дзе выявіў духоўных асобаў - агентаў службаў бясьпекі.

З жыцьця пайшлі выбітныя людзі. Сярод іх, між іншым, ксёндз, аўтарытэт у грамадзтве Ян Твардоўскі, пісьменьнік Станіслаў Лем, славуты тэлевядучы, спэцыяліст па музыцы Люцыян Кыдрыньскі й бард Марэк Грэхута.

Яланта Сьмялоўская