• Рэдакцыйная пошта
  • 26.02.2011

Сардэчна вітаю ўсіх прыхільнікаў нашага радыё!

Сьпярша дазвольце падзякаваць за вялікую пошту, якая цягам апошніх дзён была дастаўлена ад вас, нашы дарагія сябры. Сярод карэспандэнцыі дамінавалі лісты на кашубскі конкурс.  У прыватнасьці, адказы прыйшлі ад віцяблянкі Марыі Палынскай, гарадзенца Валяр’яна Здановіча, лідчанкі Дануты Крупіцы. Зноў прыслаў конкурсную працу берасьцеец Алег Панько. Гэтым разам у яго цалкам верныя адказы. Усё правільна ў працах Марыі Палынскай і Валяр’яна Здановіча. Данута Крупіца памылілася ў адказе на апошняе пытаньне, а таксама не назвала ўсе кашубскія літары, якія адрозьніваюцца ад польскіх. Запрашаю нашу слухачку тэрмінова выслаць удакладненьні, бо шкада, калі такая вялікая і цікавая праца ня выйграе з-за двух недакладнасьцяў.

На пазамінулым тыдні барысаўчанін Алесь Шустоўскі прыслаў ліст. Ён адрасаваны Валерыю Саўко й тычыцца гістарычных перадач. Я думаю, допіс будзе агучаны ў межах “Рэдакцыйнай дыскусіі”. На мінаючым тыдні наш сябра з Барысава даслаў адказ на адну з радыйных анкет.

Жыхар Берасьця Алег Панько апэратыўна адрэагаваў на ранейшы ліст барысаўчаніна, які цытаваўся тыдзень назад. Вось ягонае выказваньне: “…як піша Алесь Шустоўскі, я атрымаў за перадапошні гданьскі конкурс тыя самыя паштовыя прылады! І гэта несур’ёзна: для кагосьці “Grundig”, для іншага – сабачка на шнурку, а для сябе каханага – таксама падарожжа ў Данцыг!

І, дарэчы, у пытаньні пра Двор Артуса сьцьвярджалася, што гэта было “самае дэмакратычнае месца горада”, што памылкова, бо простаму люду туды забараняўся ўваход!!!

…параўнаньне, што “хтосьці слухае перадачу аж на чатырох радыёпрымачах” – гэта глыбокае дылетанцтва для DX-інга!!!”

Пачну з сабачкі. Той, што на шнурку. Відаць, наш паважаны слухач мае на ўвазе невялікія плюшавыя бірулькі з выявай льва – сымбаля Гданьска?

Пра Двор Артуса, “самае дэмакратычнае месца горада”. Напомню, што пятае пытаньне адной з гданьскіх віктарын гучала так: “Гэты будынак быў важным цэнтрам грамадзкага й эканамічнага жыцьця Гданьска й адным з найбольш дэмакратычных месцаў у краіне. Тут сустракаліся арыстакратыя, гандляры й рамесьнікі. Асяродак, які нагадваў легендарны Круглы стол караля Артура, называецца…”. І тут даваліся два варыянты адказу.

Пра цытату “хтосьці слухае перадачу аж на чатырох радыёпрымачах”. Верагодна, гаворка ідзе пра “Рэдакцыйную пошту”, якая прагучала летась, 4 сьнежня. Але ў ёй такіх слоў няма. Дастаткова праверыць,  зазірнуўшы на адпаведную старонку ў Інтэрнэце: www2.polskieradio.pl/zagranica/by/news/artykul144799.html.  

Пра “Grundig”. Прыёмнік гэтай фірмы нават не прадугледжваўся падчас гданьскіх віктарын. За кожны з конкурсаў пра горад на Матлаве адпраўлены адносна сьціплыя ўзнагароды. Напрыклад, некалькі ўдзельнікаў атрымалі паштовыя наборы. Але гэтая прадукцыя зусім не падобная на тую, што дастаўлена барысаўчаніну Алесю Шустоўскаму.
Натуральна, ніякай паездкі ў Польшчу нават па выніках усіх пяці гданьскіх віктарын не плянавалася. Падарожжа ў Памэранію выйгралі ўдзельнікі сэрыі гендэрных конкурсаў кобрынец Сяргей Магонаў і менчук Уладзімер Шавель. Яны паехалі ў Гданьск у складзе больш шырокай дэлегацыі. Яе сфармавалі выканаўцы міжнароднай гендэрнай праграмы “Крок да роўнасьці”, па ініцыятыве якой і ладзіліся радыёконкурсы. Кіраўніком групы быў я, вядучы “Рэдакцыйнай пошты”.

Дарэчы, яшчэ  пару слоў пра радыёпрыёмнікі. Яны выстаўляюцца на конкурсы, каб хаця б частцы слухачоў дапамагчы замяніць старую савецкую апаратуру ці няякасныя кітайскія вырабы на прымачы вядомых марак. Такім чынам, адна з мэтаў радыёспаборніцтваў – абнаўленьне парка прыёмнікаў. Я імкнуся, каб “Grundig” ці “Panasonic” атрымала як мага больш нашых прыхільнікаў. Стараюся, каб прыёмнікі вядучых вытворцаў былі разьмеркаваны паміж слухачамі больш-менш раўнамерна. Каб атрымаць гэтую апаратуру, трэба абавязкова перамагчы ў даволі складаных конкурсах.   

Пераходжу да іншай тэмы.

Жыхара Гомельшчыны Сяргея Балбасава хвалюе будучыня нашага вяшчаньня на кароткіх хвалях. Гэтай тэме ён прысьвяціў адмысловы ліст. Паслухайма:

“Мяне як радыёаматара вельмі трывожыць лёс будучага карохвалевага вяшчаньня. Ходзяць чуткі, быццам бы і Польскае радыё для замежжа зьбіраецца канчаткова сысьці ў Інтэрнэт. Вельмі ня хочацца, каб гэта адбылося.

І вось чаму: я пражываю ў комплексе вясковых паселішчаў, дзе агульная колькасьць жыхароў складае прыкладна 600 чалавек. Тут ёсьць некалькі кампутараў, але ня больш за тры-чатыры. А пра Інтэрнэт у маёй мясцовасьці нават і размовы няма. Такім чынам, калі вяшчаньне з Варшавы апынецца выключна ў Сеціве, то я не змагу вас слухаць.

Кароткія і сярэднія хвалі – вось адзіны сродак для прыёму вашых перадач. Таму вельмі вас прашу: ні ў якім выпадку не пераводзьце вяшчаньне Польскага радыё для замежжа выключна ў Інтэрнэт. Яно павінна быць у эфіры! Мяркую, да маёй думкі далучыцца большасьць вашых слухачоў”.

Шаноўнае спадарства! Чакаю вашых выказваньняў наконт праблемы, якая турбуе нашага прыхільніка з Гомельшчыны.

Таксама напамінаю, што нашу станцыю хвалюе сытуацыя з прыёмам у FM-дыяпазоне ў памежных раёнах на паўночным захадзе і поўдні Беларусі. Я з калегамі буду вельмі ўдзячны за водгукі. Вы можаце напісаць справаздачы аб прыёме або хаця б кароткі ліст з вашымі ўражаньнямі аб чутнасьці.

Данута Крупіца й Аляксандар Ендза зь Ліды Гарадзенскай вобласьці ды жыхарка беларускай сталіцы Алена Казлоўская прынялі нашы перадачы на кароткіх хвалях і склалі рапарты. Спадар Ендза неўзабаве атрымае QSL-карткі. На жаль, спадарыням Крупіцы й Казлоўскай выслаць пацьверджаньні я не магу, бо іх справаздачы не адпавядаюць радыйным стандартам. Замест QSL я адпраўлю нашым слухачкам рэкамэндацыі па напісаньні справаздач.

Нагадваю, што працягваецца конкурс у межах “Рэдакцыйнай дыскусіі”. Калі ласка, азнаёмцеся з ягонымі ўмовамі.

Завяршыўся першы дзясятак гадоў XXI веку й трэцяга тысячагодзьдзя. Якім прыгадваецца вам гэтае дзесяцігодзьдзе? Якія людзі, зьявы, падзеі асацыююцца з гэтым часам? Калі ласка, напішыце. Вашы ўспаміны й разважаньні прымаюцца цягам шасьці месяцаў, да 1 ліпеня 2011 года. Меркаваньні прагучаць у перадачы “Рэдакцыйная дыскусія”. Найбольш цікавыя працы будуць узнагароджаныя каштоўнымі прызамі.

Паважаныя радыёслухачы! Зь нецярпеньнем чакаю адказаў на гэты конкурс. Калі ласка, прысылайце свае працы на наступны адрас Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.

Юрый Сьцяпанаў