• Напішы ліст дыктатару
  • 11.12.2006
На працягу 24 гадзін - ад суботы да нядзелі - жыхары Польшчы пісалі лісты ў падтрымку асобаў, пазбаўленых свабоды й рэпрэсаваных за погляды. Міжнародны маратон пісаньня лістоў ужо чарговы раз ладзіла арганізацыя Amnesty Internetional з нагоды Міжнароднага дня абароны правоў чалавека. Ня выключана, што будзе пабіты леташні рэкорд, калі палякі напісалі больш за 13 тысяч лістоў. Але, як зазначае Кая Кулеша з Amnesty Internetional, маратон - гэта не галоўнае.

К.Кулеша: Колькасьць лістоў - гэта не самае галоўнае. Найважнейшае - гэта салідарнасьць канкрэтнай асобы, якая хоча дапамагчы камусьці на другім канцы сьвету. Прынамсі ў гэты дзень, Міжнародны дзень правоў чалавека, прыгадаць сабе, што кожны з нас можа дапамагчы іншай асобе. І пра гэта трэба памятаць.

Ідэя пісаць лісты ў абарону палітычных вязьняў узьнікла 7 гадоў таму ў Варшаве, - успамінае Пёрт Скшыпчак з Amnesty Internetional.

П. Скшыпчак :Тады мы напісалі некалькі соцен лістоў. Але гэтая ідэя вельмі спадабалася іншым, і ўсё больш асобаў, а нават групаў, пачалі да нас далучацца. Пачалі пісаць лісты ў розных гарадох. Акцыя перакрочыла мяжу, і на сёньняшні дзень гэта ўжо шырокамаштабнае сусьветнае мерапрыемства. Штогод гэтая акцыя прыносіць канкрэтныя плёны. Пасьля кожнага мерапрыемства акцыі мы атрымваем канкрэтныя зьвесткі, што здарылася ў дадзеным выпадку, бо лісты, якія мы пішам, датычаць канкрэтнай асобы, яны прыносяць канкрэтныя вынікі. А мы атрымваем добрыя навіны.

Сёлета акцыя адбываецца ў 36 краінах сьвету й амаль кожным польскім горадзе. Палякі пішуць лісты на польскай мове, але яны ўпэўненыя, што адрасат іх прачытае.

Спадарыня: Гэта ўжо пяты ліст, я напісала яго да Ўладзіміра Пуціна, бо ў ягонай дзяржаве таксама здараюцца парушэньні правоў чалавека. Таксама да прэм`ер-міністра Гвінэі, прэм`ера Гандурасу. У кожным лісьце ёсьць просьба выпусьціць на волю канкрэтную асобу, альбо яшчэ раз разгледзець справу гэтай асобы. Гэтыя лісты пішуцца па-польску. Адрасатам лістоў зьяўляецца асоба, якая трымае ўладу ў канкрэтнай краіне. Потым лісты высылаюцца ў амбасаду гэтай краіны, якая знаходзіцца ў Польшчы. Амбасада перакладае лісты на сваю мову й пераклад трапляе ўжо да адрасата.

Да акцыі далучыліся былыя польскія вязьні сумленьня. Томаш Федорэк з горада Ўроцлаў мяркуе, што палякі маюць доўг перад іншымі дзяржавамі. 25 гадоў таму, калі было ўведзена ваеннае становішча, дзеячы Amnesty Internetional з усяго сьвету зьбіралі
подпісы ў падтрымку польскіх вязьняў сумленьня.

Т. Федорэк :Некалі Amnesty International дзейнічала на карысьць Польшчы й выступала ў абарону правоў чалавека ў Польшчы. Мы навязалі кантакты з былымі польскімі вязьнямі сумленьня. Сёньня гэта даволі вадомыя асобы. Такія, як сэнатар Збігнеў Рамашэўскі, Гэнрык Вуец, а ва Ўроцлаве - Юзэф Піньёр.

Трэба дадаць, што сёлета гэтыя асобы самі пісалі лісты ў падтрымку іншых палітвязьняў. Багуслаў Бардон, адзін зь лідэраў прафсаюзу "Салідарнасьць", перакананы, што гэта вельмі патрэбная й карысная ініцыятыва.

Б. Бардон: Сёньня, калі студэнты ўважліва сочаць за тым , хто на сьвеце зьняволены й па якой прычыне, я лічу, што маім абавязкам было прыйсьці сюды й падтрымаць гэтую ініцыятыву.

Сярод лістоў, напісаных у абарону вязьняў сумленьня, было даволі шмат, скіраваных у падтрымку беларускага палітвязьня Зьмітра Дашкевіча, які пазбаўлены свабоды за дзейнасьць у незарэгістраванай арганізацыі. Дарэчы, лісты да прэзыдэнта Беларусі ўдзельнікі маратону пісалі вельмі ахвотна, - кажа Кая Кулеша.

К.Кулеша: Гэта была адна з найбольш папулярных краін. Таму што Беларусь традыцыйна атаесамліваецца з рэжымам, які парушае правы чалавека. У сувязі з гэтым людзі часьцей за ўсё пыталіся менавіта пра беларускую сытуацыю. Дарэчы, у Варшаве да нас прыйшла група беларускай моладзі, якая прыехала ў Польшчу на стажыроўку. Падчас нашага маратону гэтая моладзь таксама напісала шмат лістоў у падтрымку свайго суайчыньніка. Сёлета лісты ў Беларусь пойдуць толькі ў падтрымку Зьмітра Дашкевіча.

На дадзены момант пакуль яшчэ невядома, колькі лістоў напісалі ўдзельнікі маратону. Цяпер у сядзібу польскага аддзелу Amnesty Internetional у Варшаве трапляюць мяшкі з лістамі з усяе Польшчы. Як запэўнівае прадстаўнік гэтай арганізацыі Кая Кулеша, кіраўнікі дзяржаваў, дзе надалей парушаюцца правы чалавека, сёлета атрымаюць тысячы лістоў, у тым ліку й прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Караліна Русіновіч