• Завершылася Беларуская школа журналістыкі
  • Audio0 KB
  • 11.12.2006
У Варшаве закончыліся заняткі ў рамках Беларускай школы журналістыкі, у якой прымалі ўдзел 16 маладых людзей, тым ці іншым спосабам зьвязаных з журналісцкаю дзейнасьцю. Школу наладзілі Цэнтар міжнародных адносінаў і Фундацыя Конрада Адэнаўэра пры падтрымцы Міністэрства замежных справаў Польшчы й супрацы з Радыё Палёнія ды Эўрапейскім радыё для Беларусі.

Маладыя журналісты правялі ў Польшчы чатыры тыдні. Першы этап ахопліваў тэарэтычныя заняткі, сустрэчы зь вядомымі польскімі журналістамі. Другі этап быў практычны. Стажыроўка праходзіла на Радыё Палёнія й Эўрапейскім радыё для Беларусі.

Галоўны каардынатар Беларускай школы журналістыкі Войцех Бародзіч з Цэнтру міжнародных адносінаў цешыцца, што Польшча адкрытая для маладых замежных журналістаў. Ён задаволены праведзенай працай і знаёмству зь цікавымі людзьмі.

В. Бародзіч: Мне вельмі спадабаліся людзі, якія сёлета прыехалі да нас у школу. У пераважнай большасьці яны маюць намер быць журналістамі, і гэта самае важнае. Гэта адкрытыя й актыўныя людзі, якія тут, у Польшчы, атрымалі шанец папрацаваць журналістамі ў вядомых радыёстанцыях - Радыё Палёнія й Эўрапейскім радыё для Беларусі.

Дырэктар Эўрапейскага радыё для Беларусі Зьміцер Новікаў зазначае, што падчас стажыроўкі на іх радыё вучылася ня толькі моладзь, але й самыя журналісты.

З. Новікаў: Мы спрабавалі навучыць іх практыцы. Але на самой справе мы толькі пачынаем займацца практыкай навучаньня, і таму мы таксама вучымся. Гэта быў станоўчы досьвед, тым больш людзі, якія прыехалі, былі самыя зацікаўленыя, каб нешта зрабіць. Яны задавалі пытаньні, праяўлялі ініцыятыву. Кожны зь іх мае пэрспэктыву. Толькі кожнаму трэба вызначыцца, у якім накірунку йсьці, што ён найлепш умее рабіць. Бо кожны мае розныя здольнасьці.

Пасьля чатырохтыднёвага навучаньня ўдзельнікі Беларускай школы журналістыкі атрымалі досьвед працы на радыё, пазнаёміліся з новымі людзьмі й зразумелі, ці радыё – гэта іх накірунак.

Аляксей кажа, што адна справа слухаць радыё, а іншая – на ім працаваць.

Аляксей: Я даведаўся, што такое радыё. Адна справа ўяўляць, другая паглядзець, як гэта робіцца. Мяне цікавілі тэхнічныя моманты: як рабіць сюжэты, як падзяліць час, як падаваць інфармацыю, што казаць. Я ўяўляў, што ёсьць дзіджэй, які сядзіць, нешта кажа, запрашае людзей слухаць. Цяпер я ведаю, што гэта цікавая, сур'ёзная й даволі-такі складаная праца. Калі ведаеш, як працуе радыё, то менш слухаеш тое, што кажуць, а зьвяртаеш увагу, як гэта зроблена.

Дар’я навучалася ў групе прэс-сакратароў. Параўноўваючы беларускія й польскія прэс-службы, яна кажа, што ў Беларусі ўсё ахоплена таямніцаю, у Польшчы – наадварот.

Дар’я: Мы наведалі Сэйм і сядзібу польскага ўраду. Польскую працу з працаю нашага беларускага ўраду параўноўваць цяжка, бо ў нас яна накіраваная на захоўваньне таямніцы. Тут праца прэс-службаў накіраваная на тое, каб хутка данесьці інфармацыю да людзей. Адчуваеш сябе так, быццам бы прыехаў са сталінскага часу.

Аляксандра лічыць, што галоўнае на такіх курсах – гэта чалавечы фактар.

Аляксандра: Досьвед, які мы тут атрымалі - гэта досьвед ня толькі для журналіста, але й для асобы. Гэта досьвед чалавека, які зможа працаваць зь людзьмі, падтрымліваць сувязі зь іншымі. Я лічу, што ў любым праекце самае галоўнае - гэта асабістыя кантакты, чалавечы фактар. Зь людзьмі, якіх я тут сустрэла, мне будзе цікава працаваць і проста падтрымліваць кантакты.

У Беларускай Службе Радыё Палёнія таксама стажыраваліся маладыя журналісты зь Беларусі, якія паказалі сябе з найлепшага боку. Іх сюжэты можна было пачуць цягам двух тыдняў у нашым эфіры. Мы спадзяёмся, што нашая супраца на гэтым не закончылася й будзе плённа працягвацца.

Алена Пытэль