• Рэдакцыйная дыскусія
  • 02.03.2011

Ліст з абмеркаваньнем пытаньня парытэтаў у палітыцы прыслаў нам слухач з Барысава Эдуард Дзенісюк.  Прадстаўлю вашай увазе, дарагія слухачы, гэты допіс, у якім ёсьць вельмі ўзважаныя разважаньні.

“Як вынікае з паведамленьняў Польскага Радыё, у Польшчы ў цяперашні час ідзе дыскусія пра неабходнасьць увядзеньня квотаў для большага прадстаўніцтва жанчын у палітыцы і ў органах палітычнай улады краіны. Падобныя абмеркаваньні ўзьнікалі таксама і ў іншых краінах, а ў некаторых, напрыклад, у Швэцыі, практыка квотаў ужо існуе. Як ставіцца да гэтай ідэі, і ці сапраўды гэтыя квоты патрэбныя для грамадзтва?

Каб сур’ёзна адказаць на гэтае пытаньне, неабходна дэталёва прааналізаваць многія моманты: гэта й сэнс улады, і сацыялёгія, і псыхалёгія людзей, ды іншае. Атрыманы ў выніку адказ ня будзе ні адназначны, ні просты. Ды абавязкова застануцца нязгодныя. Мабыць, у іх ліку буду й я.

У пытаньні квотаў мая цяперашняя пазыцыя наступная: яны не патрэбныя. І вось чаму:

Па-першае, звычайныя квоты прызначаюцца, каб падтрымаць меншую ці слабейшую частку якой-небудзь групы. Напрыклад, інвалідаў ці нешматлікую нацыянальную меншасьць(яскравы прыклад: у Іране пражывае толькі каля 1 тыс. габрэяў на 70 млн. жыхароў, але згодна з Канстытуцыяй, у парлямэнце ёсьць заўсёды адзін іх прадстаўнік). Жанчыны складаюць прыкладна 51-52% жыхароў амаль у кожнай краіне, гэта значыць – большасьць, а большасьць ня мае патрэбы ў падтрымцы. Пры больш актыўнай палітычнай працы з выбарнікамі, арытмэтычна, у палітыцы будзе не 50%, а нават большая колькасьць жанчын. Але – пры іх рэальна актыўнай пазыцыі.

Па-другое, правы заўжды зьвязаныя з абавязкамі й адказнасьцю. Месцы ў палітыцы, атрыманыя ў выніку барацьбы, будуць мець большую вартасьць, чым месцы, атрыманыя без аніякіх намаганьняў. Асобы, якія іх атрымаюць, будуць баяцца іх згубіць, а гэта значыць – яны будуць больш адказна адносіцца да выкананьня сваіх абавязкаў.

Па-трэцяе, ідэю наданьня квотаў прапануюць не адны толькі жанчыны з фэміністычных груповак. Думаю, што таксама яе прасоўваюць некаторыя дзейныя палітыкі (як жанчыны, так і мужчыны), якія хочуць такім чынам атрымаць больш галасоў выбарнікаў-жанчын, і, значыць, павялічыць свае шанцы ў атрыманьні ў будучыні палітычных пастоў для сябе асабіста. Як гэта часта бывае, пасьля атрыманьня пажаданага месца, яны лёгка забываюць абяцанае.

І чацьвёртае, галоўнае. Сучасная сыстэма дэмакратыі – гэта прадстаўнічая дэмакратыя. Людзі выбіраюць сабе прадстаўнікоў, каб тыя арганізоўвалі жыцьцё грамадзтва, прымаючы законы й кіруючы краінай. Падобная сыстэма цяпер існуе ў 99% дэмакратычных краін. Для лепшай арганізацыі жыцьця, на маю думку, больш прыдатнай была б сыстэма гэтак званай прамой дэмакратыі: калі ўсе асноўныя пытаньні вырашаюцца ўсім грамадзтвам асабіста (а ня толькі яго прадстаўнікамі). Падобная да гэтай форма ўлады існавала ў старажытнай Грэцыі, у сярэднявечным Ноўгарадзе, а цяпер ёсьць у сучаснай Швайцарыі. Была інфармацыя, што падобная сыстэма была б уведзеная і ў Японіі, калі ў кожнай кватэры былі б пастаўленыя спэцыяльныя апараты, такія малыя кампутары, каб кожны чалавек мог бы прагаласаваць.

Пры прамой дэмакратыі аўтаматычнай вырашаецца пытаньне роўнасьці выбарнікаў. І, калі мы пачалі гаварыць пра пытаньне роўнага прадстаўніцтва жанчын, пры такой сыстэме гэтае пытаньне вырашаецца ідэальна.

На заканчэньне я хацеў бы яшчэ дадаць наступнае: нішто не стаіць на месцы. Жыцьцё й грамадзтва працягваюць разьвівацца, кожны дзень зьяўляецца інфармацыя, многае мяняецца й пераглядаецца. І, хто ведае, магчыма, што й я праз пэўны час зьмяню свой пункт гледжаньня. І гэта ня будзе адступленьне ад маёй сёньняшняй пазыцыі, але наступная ступень у лепшым разуменьні такога няпростага пытаньня.”

Я з вамі цалкам згодная, спадар Эдуард, што найлепшай формай дэмакратыі быў яе прамы варыянт, калі галасуюць усе жыхары. Тады й прынцып роўнасьці быў бы ідэальна выкананы, і ня трэба было б выдатковаць вялікія сумы на “народных прадстаўнікоў”. Але, зразумела, гэта пакуль што, у сучасным сьвеце, маларэальна. Нават у такіх разьвітых краінах, як Швайцарыя, ня ўсе пытаньні вырашаюцца праз рэфэрэндум. Таму, каб забясьпечыць роўнае прадстаўніцтва жанчын і мужчын у парлямэнце, няма іншага выйсьця, як увядзеньне парытэтаў. Хаця, трэба прызнацца, у мяне таксама гэта выклікае шмат сумненьняў і засьцярогаў, але практыка паказвае, што ў многіх краінах, дзе былі ўведзены парытэты,  гэты крок сябе апраўдаў.    
 
нг