• Рэдакцыйная дыскусія (аўдыё)
  • Audio3.45 MB
  • 20.07.2011

Сардэчныя прывітаньні, шаноўныя радыёслухачы!

Наш прыхільнік з Расеі Ўладзімер Гудзэнка прыслаў працу на дыскусійны конкурс. Як ведаюць многія нашы сябры, гэты аўтарытэтны радыёаматар жыве ў падмаскоўным горадзе Лухавіцы. DX-іст падрыхтаваў для абмеркаваньня адказ на беларускай мове. Тэкст спадара Гудзэнкі закранае розныя аспэкты мінулага дзесяцігодзьдзя. Таму згаданы ліст я буду зачытваць па частках у некалькіх перадачах. 

Наш прыхільнік піша:

“Завяршыўся адлік часу  першага дзесяцігодзьдзя  XXI веку й трэцяга тысячагодзьдзя. Якія падзеі  гэтага дзесяцігодзьдзя я хацеў бы адзначыць у сьвеце, у маёй краіне – Расеі, у маёй Радзіме – Украіне,  у Беларусі і Польшчы, у маім лёсе?
Што тычыцца міжнародных падзей, у сьвеце працягвалася барацьба сіл свабоды й дэмакратыі зь сіламі  тэрору, гвалту й таталітарызму. Вось самай важнай падзеяй стаў акт міжнароднага тэрарызму 11 верасьня 2001 года ў Злучаных Штатах, калі загінула каля 3000 чалавек. У арганізацыі гэтых жахлівага акту тэрору абвінавачваюць “Аль-Каіду”. Вядома, што яна зьвязана з расейскімі спэцслужбамі.

У наступныя гады адбыліся акты тэрору ў Лёндане, Мадрыдзе, Стамбуле, на інданэзійскім востраве Балі. За гэтымі тэрактамі пайшла так званая вайна з тэрарызмам – напады ЗША з саюзнымі дзяржавамі на Афганістан ды Ірак. Я лічу, уваход у Ірак быў правільным і своечасовым. Ён прынёс вызваленьне народам гэтай краіны.  Але напад на Афганістан – не, гэта была апэрацыя сумнеўнай неабходнасьці.

У 2009 годзе, пасьля васьмі гадоў прэзыдэнцтва кансэрватыўнага лідэра краіны Джорджа Буша, быў абраны першы ў гісторыі Злучаных Штатаў лідэр-афраамэрыканец. Аднак палітыка Барака Абамы выклікае моцныя нараканьні як амэрыканцаў, так і грамадзян іншых краін.

З падзей дзесяцігодзьдзя мне б хацелася асабліва адзначыць сьмерць вялікага паляка – Караля Вайтылы, больш вядомага як папа Ян-Павел II. Безумоўна, гэта была неардынарная асоба велізарнага маштабу. Ён моцна паўплыўваў на хаду сусьветнай гісторыі.

Рост нацыянальнай самасьвядомасьці ў сьвеце абумовіў узьнікненьне новых незалежных дзяржаў. Імі сталі Ўсходні Тымор, Чарнагорыя і Косава.
На чарзе – узьнікненьне новых дзяржаў на месцы цяперашняга Судана”.
Канец цытаваньня.

Шчыра дзякую нашаму сябру з Расеі за пісьмо!
Сардэчна запрашаю яго ды іншых нашых слухачоў выказвацца па праблематыцы тэлекамунікацыйных спадарожнікаў. Калі ласка, адкажыце на пытаньні: Як вы ставіцеся да гэтага сродку сувязі? Ці ёсьць у вас доступ да сатэлітарнай антэны? Ці слухалі вы калі-небудзь наша вяшчаньне па спадарожніку? Ці плянуеце вы ў будучым прымаць радыё праз “талерку”?

Запрашаю пісаць нам на абанэнцкую скрынку Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь. Сваю карэспандэнцыю вы можаце таксама накіраваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча. З намі можна вельмі апэратыўна зьвязвацца па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl. Дадатковы электронны адрас: dopis@tut.by.

Наша станцыя пастаянна прысутная ў Інтэрнэце. Таму, калі ласка, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Штодня тут можна знайсьці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі і факты ў Польшчы, Беларусі, Эўропе ды сьвеце. Адрас старонкі ў Інтэрнэце: www.radyjo.net.

Між іншым, на ёй выкладваюцца тэкставыя вэрсіі “Рэдакцыйнай дыскусіі”. Так што, калі вы не пасьпелі паслухаць згаданую перадачу, можаце прачытаць яе на радыйным сайце. Шчыра запрашаю!

На гэтым “Рэдакцыйная дыскусія” зачыняецца. Але толькі на тыдзень. У наступную сераду вас чакаюць новыя выказваньні Ўладзімера Гудзэнкі. Да сустрэчы 27 ліпеня!

юс