• Месца Беларусі ў эўрапейскай прасторы
  • Audio0 KB
  • 13.12.2006
Якое месца ў эўрапейскай прасторы займае Беларусь? Адказу на гэтае пытаньне шукаюць удзельнікі канфэрэнцыі, якая адбываецца ў Варшаве. Арганізатарам зьяўляецца фундацыя „Лябараторыя рэпартажу”.

У канфэрэнцыі прымаюць удзел прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, між іншым, палітоляг Уладзімер Падгол, які мае свой адказ на галоўнае пытаньне канфэрэнцыі. Паводле яго, месца Беларусі ня толькі ў Эўропе, але і ў сьвеце надалей яшчэ толькі вызначаецца. З палітычнага пункту гледжаньня, яно вызначаецца двума праектамі. Першы - гэта Саюз Расеі зь Беларусьсю, а другі - гэта прапанова Эўразьвязу для Лукашэнкі адносна 12-і ўмоваў дэмакратызацыі дзяржавы, пры выкананьні якіх Беларусь атрымае адмысловыя эканамічныя прэфэрэнцыі, - мяркуе Ўладзімер Падгол.

Ул. Падгол: І вось з гэтых двух патэнцыйных праектаў Лукашэнка ня ведае, што выбраць. Але расейскі палітычны праект ён катэгарычна адвяргае й на працягу апошняга году ён літаральна сьпявае гімн незалежнасьці й сувэрэнітэту. Дакладна тое, за што бэсьцілі ўсю апазыцыю на працягу апошніх гадоў. Эўрапейскія прапановы таксама амаль з парогу адверг. І вось цяпер думае, як яму выруліць і захаваць сваю ўладу, карыстаючыся энэрганосьбітамі Вэнэсуэлы, Ірану, можа азэрбайджанскую нафту захоча выкарыстаць.
А калі ў яго не атрымаецца, то ён проста будзе вымушаны выбіраць ці расейскі палітычны праект, ці эўрапейскі палітычны праект. Бо без энэрганосьбітаў проста "лясьнецца" ўся прамысловасьць, а разам зь ёю й сельская гаспадарка.

Падчас канфэрэнцыі закранаюцца пытаньні культурных сувязяў з нацыянальнай і эўрапейскай тоеснасьцю, з мовай, з мастацтвам, а нават сьветам легендаў.

Культуразнаўца Максім Жбанкоў спрабаваў давесьці, што паміж Польшчай і Беларусьсю можна збудаваць эфэктыўныя культурніцкія кантакты, не зважаючы на тое, што на сёньняшні дзень вынікі супрацоўніцтва даволі несуцяшальныя. Па ягонай ацэнцы, на сёньняшні дзень беларусы ведаюць пра польскую сучасную культуру значна менш, чым напрыклад 10-15 гадоў таму.

М. Жбанкоў: Атрымліваецца дзіўная рэч: падчас саветаў я, напрыклад, даволі добра ведаў польскую рок-музыку, польскае кіно, меў магчымасьць набыць польскія кніжкі ў кніжнай краме "Дружба", што знаходзілася ў цэнтры Менску. І мне было вельмі зручна існаваць у гэтым польскім культурніцкім асяродзьдзі. І скажу шчыра, што я яго проста любіў. Але зараз мне любіць польскую культуру значна цяжэй. Таму што нармальных шматпавярховых культурніцкіх кантактаў фактычна не стае. Ёсьць супольныя палітычныя інтарэсы, ёсьць падтрымка ідэалягічна заангажаваных праектаў: адукацыйных , мастацкіх, нейкіх дыскусійных. А вось культурніцкі дыялёг ахоплівае нязначную частку натуральнага спэктру культуры Польшчы й Беларусі. І якраз візыт актуальнага польска рок-гурту ў Менск зрабіў бы значна больш, чым чарговая палітычная заява афіцыйных уладаў, хаця яна таксама вельмі вартасная.

Максім Жбанкоў зазначае, што для абедзьвюх краінаў найлепшымі былі б шчыльныя кантакты, але неабавязкова палітычна-ідэалягічнага кшталту.

Сёньня ўдзельнікі канфэрэнцыі мелі магчымасьць паглядзець кінастужку "Ўрок беларускай мовы" польскага рэжысэра Міраслава Дэмбіньскага, якая распавядае пра вучняў беларускага Коласаўскага ліцэю ды іх змаганьне за магчымасьць навучацца на беларускай мове на фоне сакавіцкіх падзеяў у Беларусі. А пра сучасную сытуацыю ліцэя распавядаў дырэктар гэтай установы Ўладзімер Колас.

Калі ідзе гаворка пра сытуацыю беларускага кіно, то гэтая тэма таксама закраналася. Пра беларускую кінапрадукцыю й яе месца ў сьвеце распавядаў рэжысэр Андрэй Кудзіненка, аўтар стужкі " Акупацыя ", якая атрымала шмат узнагародаў на кінафэстывалях у Расеі ды Швэцыі, а вось на радзіме гэты фільм забаронены для публічнага паказу.

Андрэй Кудзіненка зазначае, што глядач у кожнай краіне хоча глядзець сваё, нацыянальнае кіно. Таксама й беларускія гледачы хочуць глядзець айчынныя добрыя кінастужкі, вось толькі ня маюць такой магчымасьці, бо сучаснае беларускае кіно проста не існуе.

А.Кудзіненка: Каб было кіно, трэба стварыць адпаведныя ўмовы, і іх няма. Няма падтрымкі з боку тэлеканалаў, яны самыя вельмі бедныя, няма адпаведных фундацыяў, якія існуюць у Эўразьвязе. Атрымаць нейкія гранты таксама практычна немагчыма. У нас ёсьць вельмі таленавітыя і гукарэжысэры, і апэратары, і акторы, але амаль усе яны зьяжджаюць і асымілююцца ў Расеі. Але ў сьвеце існуюць прыклады таго, што айчыннае кіно можа паявіцца на працягу некалькіх гадоў. Добрым прыкладам можа быць Румынія, дзе да 1999 году ўвогуле нічога не здымалі, а зараз прадукуюць па 17 стужак у год. Можа й для Беларусі прыйдзе час.

Галоўнаю тэмаю сёньняшняга дня зьяўляецца ўплыў беларускай мовы на разьвіцьцё нацыянальнай сьвядомасьці.

Трэба зазначыць, што канфэрэнцыя " Месца Беларусі ў эўрапейскай прасторы паміж Усходам і Захадам" зьяўляецца пачаткам новага праекту на карысьць дэмакратыі ў Беларусі, які ўзьнік па ініцыятыве Міністэрства замежных справаў Польшчы й будзе рэалізавацца цягам трох гадоў.

Караліна Русіновіч