• Міграцыі ў Эўропе
  • 25.02.2011

Некалі беларускія ўлады, абураныя стаўленьнем да іх Эўрапейскага Зьвязу, палохалі Эўропу тым, што адчыняць межы й плынь нелегальных мігрантаў залье яе ўтульны сьвет. Сёньня падобныя пагрозы гучаць у іншай часцы сьвету з вуснаў лібійскага дыктатара Кадафі, які бароніць любымі коштамі сваю ўладу. Беларускія ўлады спыніліся на размовах, затое ў Лібіі ды суседніх краінах міграцыя прымае вялікія маштабы.

Сёньня ўвага ўсяго сьвету сканцэнтарваная на падзеях у краінах Паўночнай Афрыкі, дзе не спыняюцца масавыя пратэсты насельніцтва, якое патрабуе адыходу ад улады тутэйшых дыктатараў. Асабліва крывавыя падзеі разгортваюцца ў Лібіі. Апрача палітычнага вымярэньня, гэты крызыс мае й гуманітарнае: сотні й тысячы людзей вымушаныя ўцякаць з сваіх дамоў.

Больш за тысячу эмігрантаў прыбыло на мінулым тыдні з Тунісу на італьянскую выспу Лямпэдуза. Гэта невялікі прыклад той масавай хвалі эміграцыі ў Эўропу з краінаў Паўночнай Афрыкі, якая пачалася разам з рэвалюцыямі, якія ахапілі краіны гэтага рэгіёну. Ці Эўрапейскі Зьвяз зможа апанаваць гэтую хвалю? Пра гэта мы размаўляем з Мацеем Душчыкам зь Інстытуту сацыяльнай палітыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту.

Мацей Душчык: Хваляваньні ў гэтых краінах прывялі да таго, што перасталі дзейнічаць памежныя службы. Людзі хутка зразумелі, што гэтым можна скарыстацца і зьехаць. Яны хапаюць усё, што ў іх ёсьць, любы транспартны сродак ды спрабуюць перабрацца туды, дзе бліжэй. Найбліжэй да іх італьянская выспа Лямпэдуза, куды можна даплыць за два-тры дні. Пакуль гэты працэс ня мае масавага характару. Тысячу, ці нават дзесяць тысяч людзей Эўропа спакойна праглыне. Праблемы пачнуцца, калі гэтых тысяч стане нашмат больш.

Беручы пад увагу, што колькасьць арабскіх краінаў, ахопленых хваляваньнямі, расьце, гэтая хваля можа ўзмацніцца. Як у дадзенай сытуацыі павінна сябе паводзіць Эўропа?

Мацей Душчык: У гэтай сытуацыі няма добрага выхаду. У сваіх дакумэнтах ЭЗ прапануе розныя рэчы, але ўсе яны абапіраліся на супрацоўніцтва з краінамі, адкуль едуць мігранты. Цяжка сабе ўявіць, каб цяпер на выспах Лямпэдуза, Мэлілі, ці Канарскіх астравах пабудаваць мур, каб гэтыя людзі не прыязджалі. Гэтыя людзі ўжо тут. Праблемы вынікаюць падчас выкананьня розных юрыдычных працэдураў. Напрыклад, прызнаньне палітычнага прытулку – даўгачасовая працэдура. Разам з тым, часам проста немагчыма ў дачыненьні да грамадзянаў краінаў накшталт Малі, Буркіна Фасо ці Самалі, вызначаць, ці ёсьць пагроза жыцьця пасьля іх вяртаньня назад. Часта ў Эўропу трапляюць людзі без дакумэнтаў. Вельмі цяжка высьветліць тоеснасьць гэтых асобаў. Кіруючыся прынцыпамі гуманізму, мы прызнавалі ім прытулак. Усё абапіралася на супрацы з транзытнымі краінамі, напрыклад, Тунісам, Лібіяй ці Марока, якія не пускалі гэтых людзей. Сёньня гэтыя краіны перасталі стрымліваць эмігрантаў і гэтыя людзі трапляюць у Эўропу.

Аднак эўрапейскія палітыкі, напрыклад, нямецкі канцлер Ангела Мэркель заявіла адназначна, што Нямеччына ня прыме новых эмігрантаў. Маўляў, у іх ужо жыве дастатковая колькасьць эмігрантаў. Гэта значыць, што Эўропа зачыняе свае межы?


Мацей Душчык: Справа тут тычыцца дамоўленасьці паміж краінамі ЭЗ, згодна зь якой, калі на тэрыторыю адной з краінаў ЭЗ трапляе занадта вялікая колькасьць эмігрантаў, зь якою дзяржава ня ў стане даць рады, тады гэтых людзей бяруць іншыя краіны. Польшча разважае над тым, каб далучыцца да гэтай праграмы. Пакуль нельга казаць пра гуманітарную катастрофу, але ёсьць сур’ёзная гуманітарная праблема, зь якою краіны Паўднёвай Эўропы не дадуць рады. Здавалася б, прычым тут Польшча. З-за вялікай адлегласьці сюды ня трапіць аніводзін уцякач з Афрыкі. Зь іншага боку, з Усходу мы мяжуем з краінай, дзе дыктатар разагнаў гвалтоўным чынам мірную маніфэстацыю працэсу. Гэта цяжка ўявіць, але што будзе рабіць Польшча, калі дыктатар выведзе на вуліцу танкі ды беларусы пачнуць масава ўцякаць у Польшчу, кажычы, што мы бясьпечная краіна. Што мы тады зробім? Калі гэта будзе тысяча, ці дзьве тысячы чалавек – не праблема. Затое 50 тысяч стануць велізарным цяжарам. У такой сытуацыі мы таксама будзем прасіць іншыя краіны ЭЗ аб дапамозе.

Пакуль такі сцэнар разьвіцьця падзеяў у Беларусі ўяўляецца немагчымым. Аднак беларускія ўлады з увагай прыглядаюцца да падзеяў у арабскіх краінах. Кіраўнік Аляксандар Лукашэнка ўжо пасьпеў пракамэнтаваць іх наступным чынам: маўляў, мы не завагаемся выкарыстаць войска дзеля абароны “стабільнасьці”, чытай – улады.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч