• Экспэрт: Беларусь магла пастаўляць зброю Кадафі ўзамен за дыямэнты
  • 01.03.2011

Беларусь усё часьцей згадваюць як краіну, куды лібійскі дыктатар Муамар Кадафі разам зь сям’ёй уцячэ ад народнага гневу. Прычынай да такіх здагадак сталі ня толькі цёплыя й сяброўскія стасункі Аляксандра Лукашэнкі й Кадафі. За апошні тыдзень паміж Менскам і Трыпалі адбылося некалькі таямнічых авіярэйсаў. Экспэрты пакуль толькі здагадваюцца, каго альбо што маглі перавозіць падчас пералёту.

Лібійскі прыватны самалёт з бартавым нумарам 5A-DCN двойчы на мінулым тыдні ажыцьцявіў пералёты паміж Менскам і Трыпалі. Пра гэта паведаміў Х’ю Грыфітс са Стакгольмскага міжнароднага інстытуту дасьледаваньняў міру (SIPRI). Паводле Грыфітса, авіярэйсы зафіксаваныя ў чацьвер і суботу. Дарэчы, паводле ізраільскай газэты "Haaretz", Dassault Falcon, які прызямляўся ў Менску – гэта прыватны самалёт Муамара Кадафі.

У інтэрвію швэдзкаму інфармацыйнаму агенцтву ТТ Грыфітс выказаў меркаваньне, што на борце самалёта знаходзілася “штосьці вельмі каштоўнае”, што не пасьпелі закрануць фінансавыя санкцыі й замарожваньне актываў Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў. “Гэта маглі быць так званыя “крывавыя дыямэнты”, якія Кадафі выкарыстоўваў для аплаты зь іншымі афрыканскімі краінамі”, – лічыць экспэрт SIPRI.

Грыфітс, які да ўсяго зьяўляецца экспэртам па пытаньнях гандлю зброяй, распавёў таксама, што ў палове лютага з вайсковай базы ў Баранавічах у Лібію выляцеў вайсковы транспартны самалёт ІЛ-76. Швэдзкі экспэрт удакладніў, што беларускі самалёт прызямліўся ў горадзе Сабха на пустыні Сахара. “У самалёце магла знаходзіцца зброя й снарады”, – сказаў Х’ю Грыфітс.

МЗС Беларусі адмаўляе інфармацыю, прадстаўленую швэдзкай арганізацыяй SIPRI. Але факт пералёту зь Лібіі ў Менск самалёта Кадафі аспрэчыць немагчыма. У сеціва трапілі запісы перамоваў вугорскіх і мальтыйскіх дыспэтчараў, якія вялі перамовы з экіпажам лібійскага самалёта.

Нагадаем, што ў суботу Рада бясьпекі ААН увяла эмбарга на пастаўкі зброі ў Лібію. Што чакае краіну, якая парушае эмбарга ААН? Гаворыць экспэрт Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельяноў.

Д. Мельянцоў: Гісторыя пакараньня тых краін, якія парушаюць эмбарга, гуляе не на карысьць міжнароднага права. Рэальных рычагоў уплыву, акрамя эканамічных, у ААН, натуральна, няма. А ўзброеныя сілы ці “блактныя каскі” ніхто ўводзіць у Беларусь ня будзе. Хутчэй за ўсё будзе выказаны пратэст супраць парушэньня Беларусьсю эмбарга. Могуць быць і эканамічныя наступствы ўскоснага кшталту, такія як замарозка актываў, як непрадастаўленьне міжнароднай дапамогі й г.д. Але Беларусь тут і так атрымала па поўнай, таму баяцца гэтага ўлады ня будуць. Усё гэта, канечне, не дадае плюсаў міжнароднаму іміджу Беларусі, але гэта й ня выкліча фатальных наступстваў для Беларусі, як увод войска ці поўную эканамічную блякаду.

Сёньня нямецкае выданьне "Frankfurter Allgemeine Zeitung" паведаміла, што цягам апошніх некалькіх тыдняў Беларусь пераправіла ў Лібію да 40 тонаў зброі ўзамен за дыямэнты. Сярод краін, дзе сям’я Кадафі можа шукаць прытулку пасьля ўцёкаў зь Лібіі, "Frankfurter Allgemeine Zeitung" называе й Беларусь.

Дарэчы, сёньня стала вядома, што Рада бясьпекі ААН можа заняцца магчымымі пастаўкамі Беларусьсю зброі ў іншую афрыканскую краіну - Кот-д’Івуар. Гаворка ідзе пра тры верталёты. Калі гэтая інфармацыя пацьвердзіцца, то яна можа мець сур’ёзныя наступствы для Менску, паколькі ААН увяла эмбарга на пастаўкі зброі ў Кот-д’Івуар.

дг