25 ліпеня ў пінскай катэдры адбудзецца пахавальная цырымонія  сьвятой памяці ксяндза кардынала Казіміра Сьвёнтка.

Ерарх каталіцкага касьцёлу ў Беларусі памёр 21 ліпеня на 97-м годзе жыцьця пасьля працяглай хваробы.

Асобу кардынала ў размове з Аннай Задрожнай успамінае дапаможны біскуп Менска-магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзямянка.

Антоні Дзямянка: Ксяндза кардынала Сьвёнтка, я ведаю з маладых гадоў, паколькі ён быў адным з 12 сьвятароў, якія працавалі на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі, якая пасьля Другой сусьветнай вайны апынулася ў межах Беларусі. Пасьля сумных падзеяў Другой сусьветнай вайны, пазьней сталінскіх і хрушчоўскіх рэпрэсіяў са 180 парафіяў Пінскай дыяцэзйі засталося толькі 16 храмаў і 12 сьвятароў. Адным зь іх быў менавіта ксёндз Сьвёнтак – пробашч карэдральнай парафіі ў Пінску. Я ведаю яго зь дзіцячых гадоў, паколькі ён прыяжджаў пры розных нагодах да майго ксяндза пробашча ў Дзераўно. Таксама, калі я рыхтаваўся да сьвятарства, ксёндз Сьвёнтак прыяжджаў менавіта да майго прафэсара. Ён заахвочваў нас – сьвятароў да таго, каб вытрымаць гэтыя цяжкія моманты атэістычнай улады, калі былі пэўныя абмежаваньні ў эвангелізацыі дзяцей і моладзі ці ў аднаўленьні сьвятыняў. Я памятаю яго, як руплівага сьвятара ў адбудове сьвятыні ў Пінску. Калісьці ён нават павёў мяне на дах пінскай катэдры… Мы вельмі цешыліся, калі ён стаў ксяндзом архібіскупам, мітрапалітам, пазьней таксама атрымаў ад Сьвятога Айца кардынальскі капэлюш ды кіраваў адраджэньнем менска-магілёўскага касьцёла й пінскага касьцёла. Дарэчы пасьвечаньні біскупа я таксама прыняў ад яго. Я працаваў разам з кардыналам, як сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, які ён узначальваў кардынал Сьвёнтак. Я прыяжджаў таксама да яго ў Пінск, на вуліцу Шаўчэнкі 12, у гэтую хатку, дзе ён без амаль ніякіх зьменаў жыў з моманту вяртаньня з ГУЛАГу. Гэта быў вельмі жывы чалавек, які не аддаваўся ўспамінам, але жыва цікавіўся сучаснасьцю.

Вашая Эксэленцыя, як Вы думаеце, ці складаны жыцьцёвы шлях кардынала Сьвёнтка паўплываў на тое, якім ён быў чалавекам, сьвятаром, ерархам каталіцкага касьцёла ў Беларусі?

Антоні Дзямянка: Я думаю, што гэта сапраўды паўплывала на яго. Я ведаў таксама іншых сьвятароў, напрыклад, ксёндз Ежы Росяк, які прабыў 10 гадоў у ГУЛАГу, ці ксёндз Вацлаў Пянткоўскі, які правёў у сталінскіх лягерах 6 гадоў… Гэта былі людзі, якія асаблівую ўвагу зьвярталі на чалавека. Гутаркі, размовы, папрокі, папярэджаньні  вострыя, таксама можа часам вострыя заўвагі… Усё гэта было характэрнае сьвятарам, якія прайшлі такі складаны шлях: шлях „касьцёла маўчаньня”, і „касьцёла адраджэньня”, і „касьцёла пакуты” таксама.

На пахаваньне сьвятой памяці кардынала Сьвёнкта, якое адбудзецца 25 ліпеня ў Пінскай катэдры, прыбудзе шмат найважнейшых ерархаў касьцёла. Як будзе выглядаць жалобная цырымонія?

Антоні Дзямянка: А гадзіне 12.00 у Пінскай катэдры адбудзецца сьвятая імша. У гэтым месцы ксёндз кардынал нязьменна служыў столькі дзесяцьцігодзьдзяў. Набажэнства пройдзе з удзелам усіх ерархаў зь Беларусі, таксама святароў, манахаў і вернікаў. Пазьней труна з целам кардынала будзе зьмешчаная ў саркафаг, у адмыслова падрыхтаваным склепе пінскай катэдры.  Узначаліць пахавальную сьвятую імшу Яго Эмінэнцыя ксёндз кардынал Станіслаў Дзівіш, архібіскуп, кракаўскі мітрапаліт.

Калі Вы цяпер успамінаеце кардынала Сьвёнтка, дык што Вам прыходзіцу галавы; што напамінаецца?  

Антоні Дзямянка: Бог кожнаму прадвызначае лёс ды вызначае пэўныя задачы. Я наведваў яго (кардынала Сьвёнтка) шмат разоў у шпіталі хуткай дапамогі ў Менску, у шпіталі ў Любліне ды многа разоў у пінскім шпіталі. Вось, апошні раз літаральна некалькі дзён таму.  Я бачыў ягоныя пакуты. Хачу сказаць, што вось з аднаго боку абавязкі, якія мае чалавек, а здругога крыж, які сустракае чалавека. Гэты крыж хрысьціянін павінен годна несьці й думаю, што такім чынам адбылося ў выпадку кардынала Казіміра Сьвёнтка на апошнім этапе ягонага зямнога жыцьця.

З біскупам Антонім Дземянкам размаўляла Анна Задрожна.