• Адзінага курсу валюты ў бліжэйшыя месяцы не прадбачыцца
  • Audio3.62 MB
  • 21.07.2011

“У бліжэйшы час будзе вырашаная галоўная праблема – выхад на адзіны курс валюты”, - заявіў учора ў Менску кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ўладзімер Макей. Аднак бізнэсоўцы ды эканамісты ставяць пад сумнеў рэалістычнасьць заяваў чыноўніка.

Чаму адсутнасьць адзінага курсу валюты зьяўляецца галоўнай праблемай беларускай эканомікі? Таму, што ня ведаючы сапраўднага й адзінага для ўсіх курсу даляра ці эўра немагчыма аблічыць рэнтабельнасьць прадукцыі, працэнтных ставак па крэдыце, плянаваць гаспадарчую дзейнасьць. Калі агульнага курсу валюты няма, эканамічная дзейнасьць спыняецца, што мы й назіраем сёньня ў Беларусі – тлумачыць эканаміст Яраслаў Раманчук.

Я. Раманчук: У такой сытуацыі надыходзіць “стопар” актыўнасьці. Людзі вырашаюць проста не рабіць нічога, бо рызыкі страшэнна высокія. Чаму патрэбны адзіны курс валюты? Каб правільна разьлічыць, расплянаваць дзейнасьць і  не рабіць памылак. 

Множнасьць курсаў даводзіць да галечы экспартныя прадпрыемствы, якія купляюць сыравіну за валюту, набытую па рынкавым курсе, а здаюць сваю валютную выручку дзяржаве па курсе афіцыйным – кажа намесьнік старшыні Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў Андрэй Карпунін.

А. Карпунін: Множнасьць курсаў рабуе прадпрыемствы, якія працуюць на экспарт. Розьніца паміж курсам, па якім прадпрыемствы купляюць сыравіну і курсам, па якім здаюць сваю валютную выручку дзяржаве, адбірае ў іх каля 8% усёй валютнай выручкі – гэта велізарныя грошы. Валюту мы прадаем дзяржаве па курсе 4900 рублёў за даляр, а набываем сыравіну па курсе 7000.

Адзіны курс замежнай валюты абавязкова павінен быць курсам рынкавым і свабодным. У іншым выпадку даляры ды эўра зноў зьнікнуць з продажу – тлумачыць эканаміст Леанід Злотнікаў.

Л. Злотнікаў: Грашовая маса ў краіне так ці інакш будзе расьці. Калі курс даляра ня будзе свабодным, ня будзе пасьпяваць за павышэньнем аб’ёму грашовай масы, то даляры зноў зьнікнуць з продажу.

Нацбанк і ўрад будуць вымушаныя прыйсьці да адзінага курсу даляра да канца гэтага году, бо вечна сёньняшняя сытуацыя доўжыцца ня можа, – перакананы прадпрымальнік Андрэй Карпунін.

А. Карпунін: Яны павінныя гэта зрабіць. Яны разумеюць, што гэта азначае чарговы этап дэвальвацыі, бо рэальны рынкавы курс трымаецца ў межах 6500-6800 даляраў, а ніяк не 5000, як афіцыйна пастанавіў Нацбанк. Яшчэ адна дэвальвацыя – гэта чарговы ўдар па эканоміцы, але іншага выйсьця няма. Такая сытуацыя ня можа цягнуцца бясконца.

Яраслаў Раманчук настаўлены больш скэптычна. Пакуль ня бачна прызнакаў, што ўрад сапраўды хоча прыйсьці да рынкавага курсу рубля – кажа эканаміст.

Я. Раманчук: Я ня бачу новых твараў ва ўрадзе. Пэрсанальныя зьмены сьведчылі б пра тое, што Лукашэнка зразумеў неабходнасьць пераменаў у эканамічнай палітыцы. Я ня бачу рашучасьці ў тых людзей, якія прымаюць рашэньні. Таму пакуль не магу сказаць, што праз 2-3 месяцы Беларусь будзе мець адзіны курс.

Прыход да рынкавага курсу рубля будзе вельмі балючай, але неабходнай мерай – тлумачыць Яраслаў Раманчук. Вартасьць беларускага рубля, а разам з тым і даходы насельніцтва, ўпадуць яшчэ больш. Аднак беларускі ўрад павінен вырашыць: альбо пайсьці на макраэканамічную стабілізацыю, альбо працягваць друкаваць грошы, як сёньня, і тым самым далей разбураць эканоміку – канстатаваў Яраслаў Раманчук.

 

Аляксандар Папко