• Ці Польшчы пагражае нафтавы крызыс?
  • Audio0 KB
  • 08.01.2007
Ноччу была спынена пастаўка нафты па трубаправодзе "Дружба" з Расеі ў Польшчу й Нямеччыну. Прадпрыемства эксплуатацыі нафтаправодаў, адказнае за транспарт нафты ў польскія й нямецкія канцэрны, яшчэ ноччу зьвярнулася да беларускай фірмы Гомельтранснафта з просьбаю паведаміць прычыны ўзьніклай сытуацыі, а таксама паінфармаваць аб тэрміне далейшых паставак. Пакуль Прадпрыемства эксплуатацыі нафтаправодаў „Дружба” адказу ад беларускага партнэра не атрымала.

Міністэрства эканомікі Польшчы супакойвае, што польскія нафтаперапрацоўчыя камбінаты Orlen і Lotos маюць неабходныя запасы нафты, якіх хопіць да часу наладжаньня транспарту сыравіны марскім шляхам.

Маршалак Сэнату Богдан Барусэвіч на падставе размоваў з прадстаўнікамі канцэрнаў Orlen i Lotos запэўніў, што сытуацыю нельга назваць крытычнай.

Б. Барусэвіч: Lotos мае запасы на больш за 10 дзён. Оrlen мае крыху менш, але, акрамя гэтага, яшчэ ёсьць стратэгічныя запасы. Таму ў бліжэйшыя дні ня будзе ніякай праблемы. Калі канфлікт зацягнецца, то могуць узьнікнуць складанасьці, бо гэта дадатковыя кошты, напрыклад, у атрыманьні нафты марскім шляхам.

Business Centre Club спадзяецца, што ўзьніклая сытуацыя зьяўляецца часоваю. Старшыня Марэк Галішэўскі лічыць, што цяперашняя сытуацыя зьяўляецца вынікам адсутнасьці дывэрсыфікацыі - пошуку новых крыніцаў паставак нафты ў Польшчу.

М. Галішэўскі: Выбіраючы зь дзьвюх магчымасьцяў, лепш, каб гэта было беларускае рашэньне, чым расейскае. Бо ў такім выпадку ёсьць магчымасьць пастаўкі сыравіны праз нафтапорт у Гданьску. Несумненна, гэта будзе значна даражэй. Адчуе гэта польскі спажывец, прадпрыемствы, якія сваю дзейнасьць абапіраюць на аўтамабільным транспарце. Міністэрства эканомікі запэўнівае, што крызысу няма й ня будзе, бо запасаў нафты хопіць на 80 дзён. Але я быў бы больш асьцярожны й падрыхтаваўся да сытуацыі, калі канфлікт будзе даўжэйшым, чым 80 дзён.

Паводле старшыні Business Centre Club Марэка Галішэўскага, справа паставак расейскай нафты трубаправодам „Дружба” датычыць цэлай Эўропы, а праблемай павінна заняцца Эўрапейская камісія.

Алена Пытэль