• Бясьпека ў сьвеце пасьля тэрактаў у Нарвэгіі
  • 26.07.2011

Падзеі ў Нарвэгіі адбіліся шырокім рэхам ва ўсім сьвеце. Урады заходніх краінаў загаварылі пра неабходнасьць мераў, каб прадухіліць падобныя тэракты. У Эўропе пачынаецца дыскусія пра экстрэмізм, ксэнафобію ды радыкалізацыю настрояў.

У верасьні Эўразьвяз рыхтуе сустрэчу ў вярхах міністраў ўнутраных справаў краінаў чальцоў, каб абмеркаваць пытаньне росту эктрэмісцкіх настрояў у Эўропе. У бліжэйшы чацьвер у Брусэль зьедуцца эўрапейскія экспэрты па пытаньнях барацьбы з тэрарызмам, якія будуць размаўляць пра ўзмацненьне кантролю над хімічнымі рэчывамі, што могуць выкарыстоўвацца пры стварэньні выбуховых прыладаў. Паралельна з агульнаэўрапейскімі мерамі, паасобныя краіны ЭЗ распрацоўваюць свае мэханізмы абароны. Так, напрыклад, бэльгійская выведка ўжо ўзялася за вывучэньне маніфэсту, які вывесіў у Інтэрнэце 32-гадовы нарвэжац Андэрс Брэйвік, які арганізаваў выбух у Осла ды напад на моладзь на выспе Ўтоя. Больш падрабязна з Брусэлю перадае карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка.

Бэата Пламэцка: У сьпісе магчымых цэляў атакі былі электрастанцыі ды нафтаперапрацоўчыя заводы ў Бэльгіі. Нарвэжац выбраў Бэльгію, бо ў гэтай краіне жыве каля 12% мусульманаў і каля 10 тыс “здраднікаў”: палітыкаў, выкладоўцаў, журналістаў ды настаўнікаў. Ён напісаў, што ў Бэльгіі ў яго шмат прыхільнікаў. Спэцслужбы раней не сутыкаліся зь ім ды зь яго памагатымі. Аднак паліцыя пачала праверку.

На нарвэскія падзеі адрэагавалі ўжо й спэцслужбы Вялікабрытаніі. Яны атрымалі новае заданьне: пачаць пошук сувязяў Брэйвіка на Брытанскіх выспах. Гэта вынік учорашняга паседжаньня брытанскай Рады нацыянальнай бясьпекі. Распавядае лёнданскі карэспандэнт Польскага Радыё Гжэгаж Дрымэр.

Гжэгаж Дрымэр: Пасьля такога жудаснага здарэньня брытанскі ўрад павінен перагледзець бясьпеку сваёй краіны. Гэтая праца ўжо пачалася. Прычына – узгадка Брэйвіка ў сваім маніфэсьце пра сустрэчу ў красавіку 2002-га году ў Лёндане й тоеснасьць ягоных ангельскім партнэраў. Скотланд-Ярд і МІ5 вымушаныя іх шукаць па-за шэрагамі Брытанскай нацыянальнай партыі ці брытанскай Лігі абароны. Брэйвік лічыў іх няздольнымі да гвалтоўных дзеяньняў супраць уладаў, якія дапусьцілі да ісламізацыі Эўропы.

Пятнічныя тэракты, што зладзіў Андэрс Брэйвік аналізуюць таксама й спэцслужбы ЗША. Амэрыканцаў цікавіць тое, наколькі яны добра забясьпечаны перад падобнымі атакамі. З Вашынгтону перадае Ян Пахлёўскі, карэспандэнт Польскага радыё.

Ян Пахлёўскі: Злучаныя Штаты ўвялі шэраг мераў бясьпекі пасьля нападу 11 верасьня 2001 году. І за апошнія 10 гадоў тэрарысты не змаглі правесьці ніводнага тэракту супраць ЗША. Значна горш ішла барацьба з унутранымі атакамі. Напрыклад, два гады таму ў вайсковай базе ў Тэхасе маёр арміі Малік Хасан пачаў страляць у сваіх саслужыўцаў ды забіў 12 жаўнераў. Гэткія сытуацыі называюць „мясцовым тэрарызмам”. Спэцслужбы імкнуцца пралічыць і прадухіліць такія напады.

Як на гэтую сытуацыю глядзяць у Польшчы. Шэраг прадстаўнікоў польскіх праваахоўных ворганаў заявілі, што ў Польшчы такая сытуацыя ўвогуле не магчымая. Ці сапраўды? Якая рэакцыя польскага грамадства на падзеі ў Нарвэгіі? Пра гэта мы запыталіся прафэсара Лодзінскага ўнівэрсытату палітоляга Пшэмыслава Жураўскага.

Пшэмыслаў Жураўскі-вэль-Граеўскі: У Польшчы, хутчэй за ўсё, ня будзе ніякай інстытуцыйнай рэакцыі, у сэнсе зьмены закандаўства ці правілаў, тым больш, што вострая рэакцыя Захаду, асабліва ўвядзеньне больш жорсткага памежнага кантролю, гэта прыклад выкарыстаньня нагоды. Тут няма мовы пра тэрарызм эмігрантаў. Дарэчы, нарвэскі ўрад увогуле ня хоча нічога зьмяняць. Польскія ўлады прытрымліваюцца падобных поглядаў. Польшча была прыхільнікам адкрыцьця межаў ды свабоды перасоўваньня. У грамадзтве, калі нават ёсьць погляды непрыхільныя адкрытасьці на іншыя культуры, асабліва да людзей, якія ня хочуць асімілявацца, гэта не азначае гатоўнасьці да крывавых чынаў. Я ня думаю, што ў нашай частцы Эўропы існуе праблема нацыяналістычнага тэрарызму.

Нарвэская трагедыя паказала, што дзейнасьць адной асобы можа быць праблемай для дзяржавы й бясьпекі грамадзтва. У красавіку ў мэтро ў Беларусі здарыўся тэракт, арганізаваны самотнікам. Да гвалту такіх людзей падштурхоўваюць замоўчваньне праблемаў, лічыць беларускі палітоляг Дзяніс Мельянцоў.

Дзяніс Мэльянцоў: Тут праблема ў адзіночках, якія незадаволеныя й неструктураваныя. Такіх „свабодных радыкалаў” цяжка адсачыць. Нібыта нармальны чалавек, меў фімру, працаваў ды плаціў падаткі, як Брэйвік. Тое самае беларускі тэрарыст, працаваў і ніхто ня ведаў, што ў яго ў галаве. Як бачым, праблема не палягае ў тым, што ў краіне шмат правых экстрэмісцкіх рухаў, а ў тым, што існуюць у грамадзтве праблемы, якія або замоўчваюцца, альбо не знаходзяць выхаду ў публічную прастору. У Нарвэгіі такой важнай праблемай, на побытавым узроўні, стала пытаньне эміграцыі. У Беларусі таксама шмат праблемаў публічна не абмяркоўваецца: застой у дзяржаве, эканамічныя цяжкасьці, і таму ёсьць такі стан „нявыноснасьці”.

Урады ды праваахоўчыя ворганы розных краінаў сьвету асэнсоўваюць тэракты, якія на мінулым тыдні, прагрымелі ў Нарвэгіі. Іх арганізаваў самотны тэрарыст. Эўразьвяз ды паасобныя краіны ЭЗ хочуць узмацніць кантроль за небясьпечнымі рэчывамі ды правесьці дыскусію наконт прычынаў экстрэмізму ў Эўропе.

Падрыхтаваў ю.л.