• Дзьмітры Плакс: Cусьветнавядомы швэдзкі дабрабыт пабудаваны імігрантамі
  • 26.07.2011

Мы працягваем дыскусію, запачаткаваную ў размове са Славамірам Адамовічам.

Ці існуе праблема імігрантаў у скандынаўскіх краінах і як у паўночнаэўрапейскія грамадзтвы ставяцца да замежнікаў? Пра гэта Дзьмітры Гурневіч гутарыць з пісьменьнікам і пераклчыдачыкам Дзьмітрыем Плаксам. Спадар Плакс жыве й працуе ў Стакгольме.

Сп. Дзьмітры, ці існуе, на Ваш погляд, праблема эмігрантаў з краінаў ісьлямскага сьвету, пра якую кажа Славамір Адамовіч?

Д. Плакс: Я ня ведаю да якіх дадзеных ён зьвяртаецца, на якой статыстыцы грунтуецца яго выснова. У швэдзкіх СМІ я такога не бачу. Некалькі гадоў таму, калі не памыляюся, Савет па прадухіленьні злачынстваў рабіў у Швэцыі дасьледаваньне наконт таго, якія сацыяльныя ці этнічныя групы зьдзяйсьняюць у краіне злачынствы. Наколькі я памятаю, пераважная большасьць гэтых злачынстваў зьдзяйсьняецца не імігрантамі.

Ці ёсьць у швэдаў, паводле Вашага назіраньня, нянавісьць да замежнікаў?

Д. Плакс: Канечне не.

У розных СМІ, у тым ліку й беларускіх, часта гаворыцца пра ісламізацыю Эўропы. Пра неабходнасьць зачыняць межы.

Д. Плакс: Каму й ад каго?

Пра гэта, у прыватнасьці, кажуць правыя сілы. Напрыклад, у Галяндыі гэта Вільдэрс.

Д. Плакс: Безумоўна, такія партыі ёсьць. Ёсьць папулісты. Але ж гэта азбука: прасьцей за ўсё вызначыць кагосьці, хто не такі як ты, і ўсе праблемы ўскласьці на яго. У Швэцыі на мінулых выбарах таксама ў парлямэнт упершыню трапіла права-радыкальная партыя Дэмакраты Швэцыі. Яны атрымалі недзе каля 7%, але ж дзе тады 93%?

То бок, гэта, хутчэй, нейкія маргінальныя сілы, які завастраюць праблему на іміграцыі?

Д. Плакс: Праблема міграцыі існавала заўжды. Сёньня, напрыклад, існуе праблема нелегальнай міграцыі. Але гэта штосьці цалкам іншае. Партыі, якія вылучаюць гэтае пытаньне на першае месца, ня маюць у Швэцыі вялікага ўплыву на грамадзкую думку. Але ёсьць прыклады, дзе гэтая праблематыка, незалежна ад таго, ці адпавядае яна рэчаіснасьці, альбо цалкам выдуманая, уплывае на вялікую палітыку. Напрыклад, у Даніі мясцовая Народная партыя вельмі значна паўплывала на палітычную сытуацыю ў краіне. Гэта актыўны палітычны працэс.

Але гэтая тэматыка, раз-пораз, уздымаецца ў СМІ?

Д. Плакс: Швэды кажуць, што можна тлумачыць падзеі такім чынам, як чорт тлумачыць Біблію. Можна сабраць разам розныя факты. Былі, напрыклад, беспарадкі ў Мальмё, горадзе, у некаторых раёнах якога імігранты пражываюць даволі кампактна. Можна набраць фактаў і пра злачынцаў, якія паходзяць не са Швэцыі й г.д. Але ж злачынствы ўчыняюцца не нацыянальнасьцямі, а людзьмі. Ёсьць сацыяльныя праблемы імігрантаў. Яны, у сваёй большасьці, жывуць горш за карэннае насельніцтва. Ёсьць пэўная сэгрэгацыя, ёсьць так званыя “імігранцкія гета”, дзе сацыяльныя праблемы непараўнальна большыя, чым у іншых частках таго ж гораду. Але гэта не праблема іміграцыі як такой. Гэта ўнутранная праблема ўладаў той ці іншай краіны: як яны могуць і хочуць праводзіць палітыку інтэграцыі. Што тычыцца Швэцыі, то без перабольшаньня можа сказаць, што сусьветнавядомы швэдзкі дабрабыт пабудаваны імігрантамі. Калі пасьля ІІ Сусьветнай вайны швэдзкая індустрыя пачала разьвівацца вельмі хуткімі тэмпамі, то працоўную сілу прывозілі караблямі з Югаславіі, Італіі, Грэцыі й г.д. З філясофскага пункту гледжаньня замкнёная сыстэма заўжды горшая за адкрытую.

дг

Здымак: n-europe.eu