• Першы год прэзыдэнцтва Януковіча ва Ўкраіне
  • 25.02.2011

Год таму ва Ўкраіне адбыліся выбары й зьмяніўся прэзыдэнт. Новы кіраўнік Віктар Януковіч прысьвяціў гэты год эканамічным рэформам, зьмене Канстытуцыі ды канцэнтрацыі ўлады ў сваіх руках. У нечым ён нагадвае сваіх больш аўтарытарных калегаў па СНД, у нечым адрозьніваецца. Цяпер журналісты ды экспэрты даюць ацэнкі першаму году кіраваньня Януковіча.

25-га лютага 2010-га году новаабраны прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч прысягнуў на Канстытуцыі ды атрымаў прэзыдэнцкую булаву й пячатку. На прэзыдэнцкіх выбарах Януковіч перамог сваіх “аранжавых” супернікаў, лідэраў украінскай рэвалюці 2004-га года, Віктара Юшчанку й Юлію Цімашэнку. Прайшоў год пасьля тых падзеяў, а ацэнкі дзейнаму прэзыдэнту выстаўляюцца вельмі спрэчныя. З Кіева перадае карэспандэнт Польскага радыё Томаш Кулакоўскі.

Томаш Кулакоўскі. Януковіча крытыкуюць за парушэньне Канстытуцыі, злоўжываньне ўладай, ганеньні на апазыцыю, СМІ ды грамадзянскую супольнасьць. Зь іншага боку прэзыдэнцкая каманда пачала эканамічныя рэформы, вядзе перамовы наконт падпісаньня партнэрскай дамовы з ЭЗ ды далучэньня да зоны свабоднага гандлю. Адным з найбольш супярэчных рашэньняў Януковіча была згода на далейшае знаходжаньне ў Крыму расейскага чарнаморскага флёту. Узамен украінцы атрымалі таньнейшы газ, але заплацілі за гэта парушэньнем Канстытуцыі, якая забараняе чужынскім войскаў знаходзіцца на тэрыторыі краіны.

Былы міністар замежных справаў Украіны Барыс Тарасюк нэгатыўна ацэньвае палітыку цяперашняга ўкраінскага прэзыдэнта. Ён лічыць, што шматлікія заявы аб намерах Януковіча, асабліва ў адносінах з ЭЗ, носяць паказны характар.

Барыс Тарасюк: Новая ўлада езьдзіць па Брусэлях і Бэрлінах, ды дэкляруе, што яна не зьмяніла праэўрапейскі курс Украіны. Аднак унутры краіны дзеяньні ўладаў супярэчаць каштоўнасьцям ды стандартам Эўрапейскага Зьвязу.

У сваю чаргу, былы прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі лічыць, што трэба пазытыўна ацаніць палітычную стабілізацыю й адустнасьць “вайны на версе”, што мела месца падчас кіраваньня “аранжавых палітыкаў” Віктара Юшчанкі ды Юліі Цімашэнкі.

Аляксандар Квасьнеўскі: Сёньня можна размаўляць з Украінай, ведаючы, што прынятыя рашэньні будуць рэалізаваныя ў бліжэйшыя гады. Ня можа падабацца тое, што адбываецца ў сфэры СМІ ды адносінаў з апазыцыяй. Зь іншага боку, мы памятаем, як было яшчэ нядаўна, таму можна казаць пра супакаеньне, а не пра новую палітычную вайну ва Ўкраіне. Рэформы, якія прэзыдэнт плянуе ды перамовы, якія вядзе з ЭЗ, павінны скончыцца пасьпяхова. У прэзыдэнта ёсьць для гэтага ўсё магчымасьці. Адсюль шмат патрабаваньняў да гэтага прэзыдэнта, няма прычынаў, каб даваць яму нейкія льготы. Няма часу на льготы, толькі на цяжкую працу, на завяршэньне тых справаў, якія важныя для Ўкраіны, напрыклад, на падпісаньне партнэрскай дамовы з ЭЗ.

За ганеньні на апазыцыю, СМІ й за ўмацаваньне ўлады Віктара Янковіча параўноўваюць зь іншымі постсавецкімі аўтарытарнымі лідарамі, як Нурсултан Назарбаеў ці Аляксандар Лукашэнка. На думку беларускага палітоляга Валера Карбалевіча, Януковіч, як палітык адрозьніваецца ад Лукашэнкі. У дадатак, ён ніколі ня стане такім ,як Лукашэнка, бо яму не дазволіць украінскае грамадзтва.

Валеры Карбалевіч: Тэндэнцыі да аўтарытарызму ёсьць у шматлікіх палітыкаў, у тым ліку й на Захадзе. Сама лёгіка ўлады такая, што кожны кіраўнік хоча яе як мага больш. Пытаньне ў тым, што дазваляе грамадзтва. Дык вось ва Ўкраіне грамадзтва не дазволіла прэзыдэнту Кучме стварыць жорсткі аўтарытарны рэжым. Яно не дазваляе таксама рабіць гэта й прэзыдэнту Януковічу. Беларускае грамадзтва гэта дазволіла. У Януновіча ды Кучмы не было такой прагі да ўлады, якую мае Лукашэнка. У іх былі пэўныя табу, праз якія яны не маглі пераступіць. У Лукашэнкі такіх межаў няма.

Першы год кіраваньня Віктар Януковіч скончыў з супярэчнымі ацэнкамі. Адныя хваляць яго за  палітычную стабілізацыю ды эканамічныя рэформы, іншыя ганяць за ганеньні на СМІ й апазыцыю ды за канцэнтарцыю ўлады ў руках прэзыдэнта. Пры гэтым, зазначаюць экспэрты, Януковіч ніколі не дасягне ўзроўня сваіх аўтарытарных калегаў-прэзыдэнтаў па СНД.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч