• Паміж радкоў беларускіх СМІ
  • 26.02.2011

Дэпутаты ўхвалілі праграму дзейнасьці ўраду на наступную пяцігодку. Праграму дзейнасьці на 2011—2015 гг. прэм'ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч назваў дарожнай картай ураду па выкананьні задач ІV Усебеларускага народнага сходу. Іх ён ацэньвае як беспрэцэдэнтна напружаныя. Раўнаньне пры гэтым — на Ўсход. Беларусь павінна зрабіць тэхналягічны рывок у сваім развіцьці й выйсьці на такія тэмпы эканамічнага росту, аналягічныя вопыту Кітая, Карэі, Сінгапура й іншых "азіяцкіх тыграў". Менавіта на гэтыя краіны Беларусі варта арыентавацца, на думку айчыннай выканаўчай улады. Крайне давядзецца гэта рабіць у посткрызысных умовах аднаўленьня глябальнай эканомікі. "А працэс гэты ў свеце ідзе дастаткова марудна", — прызнае кіраўнік беларускага ўраду.

Насьпявае рэзоннае пытаньне — за кошт чаго дасягнуць нечуванага посьпеху? На думку кіраўніка ўраду, давядзецца мяняць стыль і мэтады работы. Цэнтар прыняцьця апэратыўных рашэньняў вырашана зьмясьціць на ўзровень міністэрстваў, рэгіёнаў і прадпрыемстваў. "Залішняя цэнтралізацыя - некаторым гэта на руку", — канстатуе прэм'ер. Маўляў, адказнасьць несьці ня трэба. І ў міністэрствах, паводле яго слоў, прызвычаіліся выключна да выкананьня даручэньняў. У той час як варта генэраваць ідэі, мабілізоўваць кадры. Гэтым і зоймуцца, трэба меркаваць, у наступнай пяцігодцы.

У ліку ключавых фактараў разьвіцьця прэм'ер назваў разьняволеньне ініцыятывы й прадпрымальнасьці беларускіх грамадзян. Апорай павінны стаць усенародная нацэленасьць на вынік, давяральнае партнэрства дзяржавы й бізнэсу, а таксама рашучыя структурныя рэформы. Галоўная задача — эканамічны рост. Шлях да яго пракладуць, як чакаецца, зьмяненьне падатковага адміністраваньня, удасканаленьне мэханізмаў прыватызацыі, рост прадукцыйнасьці працы й экспарту.

Арыенцір у зьнешнім гандлі — дасягненьне станоўчага сальда ў 2015 годзе. "У многіх ёсьць сумненьні, і небеспадстаўныя", — прызнае прэм'ер-міністар. Аднак стаўка будзе зроблена на мясцовыя сыравінныя рэсурсы, вытворчасьці з высокай дабаўленай вартасьцю й нізкай імпартаёмістасьцю. Ва ўрадзе чакаюць, што гэта дазволіць справіцца зь няпростым заданьнем.

Сумненьне ў скептыкаў выклікае й чаканае прыцягненьне інвэстыцый.
— Слушна дэпутаты ставяць пытаньне: столькі ўжо гаворым пра паляпшэньне інвэстыцыйнага клімату, а воз і цяпер там, — згадвае Мясьніковіч (дарэчы, паводле яго слоў, усе 60 дэпутацкіх пытаньняў і прапаноў, агучаныя на папярэднім разглядзе праграмы, улічаныя ўрадам пры дапрацоўцы).

Аднак задачу трапіць у 30-ку найлепшых краін па ўмовах вядзеньня бізнэсу ніхто не адмяняў. Тут дапаможа ў многім Дырэктыва № 4. А неабходныя для яе рэалізацыі дакумэнты будуць падрыхтаваныя ўрадам сёлета ўжо ў першым паўгодзьдзі, пераконвае прэм'ер-міністар. Даспадобы прыйдуцца інвэстарам і палёгкі ў вядзеньні справаздачнасьці.

Так, прадугледжана радыкальнае скарачэньне (з 1600 да 20) форм першасных уліковых дакумэнтаў. З 2012 году заплянаваны пераход на міжнародную сыстэму фінансавай справаздачнасьці — умовы, зразумелыя інвэстару.

Шмат дыскусій і вакол прыватызацыі. Перасьцярогі выказвалі й дэпутаты на папярэднім разглядзе праграмы дзейнасьці ўраду. "Галоўнае — эфэктыўны ўласьнік", — акцэнтуе кіраўнік ураду. "Іншых падыходаў ня будзе". Ён удакладняе, што па прадпрыемствах, якія маюць стратэгічнае значэньне для краіны, рашэньні будзе прымаць толькі прэзыдэнт. Прыбыткі ад прыватызацыі, на думку прэм'ера, не павінны распыляцца на бягучыя выдаткі. Яны пойдуць на стварэньне новых прадпрыемстваў. Прадаць адно, каб стварыць іншае, ня менш важнае, — прыкладна так, зыходзячы з заяваў прэм'ера, можна сфармуляваць слёган айчыннай прыватызацыі. На яго думку, калі просты чалавек убачыць гэтыя працэсы, яго стаўленьне да прыватызацыі будзе нармальным. "Бо й прыватызаваны завод нікуды не зьездзе", — заўважае М. Мясьніковіч. Людзі будуць працаваць там жа, і падаткі гэта прадпрыемства будзе плаціць у бюджэт Беларусі. Асаблівыя спадзяваньні ўскладаюцца на Мытны саюз і фармаваньне Адзінай эканамічнай прасторы. У пляны ўраду ўваходзіць стварэньне пры ўдзеле беларускіх прадпрыемстваў магутных міжнародных карпарацый, здольных уплываць на рынак, уключацца ў глябальныя сеткі збыту. Паводле ўражаньняў прэм'ера, Беларусь стала прыкметным гульцом на рынку харчаваньня. Трэба ствараць свае малочныя "Лукойлы", мяркуе кіраўнік ураду.

Кадры вырашаюць усё. І гэта ня проста палітычны лёзунг, а імпэратыў разьвіцьця, перакананы М. Мясьніковіч. Адсюль і заплянаваныя новаўвядзеньні па матэрыяльным стымуляваньні самых працаздольных: гібкая сыстэма аплаты (прычым ня толькі ў дзяржразьліковым, але й бюджэтным сэктары), буйныя бонусы. Важна ня толькі вызначыцца з арыентырамі, але й прадумаць шлях да іх. "Усе разьдзелы праграмы дакладна пэрсаніфікаваныя, — канстатуе прэм'ер-міністар. — Такі падыход дазваляе адысьці ад так званай калектыўнай адказнасьці, калі за кожнае пытаньне адказваюць быццам бы ўсе й ніхто канкрэтна". Нагадвае ён і пра тое, што трэба насамрэч жыць па сродках, а ня толькі дэкляраваць гэта. Абвальнага росту цэн, паводле яго запэўненьняў, у краіне ня будзе, як і ўразаньня выдаткаў па сацыяльных праграмах.

На наступны дзень пасьля прыняцьця дэпутатамі ўрадавай праграмы 24 лютага ў “Савецкай Беларусіі” надрукавалі артыкул памочніка прэзыдэнта па эканоміцы Ткачова. Вось толькі пару радкоў з артыкула на дзьве паласы: “Даўно няма дзяржпляну. Але ва ўмовах пераходу да пераважна эканамічных мэтадаў кіраваньня, да ўзмацненьня рынкавых рэгулятараў усё ж выкрышталізоўваецца ідэя дзяржпляну”.

23 лютага дэпутаты палаты прадстаўнікоў на пазачарговай сэсіі разгледзелі ініцыятыву сваіх калег зь міжнароднай камісіі зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд для таго, каб вызначыць адпаведнасьць польскага закону «Пра карту паляка» агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права.

Прапаганда па прэзыдэнцкіх тэлеканалах тут жа паведаміла пра тое, што ўладальнікі Карты паляка знаходзяцца пад уплывам польскіх спэцслужбаў і таму могуць стаць небясьпечнымі для беларускай дзяржавы. Нагадалі пра тое, што летувісы разглядаюць Карту паляка таксама як пагрозу сваёй краіне.

У газэце “Народная воля” за пятніцу Пётра Садоўскі (былы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне) піша, што Карта паляка - “прагматычны патрыятызм”. Экс-дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня падрабязна абгрунтоўвае своечасовасьць і неабходнасьць Карты паляка для Польшчы й ставіць пытаньне: “Чаму кіраўніцтва Беларусі ня ўводзіць Карту беларуса?” Нагадаю, што летась асобныя прадстаўнікі каманды дыктатара дэкляравалі намер стварэньня Карты беларуса, але зараз маўчаць. Бо ўвядзеньне такой акцыі патрабуе сродкаў, а іх няма.

Кіраўнік Саюзу палякаў, які стварылі паслугачы дыктатара, Станіслаў Сямашка лічыць, што Карта паляка падзяліла беларускіх палякаў на тых, каму даваць Карту паляка, а каму не. Сам Сямашка такой карты ня мае. Ён абурыўся тым, што яму забаранілі ўезд у краіны Эўразьвязу. Пра Польшчу ён заявіў памежна шчыра: “Ды хрэн зь ёй, зь іх краінай!”

Увогуле інфармацыйна-ідэялягічная вайна агітпрапа дыктатара з польскімі палітыкамі працягваецца. Галоўны рэдактар “Савецкай Беларусіі” Павал Якубовіч у нумары СБ за 22 лютага зноў бэсьціў міністра замежных справаў Польшчы Сікорскага. Дыктатараў паслугач прыдумаў вэрсію, па якой Сікорскі прыдумаў палітычную апазыцыю, прыцягнуў фінансы, навэрбаваў наемнікаў і пераканаў хаўрусьнікаў з ЭЗ, што 20 сьнежня ў Беларусі зьявіцца новы кіраўнік. А 20 сьнежня стала ясна, што Сікорскі заваліў справу. Вось такая канцэпцыя змовы. Далей Якубовіч паведамляе, што першыя, хто ўчапіўся ў глотку Сікорскаму, апынуліся ягоныя палітычныя супернікі ў Польшчы. Качыньскі быццам бы абвінаваціў Сікорскага ў сядзеньні на двух крэслах, адно зь якіх – маскоўскае.

Усе незалежныя СМІ й газэта штотыднёвік “Наша Ніва” паведамілі пра тое, што праваабаронцы заплацілі Галоўнаму гаспадарчаму ўпраўленьню Адміністрацыі прэзыдэнта за шкоду, нанесеную Дому ўраду, а гэта 14 мільёнаў 144 тысячы беларускіх рублёў. Такім чынам яны разьлічвалі зьняць фінансавую адказнасьць з абвінавачаных у масавых беспарадках 19 сьнежня. Гэты ўчынак сьведчыць пра яшчэ адну праяву салідарнасьці грамадзтва з палітвязьнямі. Але ў думаючых падзея выклікае пытаньне: ці азначае гэта, што калі заплацілі, тады прызналі, што актывісты апазыцыі штурмавалі Дом ураду? І навошта плаціць, калі вокны й дзьверы білі правакатары са спэцслужбаў?

У панядзелак Лукашэнка наведаў другую інжынерную брыгаду ўзброеных сілаў. Тамака ён сказаў такое, што надало мне аптымізму ў пэрспэктыве дэмакратычнай рэвалюцыі ў Беларусі. Ён заявіў, што звольненаму са службы афіцэру, нават генэралу, мы ня здольныя падарыць кватэру. Можа 75%, можа 30% - падарыць грошаў, а на астатні кошт – ільготны крэдыт. Аказваецца, у нашай арміі нават генэралы ня маюць уласных кватэр. Дык, можа яны й скінуць дыктатара, каб урэшце афіцэры атрымлівалі ад дзяржавы жытло? Дарэчы, пра гэтае патрабаваньне не было ні ў воднага кандыдата ў прэзыдэнты. Можа таму армія й не перайшла на бок апазыцыі 19-га сьнежня? Усё ж такі трэба ведаць аб тым, як жыве народ, тады й можна будзе перамагаць.

У. Падгол