• ДДА - гэта спадчына, якой ня трэба саромецца й зь якой трэба навучыцца жыць
  • Audio7.49 MB
  • 24.02.2011

ДДА - гэта спадчына, якой ня трэба саромецца й зь якой трэба навучыцца жыць. У нашым эфіры мы неаднойчы распавядалі пра праблему, пра тое, як гэтая сытуацыя выглядае  ў розных краінах і як гэтая праблема вырашаецца на беларускай глебе. Сёньня мы вяртаемся да гэтай тэмы.

ДДА – дарослае дзіця алькаголіка – так у скароце называецца чалавек, якому ў дзяцінстве давялося жыць у сям’і, дзе адзін альбо абодва бацькі мелі алькагольныя праблемы, і гэтыя наступствы ён адчувае ў сваім дарослым жыцьці.Вельмі часта такія людзі нават ня ведаюць пра гэты сындром і пра прычыны прычыны сваіх жыцьцёвых паразаў. Такім людзям неабходна дапамагчы, яны патрабуюць псыхалягічнай тэрапіі.

Днямі ў Варшаве завершыўся чарговы этап рэалізацыі польска-беларуска-нямецкага праекту „Кампэтэнтная дапамога сузалежным”. Гэтая ініцыятыва скіраваная на абмен досьведам у пасьпяховым вырашэньні праблемаў моладзі й дарослых, якія выйшлі зь сем’яў з алькагольнымі праблемамі.

У чэрвені мінулага году псыхолягі й грамдзкяй дзеячы з Гомеля стажыраваліса ў Польшчы, дзе знаёміліся з польскім і нямецкім досьведам лячэньня ДДА, каб пазьней выкарыстоўваць яго ў сваёй працы й дзяліцца зь іншымі беларускімі калегамі.

У Польшчы, Нямеччыне й Беларусі існуе рознае стаўленьне да алькагольнай залежнасьці, алькагольных наступстваў і дапамогі асобам залежным і сузалежным ад алькаголю. Аднак пытаньне алькагалізму ў сям’і й яго наступствы - гэта праблема, якая назіраецца ва ўсіх краінах, незалежна ад узроўню дабрабыту. У Беларусі гэта вялікая праблема, хаця граамадзтва й не ўсьведамляе пра яе існаваньня, распавядае Ніна Кекух з Гомельскага абласнога таварыства „Сацыяльныя праекты”.

Ніна Кекух: Гэтая праблема поўгады таму для мяне таксама была адкрыцьцём. Усьведамленьне існаванья гэтай праблемы патрабуе з боку грамадзтва шмат часу. У першую чаргу праект, які да гэтае пары рэалізаваўся, быў накіраваны на дыягностыку. Адбылася спроба выкарыстаць польскі й нямецкі досьведы на ўдзельніках невялікай нашай групы ў Беларусі. Былі зробленыя першыя крокі. Сёньня я магу зрабіць выснову, што ў першую чаргу патрэбная кансалідацыя шматлікіх грамадзкіх рэсурсаў. А гэта і ўлада, і грамадзкія арганізацыі, і спэцыялісты, а сярод іх псыхолягі, пэдагогі, лекары. Па-другое, неабходна актуалізаваць гэтую праблему ў грамадзтве. А пасьля ўжо непасрэдная праца. Грамадзкія арганізацыі могуць дапамагчы валянтэрскімі рэсурсамі, нейкімі тэхналёгіямі працы й дыдактычнымі матэрыяламі, псыхолягі выканаюць сваю частку працы й гэтак далей. Калі ўдасцца аб’яднаць усе гэтыя намаганьні, толькі тады можна будзе казаць пра нейкія вынікі.

Трохбаковы праект, які рэалізуецца ў рамках Праграмы транспамежнага партнэрства пры фінансавай падтрымцы Міністэрства замежных справаў Польшчы й Нарвэскага фінасавага мэханізму з мэтаю дапамагчы спэцыялістам стварыць цэнтры псыхалягічнай дапамогі сузалежным асобам, прыносіць першыя плёны, распавядае Іга Глапіньска, каардынатарка праекту з польскага боку.

Іга Глапіньска: Прайшло паўгоду ад моманту апошняй сустрэчы з экспэртамі, а ў гэтым часе ў Беларусі пачала рэалізавацца праблема індывідуальнай і групавой тэрапіі для ДДА. Шчыра скажу, што гэтыя эфэкты апраўдалі нашыя спадзяваньні, а існуе яшчэ шмат прапановаў, якія варта рэалізаваць. Праграма дапамогі ДДА будзе надалей рэалізавацца. Экспэрты й прадстаўніі грамадзкіх аб’яднаньняў зь Беларусі, Нямеччыны, Англіі й Польшчы абмяркоўваюць, у якіх галінах і ў якіх формах можна рэалізаваць далейшую супрацу. А таксама, якая дапамога з нашага боку патрэбная экспэртам з Усходняй Эўропы.

З практычнага боку рэалізацыяй праекту займаюцца псыхолягі Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ф. Скарыны, якія праводзяць практычныя заняткі з моладзьдзю. У прыватнасьці, Юлія Вароніна, якая праводзіць такія сустрэчы, распавядае, што  выхаваньне дзяцей у сям’і, дзе паяўляецца алькоголь, прыносіць шмат адмоўных наступстваў для дзяцей і дарастаючай моладзі ў пазьнейшым дарослым жыцьці.
 
Юлія Вароніна: Дзеці ня маюць адвагі пра гэта гаварыць, гэта такі сямейны сакрэт. Таму калі я прыходжу на сустрэчу й распавядаю, што з гэтым сутыкнуліся ня толькі яны, што з гэтай праблемай сутыкнулася многія іншыя маладыя людзі, студэнты й школьнікі, яны робяцца больш уважлівымі. Мы ведаем і часта бачым, што ДДА не зьвяртаюцца да псыхолягаў па розных прычынах, у прыватнасьці, з-за пачуцьця сораму. Мая задача - стварыць матывацыю зьвяртаньня па псыхалягічную дапамогу й стварыць праграмы асабістага разьвяцьця. Мы ладзім сустрэчы са старэйшымі школьнікамі, а таксама студэнтамі. Мы хочам паказаць, як можна разьвівацца далей, калі іх уваход у дарослае жыцьцё адбываўся ў дысфункцыянай сям’і. Што можна пачаць рабіць ад сёньняшняга дня, каб жыцьцё было больш радасным і каб мінімалізаваць унутраны боль?

Варта зазначыць, што ў заходніх краінах сындром ДДА разьглядаецца ня толькі на грамадзкім ці псыхалягічным, але й на мэдычным узроўні. У Польшчы тэрапія аплочваецца дзяржаўным Нацыянальным фондам здароўя. У Беларусі гэтая праблема ніколі не разглядалąся на мэдычным ўзроўні. Больш таго, лекары ня ведалі пра яе існаваньне, распавядале ўрач-псыхатэрапэўт з Салігорска Тацьцяна Хілько.

Тацьцяна Хілько: З праектам ДДА я упершыню пазнаёмілася ў кастрычніку 2010 году на міжнароднай канфэрэнцыі „Сучасны падыход да прапагаваньня здароўя”, якая адбывалася ў Гомелі. Праблема дарослых дзяцей алькаголікаў для мяне была адкрыцьцём, а таксама ўвага, якая прысьвячаецца гэтай праблеме ў Польшчы ці іншых эўрапейскіх краінах. Гэтая тэма падалася мне вельмі актуальнай і пэрспэктыўнай. Над праблемай сузалежнасьці вядзецца праца, але каб гэта датычыла дзяцей, якія вырасьлі ў праблемных сем’ях, асобным чынам гэтая праблема не выдзялялася. А гэта вельмі важна, паколькі дзеці - гэта будучае, і важна, каб яны не паўтаралі сцэнар жыцьця бацькоў- алькаголікаў й зьмянілі свой стыль жыцьця. Я распавяла пра досьвед працы з ДДА й пра тое, як гэтая праблема вырашаецца ў Польшчы на рэспубліканскай канфэрэнцыі, якая прайшла на базе рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псыхічнага здароўя. І гэтая тэма выклікала вялікае зацікаўленьне ў Менску.  У мяне 25 гадоў працоўнага стажу псыхіятра-нарколяга ў Салігорскім псыханаркалягічным дыспансары. Цяпер я пляную арганізаваць групу ў Салігорску, якая будзе займацца праблемай ДДА.

На сёньняшні дзень беларускія  экспэрты працуюць над распрацоўкай адпаведнай праграмы па дапамозе асобам з сындромам ДДА. Дзякуючы сумеснай працы польскіх і беларускіх спэцыялістаў створаны дыдактычны дапаможнік для беларускіх псыхолягаў аўтарства польскіх і беларускіх спэцыялістаў, у якім  прадстаўлены  шырэйшы спэктар магчымасьцяў лячэньня сузалежнасьці ДДА ў Беларусі.

Караліна Русіновіч