• А. Бяляцкі:“Ва ўсёй Эўропе толькі мы вылучаемся нейкім канібалізмам”
  • Audio4.56 MB
  • 22.07.2011

Рада Эўропы й Эўрапейскі Зьвяз у чарговы раз заклікалі Беларусь увесьці мараторый на выкананьне “вышэйшай меры пакараньня”. Так яны адрэагавалі на расстрэл двух гарадзенцаў, асуджаных за забойства трох чалавек.“Эўразьвяз  выступае супраць прымянення смяротнай кары пры любых акалічнасьцях”, - заявіла ў пятніцу кіраўнік эўрапейскай дыпляматычнай службы Кэтрын Эштан. Выкананьне прысудаў асуджаюць таксама й беларускія праваабаронцы.

Праваабарончыя арганізацыі “Вясна”, Беларускі Хэльсінскі Камітэт, Amnesty International на працягу двух гадоў праводзяць кампанію за адмену сьмяротнага пакараньня. Яны высылаюць лісты ў Адміністрацыю прэзыдэнта, праводзяць сустрэчы й гутаркі на гэтую тэму, зьнялі дакумэнтальны фільм пра сьмяротную кару ў Беларусі.

Да вышэйшай меры пакараньня прысуджаюць тых, хто зьдзейсьніў жудасныя злачынствы. Але працэдура выкананьня сьмяротнага прысуду, якая існуе ў Беларусі – бесчалавечная сама па сабе. Гэта зьдзек над роднымі асуджаных – тлумачаць праваабаронцы. Больш за год асуджаных на сьмерць трымаюць у турме, не выпускаючы на прагулкі, пільнуючы, каб яны не зьдзейсьнілі самагубства. Ані родныя, ані самі асуджаныя ня ведаюць, у які момант іх расстраляюць. Дату расстрэлу бацькам паведамляюць больш як за месяц пасьля казьні – распавядае праваабаронца Алесь Бяляцкі:

А. Бяляцкі: На прагулкі асуджаных на сьмерць не выводзяць. Тым ня менш, дазваляюць перапіску й нейкія перадачкі. Дакладнай даты выкананьня прысуду ня ведаюць ні яны, ні сваякі. Робіцца гэта нечакана, пад нейкай іншай маркай. Пасьля выкананьня прысуду цела хаваецца ананімна. Яго не выдаюць сваякам. Пра расстрэл паведамляецца звычайна значна пазьней.

Сьмяротнае пакараньне ня служыць застрашэньню злачынцаў – кажа сябра Беларускага Хэльсінскага Камітэту Гары Паганяйла. Колькасьць забойстваў у краінах з “вышэйшай мерай” не зьмяншаецца. І прыклад Беларусі тут зьяўляецца паказальным.

Г. Паганяйла: У краіне, дзе было адмененае сьмяротнае пакараньне, не назіраецца павышэньня ўзроўню забойстваў. Наадварот, у Беларусі наяўнасьць сьмяротнага пакараньня не спрычыняецца да зьмяншэньня такога кшталту злачынстваў.  Больш за тое, скажу вам, што па колькасьці забойстваў на 100 тысячаў насельніцтва Беларусь займае адно з вядучых месцаў у сьвеце!

Абсурдны й немаральны той аргумэнт, што ўтрымліваць злачынцаў у турме пажыцьцёва – занадта дорага, кажа Гары Паганяйла.

Г. Паганяйла: На працягу апошніх 5 гадоў выносіцца 2-3 вэрдыкты, паводле якіх да сьмяротнага пакараньня прысуджаюць да 5 чалавек. Я думаю, што праблема адмены сьмяротнага пакараньня крыецца не ў эканоміцы, а ў палітычнай волі ўсяго толькі аднаго чалавека!

Ня дзейнічае й той аргумэнт, што за захаваньне сьмяротнага пакараньня выступае абсалютная большасьць беларускага насельніцтва. Паводле апытаньняў, якія двойчы праводзіў Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў, каля 40% беларусаў выступае за адмену сьмяротнага пакараньня і каля 50% - падтрымлівае кару сьмерцю. А крамя таго, нельга выключыць судовых памылак, якія ў Беларусі адбываюцца часта. Выправіць такую памылку й вярнуць жыцьцё чалавеку ўжо немагчыма – нагадваюць праваабаронцы.

Адмена сьмяротнай кары – гэта адна з галоўных умоваў уступленьня ў Раду Эўропы.  Пакараньне сьмерцю перашкаджае эканамічнаму й палітычнаму супрацоўніцтву з эўрапейскімі краінамі – тлумачыць праваабаронца Алесь Бяляцкі.

А. Бяляцкі: Беларусь абкружаная краінамі Рады Эўропы. І Расея, і Украіна зьяўляюцца сябрамі гэтай арганізацыі. Усе яны пагадзіліся адмяніць сьмяротнае пакараньне. Нідзе ў Эўропе зараз людзей не страляюць. Толькі мы вылучаемся нейкім канібалізмам уладаў.

Адмена сьмяротнай кары зробіць беларускае грамадзтва больш чалавечным. Жудасных злачынстваў стане менш, калі само грамадзтва стане больш гуманным, а не тады, калі дзяржава ўвядзе яшчэ больш суровыя кары й будзе працягваць прыніжаць грамадзян – перакананы Алесь Бяляцкі. 

А. Бяляцкі: Сёньня ў месцах пазбаўленьня волі ў Беларусі знаходзіцца больш за 50 тысячаў чалавек. Нават Генэральная пракуратура прызнае, што значную частку зь іх можна было б там не трымаць. Праўда, аргумэнты пракуратуры даволі цынічныя: маўляў, гэта дорага. А тое, што ў людзей адбіраюць свабоду, частку жыцьця, нішчаць у турме іх здароўе – гэтых аргумэнтаў пракуратура не называе. А ўсё гэта зьвязана з жорсткасьцю сыстэмы пакараньняў, якая была сфармаваная яшчэ ў сталінскія часы. Яна скіраваная на падаўленьне чалавека, на падаўленьне асобы.

Дарэчы, афіцыйнага пацьверджаньня расстрэлу двух асуджаных гарадзенцаў пакуль не было – тлумачыць адвакат Гары Паганяйла. Калі гэты факт пацьвердзіцца, то праваабаронцы, несумнеўна, выкажуць свой пратэст. “Нельга пагадзіцца з сытуацыяй, калі дзяржава проста працягвае расстрэльваць людзей, не паляпшаючы пры гэтым ні сацыяльна-эканамічнай сытуацыі, ні сытуацыі крымінагеннай, не паляпшаючы судовай сыстэмы”,  -  заявіў Гары Паганяйла.

 Аляксандар Папко