• “Магчыма, гэты крызыс выштурхне ўсё беларускае на паверхню”
  • Audio5.83 MB
  • 26.07.2011

Алесь Мазанік – мэнэджэр беларускамоўных праектаў, распаўсюднік беларускай музыкі й літаратуры. На ягоным рахунку дыхтоўны каляндар “Бацькі дзяржаўнасьці Беларусі”, поўнае перавыданьне кружэлак Алеся Камоцкага, віртуальны праект “Сучбелліт” з рэальным працягам у выглядзе вечарыны раз на месяц, а таксама дыск зь беларускамоўнымі праграмамі для кампутара ды многае іншае.

З Алесем Мазанікам гутарыць Арцём Багданаў.

Алесь, скажыце, калі ласка, ці моцна ўдарыў вось гэты крызыс, вось гэтая дэвальвацыя па тым, як людзі сталі цікавіцца беларускамоўнай літаратурай і беларускамоўнымі кружэлкамі?

Алесь Мазанік: Безумоўна, крызыс ударыў вельмі моцна, нават 3 гады таму, калі была мінулая дэвальвацыя, калі курс даляра ня так моцна вырас, ужо тады назіралася канкрэтная праблема з тым, каб людзі працягвалі набываць тое, альбо ў падарунак, альбо для сябе, што ім цікава. І на дзень сёньняшні я вельмі яскрава назіраю, што колькасьць пакупнікоў, асабліва беларускага нейкага кантэнту, беларускага зьмесьціва, моцна падае. І гэта зьвязанае ў першую чаргу з тым, што беларускае не пірацяць! Гэта застаецца ліцэнзыйны прадукт, будзь то кніга, будзь то нейкае адмысловае выданьне на ДВД, і гэтыя ліцэнзыйныя выданьні, на вялікі жаль, амаль заўсёды прывязаныя да курсу даляра, альбо эўра. Адпаведна тое, што раней каштавала 20 тысяч, зараз каштуе 40. У сваю чаргу я імкнуся неяк змагацца з гэтым ростам коштаў, і ў тых праектах, якія я зараз пляную, альбо ажыцьцяўляю, я імкнуся да падняцьця коштаў максымум на 50 адсоткаў, каб хаця б такімі паўмерамі даваць магчымасьць людзям усё-ткі набываць гэты беларускі прадукт.

Вы сказалі вельмі цікавую думку, что беларускае не пірацяць. Але ж у нас ёсьць, напрыклад, папулярныя каманды, як Н.Р.М. ці “Ляпіс”, у нас ёсьць папулярныя пісьменьнікі, такія як Уладзімер Арлоў ці Андрэй Хадановіч… Няўжо няма разумнікаў, якія купляюць ліцэнзыйны дыск, а потым нарэжуць зь яго дома сотню пірацкіх?

Алесь Мазанік: Я сустракаўся з падобнымі сытуацыямі, але гэта хутчэй адзін выпадак на тысячу, альбо на дзесять тысяч, таму што звычайна той праект беларускі, які робіцца на сёньняшні дзень, ён робіцца вельмі якасна, і дзеля таго, каб яго прадубляваць хоць нейкім чынам, трэба ўкласьці вельмі шмат сродкаў, асабліва калі гэта робіцца маленькі наклад. Адпаведна, тое, што зараз ў нас ёсьць, безумоўна, таленавітыя выканаўцы, музыкі, пісьменьнікі, калі б нехта захацеў іх сьпіраціць, гэта проста было б яму невыгодна. І таму, тое, што зараз адбываецца, тыя праекты, якія ажыцьцяўляюцца, яны выходзяць у арыгінальным ліцэнзыйным выглядзе.

Скажыце, калі ласка, а вось па Вас, як па мэнэджэру беларускамоўных праектаў, наколькі гэта ўсё ўдарыла, наколькі Вашыя праекты скараціліся?


Алесь Мазанік: Я магу сказаць, што тут, безумоўна, галоўным чыньнікам зьяўляецца тое, што нягледзячы на вялікае зьніжэньне пакупніцкае здольнасьці, арэнда з падаткамі застаюцца ранейшымі, і кожны праект, які зараз мусіць ажыцьцяўляцца, мусіць ужо рабіцца па новых коштах. Але няма той масавасьці сярод пакупнікоў, якая была, напрыклад, на пачатку 90-х ці якая была нават на пачатку 2000-х. І таму на дзень сёньняшні мы маем такую вялікую праблему, што, сапраўды, калі ў людзей ёсьць выбар: набыць сабе адзеньне, альбо ежу, альбо нейкі менавіта беларускі прадукт, то безумоўна людзі робяць выбар на карысьць надзённага.

Добра, вось Вы сказалі, што людзі сталі меньш набываць, таму што ўсё-ткі набыць каўбасу больш актуальна, чым набыць кніжку. А ці сталі пісьменьнікі меньш выдаваць кнігі? Таму што заўсёды, калі пісьменьнік, асабліва калі гэта не раскручаны пісьменьнік, жывы клясык, калі проста гэта нейкі пачатковец, хоча патрымаць у руках сваю кнігу, то ён за апошнія грошы яе выдасьць! Ці скарацілася выданьне кніжак і дыскаў?

Алесь Мазанік: Зрэшты, тое, што я назіраю на сёньняшні дзень менавіта сярод недзяржаўных выдаўцоў, зь якімі, збольшага, я й працую, магу сказаць, што, безумоўна, усё-такі назіраецца падзеньне колькасьці. Нават калі браць такіх нашых клясыкаў, як Уладзімер Арлоў, як Алесь Разанаў, як выданьні таго ж Лявона Вольскага. Гэта ўсё карыстаецца попытам, але, на вялікі жаль, гэта ўсё адно нашыя зубры, якія зрабілі пэўную такую сьцежку, да якой сапраўды цікавасьць людзёў ніколі ня зьнікне. І таму іх будуць набываць незалежна ад кошту. Напрыклад, новы альбом “Троіцы”, які выйшаў адносна нядаўна, “Зімачка”, ён раней мог бы каштаваць 20 тысяч, зараз ён каштуе 40 і ўсё адно мае свой попыт. Выданьні маладых пісьменьнікаў ці музыкаў, якія зараз ажыцьцяўляюцца, безумоўна, яны ёсьць, таксама як і ёсьць тыя людзі, якія імкнуцца на заробленую капейку выдаць свой праэкт, выдаць сваю кружэлку, альбо нейкую кнігу, але ж гэтыя людзі сутыкаюцца з праблемай, што ім трэба хаця б адбіць сабекошт. І вось тут ёсьць канкрэтная праблема, што пакупніцкая здольнасьць за апошнія 3 месяцы й нават паўгоду скарацілася, я лічу, што ў 3 разы.

І усё-ткі Алесь, як Вы лічыце, ці вось гэты крызыс, гэтая дэвальвацыя на 70 ці колькі там адсоткаў, ці незадушыць яна рэальныя беларускія кнігі й дыскі, ці не загоніць яна іх цалкам у віртуальную прастору?


Алесь Мазанік: Пачнем з таго, што ўсё беларускае, усё сапраўды нашае, тое, што робіцца дзеля Беларусі, і як казала Ларыса Геніюш “Як жыць, дык жыць для Беларусі, а безь яе зусім ня жыць!” Дык вось тое, што выдаецца менавіта пад гэтым прынцыпам, яно заўсёды ў глыбокім андэграўндзе, і галоўная праблема сучаснай беларускай усёй сфэры, альбо кніжнай, альбо кружэлкавай, альбо нейкіх праектаў, імпрэзаў і гэтак далей – галоўнае ў тым, што людзі проста ня ведаюць, дзе гэта ўзяць. І таму, па вялікім рахунку, мы ўжо знаходзімся ў вялікім андэграўндзе, зь якога трэба выбірацца. І таму дадзеная дэвальвацыя можа апынуцца менавіта тым клінам, які наадварот выб’е й выштурхне ўсё беларускае на паверхню. Зрэшты, я спадзяюся, што ўсё, што я раблю на сёньняшні дзень і пляную, гэта менавіта мусіць быць таксама часткай таго кліну, які выштурхне беларускае на паверхню.

Арцём Багданаў, Менск