• Інфармацыйная блякада?
  • 30.12.2006
“Rzeczpospolita” піша пра тое, што з 1 студзеня беларусы могуць быць пазбаўленыя доступу да расейскіх тэлеканалаў альбо да расейскіх газэтаў. Гэта здарыцца, калі ня будзе дасягнутае паразумненьне ў справе коштаў на расейскі газ. Менск рыхтуе інфармацыйную вайну – перасьцярагаюць расейскія журналісты, якія спасылаюцца на ананімныя крыніцы ў кіроўных колах Беларусі. З эфіру зьнікнуць расейскія тэлеканалы, якія больш ахвотна, чым айчынныя, глядзяць беларусы. Аляксандар Лукашэнка ўжо некалькі разоў блякаваў расейскія інфармацыйныя праграмы. Але беларускія ўлады катэгарычна аспрэчылі тое, што прымуць гэткія меры, калі 1 студзеня Масква падыме кошты на газ. У тым, што трансьляцыя тэлепраграмаў будзе працягвацца, запэўніў міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч.

У пятніцу беларускія перамоўцы прыехалі ў Маскву, абяцаючы падпісаньне газавага кантракту на карысных умовах яшчэ перад Новым годам. А пад расейскай амбасадаю ў Менску пратэставалі ўдзельнікі кантраляванага ўладамі Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі. Сярод лёзунгаў, якія выкрыквала моладзь былі й такія: “Разам ваявалі, чаму перакрываеце нам газ?” Як заўважае Хартыя-97, хоць акцыя была й несанкцыянаваная, але міліцыя на яе не адрэагавала. Гэта сыгнал аб тым, спасылаецца на словы палітоляга Ўладзімера Падгола “Rzeczpospolita”, што беларускія ўлады гатовыя раздзьмуць антырасейскую гістэрыю.

Хоць расейскія мэдыі поўняцца інфармацыяй на газавую тэму, а палітыкі абедзьвюх краін выказваюць усё большую заклапочанасьць, у Менску цяжка ўбачыць непакой сярод грамадзянаў. Хіба толькі праяваю непакою можна лічыць большы чым звычайна ўзровень скупкі даляраў. Большасьць людзей тым часам верыць прапагандзе, што Беларусь моцная й выйграе, а Расея саступіць.

Газэта “Dziennik” на першую старонку вынесла здымак ірацкага дыктатара: “Канец Садама”. На час выхаду газэты не было вядома, што дыктатар ужо пакараны сьмерцю. Але “Dziennik” прадбачліва сьцьвярджаў, што Садаму Хусэйну засталося ў лепшым выпадку некалькі гадзін жыцьця. Ірацкія ўлады вылічылі дакладна, у суботу-нядзелю эўрапейцы й амэрыканцы будуць сьвяткаваць Новы год, а ісламскі сьвет пачне трохдзённае адзначэньне Сьвята Ахвяры – найважнейшай урачыстасьці мусульманскага сьвету. Гэта час, калі мала каго цікавіць Садам Хусэйн. У сваіх апошніх словах да сям’і Садам паведаміў, што ён ганарыцца, што памірае ад рук ворага. Але ён добра ведае, за што пакараны. Яшчэ 4 гады таму гэта ён у Іраку прымаў рашэньні аб жыцьці й сьмерці. Але злачынца, які кіраваў Іракам з 1979 году, за частку сваіх злачынстваў увогуле не адказваў перад судом.

“Gazeta Wyborcza” задаецца пытаньнем, колькі ў Расеі мільярдэраў. Артыкул пачынецца з цытаты Сталіна пра тое, што жыць стала лепей, жыць стала веселей, агучанай у 1935 годзе, калі скасавалі карткі на хлеб. Цяпер расейскія ўлады маюць яшчэ больш прычын, каб паведаміць суайчыньнікам, што жыцьцё палепшылася. Крамлёўскія прапагандысты сьцьвярджаюць, што мінулы год быў для Расеі лепшым за ўсе з часу развалу СССР. Падлічана, што ў Расеі 88 тысяч чалавек зарабілі за год больш за мільён даляраў. Але ж расейцы – спэцыялісты ў хаваньні рэальных даходаў. Таму экспэрты сьцьвярджюць, што мільянэраў больш за 400 тысяч. Краіна, якая жыве за кошт труб, зь якіх плыве нафта ды газ, была здольная на тое, каб у 2006 годзе падняць заробкі ў 2-3 разы. Хапае грошай і на вясёлыя сьвяткаваньні. Афіцыйна ў краіне абвешчаныя выходныя дні да 8 студзеня, але мала хто вернецца на працу да 14 студзеня. Ужо некалькі тыдняў расейскія газэты друкюць парады псыхолягаў, як ператрываць такі доўгі перапынак бязьдзейнасьці. Пэўную цяжкасьць уяўляюць таксама перадсьвяточныя закупы. Аналітыкі падлічылі, што шараговы расеец траціць на падарункі 340 эўра. У ювэлірных склепах скончыліся брыльянты. У крамах, дзе гандлююць дэлікатэсамі, няма ўжо чорнай ікры й дарагога шампанскага. Тым часам ня ўсе расейцы могуць пахваліцца, што жыць стала весялей. Нават афіцыйная статыстыка пагаджаецца, што 15% расейцаў маюць даход меншы за й так сьціплы мінімум.